https://www.traditionrolex.com/8
<p>Гэтай вясной у аматараў паэта Рыгора Барадуліна з’явілася магчымасць пазнаёміцца з новай іпастассю яго творчасці. Свет пабачыла чарговая кніжка аўтара «Вяровіца», якая прадстаўляе сабой незвычайны сімбіёз некалькіх відаў мастацва.</p>

Ганна БАДЗЯКА

Гэтай вясной у аматараў паэта Рыгора Барадуліна з’явілася магчымасць пазнаёміцца з новай іпастассю яго творчасці. Свет пабачыла чарговая кніжка аўтара «Вяровіца», якая прадстаўляе сабой незвычайны сімбіёз некалькіх відаў мастацва.

vyar

У зборніку прыводзяцца ўрыўкі з псалмоў, побач з якімі размешчаныя паэтычныя рэфлексіі Барадуліна. Выданне змяшчае таксама здымкі Джона Кунстадтэра, зробленыя ў беларускіх храмах, на рэлігійных святах. Перавага не аддаецца ніводнай з канфесій – тут і пратэстанты, і каталікі, і праваслаўныя. У камплекце з кніжкай выйшаў кампакт-дыск – Алесь Камоцкі паклаў на музыку і праспяваў барадулінскія тэксты. «Атрымалася рознабаковая, стракатая штука, – распавядае Алесь Камоцкі. – Гэта не першая наша супольная работа. У нас ужо сфарміравалася своеасаблівая творчая «троіца». Да «Вяровіцы» была кніжка афарызмаў «Навошта» з вершасказамі Барадуліна і фотаздымкамі Джона. Гэтай задуме больш за 12 гадоў, а тэксты Барадулін напісаў наогул 15 гадоў таму».

Кнігу і дыск можна набыць у кніжным салоне на вул. Калініна. Дарэчы, 14 красавіка адбудзецца прэзентацыя з нагоды паступлення выдання ў краму.

Калі сутворчасць беларускага паэта Рыгора Барадуліна і тутэйшага ж музыкі Алеся Камоцкага не здзіўляе, то ўдзел у праекце грамадзяніна ЗША, былога дыпламата Джона Кунстадтэра можа здацца незвычайным.

Пра сваё захапленне беларускай культурай Джон распавёў нашай газеце:

– Я працаваў дыпламатам у Мінску да 2001 года, а з 2006-га прыязджаю ў Беларусь 8-10 разоў на год здымаць касцёльныя, царкоўныя ды народныя абрады – не інсцэнаванні, а натуральныя: такія, напрыклад, як Куцця перад Раством. У Беларусі дзяды і бабулечкі трывала перадаюць свае традыціі, прычым не толькі рэлігійныя, дзецям і ўнукам; для мяне гэтыя святы – пазачасовы момант.

Магчымасць пазнаёміцца з беларускай культурай у мяне была яшчэ ў Амерыцы. Я вырас у Чыкага, дзе ёсць таксама і беларуская дыяспара. Я лічу, што паміж амерыканцамі і беларусамі існуе духоўная сувязь: без сына вашай зямлі Тадэвуша Касцюшкі, можа, не было б і амерыканскай дзяржаўнасці. Я ўзрушаны такімі рысамі беларусаў як сціпласць і руплівасць і хачу выказаць сваю пашану да людзей, якія «ціха і ветла» працуюць для сябе і Радзімы.

У Беларусі я аб’ездзіў Віцебшчыну і Палессе, асабліва раён цэнтральнай Прыпяці. Таксама быў на Гродзеншчыне, Гомельшчыне, Міншчыне.

– У якіх краінах Усходняй Еўропы вы пабывалі? Чаму абралі асноўным месцам вандровак менавіта Беларусь?

– У савецкія часы, недзе 30-35 гадоў таму, я наведваў Расію, Украіну, Польшчу. Таксама я добра ведаю чэшскія землі, вывучаў чэшскую літаратуру і гісторыю. Але беларусы адметныя. Каб выказваць свае пачуцці, мяне цяжка знайсці словы і на англійскай мове – я аддаю перавагу фотаздымкам. З іх дапамогай я імкнуся перадаць годнасць звычайных людзей.

– Джон, вы добра ведаеце беларускую мову. Як з’явілася ідэя яе вывучыць?

– Дзякуй за камплімент, але мой узровень валодання мовай далёкі ад ідэалу. Калі я служыў ў Мінску, я меў выдатную настаўніцу з ТБМ. Гэта была вельмі годная жанччына, яна вучыла мяне вельмі гуманна, з вялікай цярплівасцю. Увогуле беларуская мова для мяне – штосьці асаблівае, блізкае і дарагое.

https://www.traditionrolex.com/8