Сёлета, 25 красавіка, экскурсаводу, старшыні грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў» Мікалаю Чырскаму спаўняецца 60 год. За сваю экскурсійную дзейнасць спадар Чырскі правёў сотні экскурсій, выдаў шэраг даведнікаў па экскурсійных маршрутах і кніг, прысвечаных актуальным пытанням турызму. У інтэрв’ю карэспандэнту «ТиО» экскурсавод распавёў, хто былі яго першыя настаўнікі, дзе ён упершыню вучыў экскурсію па Хатыні, як рыхтавалі экскурсаводаў у савецкія часы і што цяпер адбываецца ў экскурсійнай справе.
Мікалай ЧЫРСКІ
– Мікалай Арсенцьевіч, як вы прыйшлі ў турызм?
– Гэта адбылося ў 1971 годзе, калі я прыйшоў у Мінскае бюро падарожжаў, якое тады знаходзілася на вуліцы Бабруйскай, 23. Там я працаваў групаводам – адказваў за сустрэчу групы, размяшчэнне яе ў атэлі, арганізацыю харчавання і экскурсій. Працуючы ў бюро, я пазнаёміўся з многімі экскурсаводамі. У тым ліку – з Ліліяй Мікалаеўнай Самалазавай, якая працавала пазаштатным экскурсаводам. Менавіта яна запрасіла мяне на працу ў музей Янкі Купалы, куды я прыйшоў напярэдадні святкавання 90-годдзя з дня нараджэння паэта. Лілія Мікалаеўна стала маім першым настаўнікам у музеі, даўшы першыя азы экскурсійнай працы. Праводзіць экскурсіі па горадзе і асвойваць іншыя маршруты па Беларусі мне дапамагала экскурсавод Таццяна Якаўлеўна Лаўрэнкова. Памятаю, калі ў 70-я гады найбольш “хлебнымі” былі экскурсіі ў Хатынь і на Курган Славы, Таццяна Якаўлеўна, філолаг па адукацыі, правіла амаль кожны вымаўлены мною сказ, патрабавала, каб я размаўляў на літаратурнай рускай мове. Але як я мог чыста гаварыць па-руску, скончыўшы вясковую беларускую школу? Я прыязджаў да яе ў Чыжоўку. Яна запарвала гарбату, а я за яе кухонным сталом пісаў для сябе тэкст гарадской экскурсіі. Таццяна Якаўлеўна правярала, выкрэслівала памылкі, пасля чаго я завучваў тэкст на памяць. У 1973 годзе я зноў вярнуўся ў Мінскае бюро падарожжаў, толькі ўжо ў якасці штатнага экскурсавода. Замест адпачынку мяне адправілі ў Крым, дзе я павінен быў сустракаць беларускіх турыстаў у Алушце і Ялце. Некалькі месяцаў займаўся арганізацыйнай справай. Аднойчы на адпачынак прыехала Таццяна Якаўлеўна і прывезла з сабою тэкст экскурсіі «Ад Мінска да Хатыні». Лежачы на ялцінскім пляжы, я вучыў экскурсію па Хатыні. Дзякуючы гэтай жанчыне я прыйшоў у экскурсійную справу і да сёння працую экскурсаводам.
– Якой была ваша першая экскурсія?
– Яна праходзіла па музеі Янкі Купалы. Мне далі амаль два тыдні на тое, каб вывучыць тэкст па экспазіцыі музея. Штодзень я сядзеў у музейных залах, паглыбляючыся ў біяграфію паэта. Больш за тое, трэба было вывучыць яго акружэнне – ведаць, кім былі Брусаў, Ядвігін Ш. і іншыя. Памятаю, што першую экскурсію я праводзіў турыстам з Падмаскоўя. Размаўляў з імі па-беларуску, і яны мяне цудоўна разумелі.
– За 40 гадоў працы экскурсаводам у вас, відавочна, склаліся любімыя маршруты?
– Безумоўна. Мабыць, мае самыя любімыя экскурсіі – па літаратурных мясцінах Купалы і Коласа. Гэта Стаўбцоўскі край, Акінчыцы, Альбуць, Мікалаеўшчына, Смольня, Ласток, Прыстанька, дзе праходзіў з’езд настаўнікаў. На гэтай зямлі нельга не нарадзіцца паэтам.
Экскурсія моцна падабаецца дзецям. Вучнёўства і студэнцтва – гэта асноўныя нашы экскурсанты. Мне таксама падабаецца экскурсія «Купалавым гасцінцам», якую я напісаў у 90-х гадах. Тады ў экскурсійным бюро ўсё развальвалася. Многія мясціны, напрыклад Акопы, было забаронена наведваць. Аднак я мэтанакіравана распрацоўваў гэты літаратурны маршрут. У 1996 годзе выйшаў мой даведнік «Купалавым гасцінцам». Маршрут ідзе па Даўгінаўскім тракце, праз Карпілаўку – сядзібу Ядвігіна Ш., Акопы – творчую калыску Купалы, Харужанцы, дзе сёння працуе філіял Літаратурнага музея Купалы. Апошнім часам яе замаўляюць не часта, аднак яна вельмі пазнавальная.
Яшчэ я люблю ўзгадваць круіз па Волзе, які адбыўся ў 1991 годзе, прымеркаваны да 100-годдзя з Дня нараджэння Максіма Багдановіча. Мы наведалі мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю паэта і ля памятных шыльд усклалі валошкі.
– Ці ёсць сёння інтарэс да літаратурных экскурсій?
– У школьніцтва цікавасць ёсць. Праўда, не буду лукавіць, у аддзеле адукацыі ёсць прадпісанні, згодна з якімі 5–6-я класы вымушаны ездзіць на экскурсію «Купалавым гасцінцам». Хаця гэта няправільна, бо яна разлічана на больш сталую і сур’ёзную аўдыторыю. Але наша краіна, на жаль, прытрымліваецца планавай гаспадаркі. Важна, каб адукаваныя людзі больш наведвалі мясціны, звязаныя з Купалам, Коласам, Багдановічам, Гарэцкім, Мележам, Шамякіным і другімі нашымі класікамі.
– На літаратурных маршрутах экскурсаводу даводзіцца з большага разлічваць на аратарскае майстэрства. У нас амаль нічога не захавалася...
– Сапраўды. Аўтэнтычных сядзіб амаль што няма – іх ці то адбудавалі наноў, ці то абмежаваліся памятнымі шыльдамі. Даводзіцца па дарозе расказваць пра літаратараў, якія праязджалі па тутэйшых дарогах, прысвячалі вершы нашай зямлі. Мы цытуем гэтыя творы. Цяжкасць працы беларускіх экскурсаводаў у тым, што нам трэба расказаць пра ўсе падзеі, якія адбываліся ў мясцовасці, апісаць будынак, якога цяпер няма. Трэба ведаць шырокі аспект падзей, якія адбываліся на Беларусі. А гісторыя наша вельмі складаная, часам неадназначная: палякі трактуюць яе на свой лад, расіяне – на свой, літоўцы – на свой. А мы складаем гутарку з пункту гледжання нашай гісторыі. Таму даводзіцца расказваць людзям, што гэта частка гісторыі праходзіла на нашай зямлі менавіта так, а не інакш.
– Якая рэакцыя ў экскурсантаў на развянчанне міфаў?
– Людзі паводзяць сябе па-рознаму. Памятаю, гэта было на пачатку перабудовы, калі я расказваў пра тысячагадовую гісторыю Беларусі, у якой Мінск – гэта чацвёртая сталіца, а першай быў Полацк, потым Навагрудак і Вільня. Расказваў пра часы, калі была абвешчана БНР. Тады адзін з вельмі вялікіх чыноўнікаў Мінскага гарвыканкама абурыўся, што я кажу глупствы. На што другі высокі чыноўнік міралюбіва адказаў: «Супакойся, цяпер так гавораць». Я сустракаў многіх экскурсантаў і высокіх гасцей, якія не ўспрымалі нашай гісторыі, таму што яны былі выхаваны на гісторыі КПСС і на догмах кіруючай і напраўляючай партыі. Аднак паціху мы зрабілі так, што людзі даведаліся, што было Полацкае і Тураўскае княствы, амаль што самая буйная дзяржава ў Еўропе – ВКЛ, дзе дзяржаўнай мовай была старабеларуская. Таму цяпер ніводны чыноўнік не скажа тое, што ён мог сказаць на пачатку 90-х.
– Чым адрозніваецца савецкая і сучасная школа экскурсаводаў? Якія цяпер патрабаванні да прадстаўнікоў гэтай прафесіі?
– У нас была выпрацавана беларуская школа экскурсаводаў. Праўда, яна базавалася на практыцы піцерскай школы, таму што мы былі бліжэй да яе, чым да маскоўскай. У апошняй было больш ідэалагічных экскурсій-выхаванняў, пецярбургскія экскурсаводы паказвалі экскурсійныя аб’екты і расказвалі пра іх. Тое ж рабілі і мы. У 70–80-я гады пераважна была запатрабавана ваенная тэматыка – мемарыяльны комплекс Хатынь, Курган Славы. Папулярнымі былі экскурсіі па гарадах і мястэчках – Мір, Нясвіж, Навагрудак, на якіх мы расказвалі пра нашу спрадвечную гісторыю. Што датычыцца падрыхтоўкі маладога экскурсавода ў савецкія часы, то існавалі адмысловыя курсы, дзе навучанне адбывалася цягам дзевяці месяцаў. Малады экскурсавод не мог зайсці ў аўтобус, пакуль не напіша індывідуальны тэкст і не абароніць яго перад настаўнікам, які замацоўваўся за кожным слухачом на курсах.
Цяпер амаль у кожнай навучальнай установе ёсць курсы па падрыхтоўцы экскурсаводаў. Але, бываючы на атэстацыі іх слухачоў, скажу наступнае: падрыхтоўка іх вельмі слабая. Больш за тое, яны самі не напісалі ніводнага радка, а на атэстацыю прыносяць тэксты з Нацыянальнага агенцтва, напісаныя высокакваліфікаванымі экскурсаводамі блізкай ім мовай. На мой погляд, трэба цалкам змяніць падыход да атэстацыі маладых экскурсаводаў. Асабліва цяпер, калі людзі аддаюць немалыя грошы за экскурсійнае суправаджэнне. Цяпер ніхто не слухае экскурсавода на маршруце – мы атэстоўваем яго, седзячы за сталом. У былыя часы на кожнага слухача курсаў складалася картка праслухоўвання экскурсіі на маршруце, і толькі пасля гэтага дазвалялі выступаць перад сапраўднай аўдыторыяй.
Я пісаў у Міністэрства спорту і турызму звароты, дзе выказваў меркаванні свае і спецыялістаў Асацыяцыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў аб тым, што трэба змяніць сістэму падрыхтоўкі і атэстацыі экскурсаводаў. Экскурсія – гэта тэатр аднаго акцёра. Непадрыхтаваны экскурсавод – гэта недапушчальна, таму што сёння мы адкрываем Беларусь для беларусаў. Больш за тое, пакуль мы самі не будзем ездзіць па знакамітых мясцінах Беларусі, да нас не паедзе замежны турыст. У першую чаргу, знакамітыя мясціны «Зямлі пад белымі крыламі» павінны быць раскручаны сярод жыхароў нашай Бацькаўшчыны.
– У ранейшыя часы прафесія экскурсавода была штатнай. Як цяпер вырашаюцца пытанні з працаўладкаваннем экскурсаводаў?
– На сёння штатных экскурсаводаў практычна няма. Гэта нехарактэрна для турыстычных кампаній, бо ім невыгадна трымаць у штаце экскурсавода, якому трэба плаціць зарплату, а праца ёсць не кожны дзень. Таму ў асноўным мы маем справу з пазаштатнымі экскурсаводамі, якія ў вольны ад асноўнай працы час праводзяць экскурсіі. У нашай краіне патрэбна стварыць Беларускі экскурсійна-метадычны цэнтр, які б распрацоўваў філасофію экскурсійнай справы на Беларусі, з рэгіянальнымі аддзяленнямі ў абласцях і ў некаторых «экскурсійных гарадах» – у Пінску, Полацку, Оршы, Баранавічах, Навагрудку, Слоніме. Увогуле, наш турыстычны рынак не сістэматызаваўся. У нас павінна быць размежаванне тураператараў і турагентаў. Кожны тураператар мусіць мець пералік экскурсійных паслуг і фіксаваныя кошты на іх, якія можа распаўсюджваць агент. А экскурсаводы павінны быць замацаваны за тураператарам, якія будуць тады зацікаўлены ў высокакваліфікаваных спецыялістах і ўкладаць сродкі ў развіццё экскурсійнай справы. На сёння ў яе ніхто не ўкладае. Турыстычныя арганізацыі лічаць, што гэта грамадская работа, чым, дарэчы, сёння і займаецца Асацыяцыя. Насамрэч гэта штодзённая дзяржаўная праца, мэта якой – выхаваць высокакваліфікаваных спецыялістаў.
– Асацыяцыя экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў падтрымлівае інтарэс да прафесіі?
– Безумоўна. Мы кожны месяц праводзім паседжанні экскурсаводаў, мерапрыемствы, звязаныя з той ці іншай тэмай экскурсіі альбо на агульныя тэмы. Сустракаемся з вучонымі, спецыялістамі ў розных галінах гаспадаркі, самі ездзім на экскурсіі. Але гэта ўсё адбываецца на грамадскіх пачатках, а павінна быць штодзённай працай Беларускага экскурсійна-метадычнага цэнтру. Там павінны працаваць спецыялісты-метадысты, якія слухалі б экскурсаводаў. Экскурсія – гэта адзіны ўласны прадукт турысцкай арганізацыі. Усё астатняе можна заказаць – аўтобус, харчаванне, атэлі. І калі гэты прадукт будзе, да нас паедуць турысты. Увогуле, мы павінны быць не ў сістэме спорту і турызму, а ў сістэме культуры, таму што мы эксплуатуем помнікі культуры, а не спартыўныя збудаванні. У многіх краінах свету турызм знаходзіцца ў сістэме Міністэрства культуры: у Японіі, Карэі, Турцыі, у краінах Еўропы. У нас у савецкія часы турызм прывязалі да спорту, і ў гэтай звязцы ён знаходзіцца і сёння. Хаця гэта вялікая памылка. Упэўнены, што ў сістэме культуры турызм даўно б сфарміраваўся. Праблем жа ў турызме шмат...
– Адна з іх – падрыхтоўка беларускамоўных экскурсаводаў. Ці проста сёння знайсці гіда, які б валодаў беларускай мовай?
– Гэта праблема, якая існуе даўно. Яна мела месца і ў савецкія часы, калі было вельмі мала беларускамоўных экскурсаводаў. Зусім нядаўна да нас прыехалі беларусы з Беласточчыны і патрабавалі правесці экскурсію па-беларуску. Спецыяліста знайсці не змаглі. Толькі ў Пінску знайшлася Таццяна Хвагіна, здольная правесці экскурсію па горадзе па-беларуску. У Мінску з беларускай мовай прасцей. Ёй валодаюць як маладыя, так і сталыя экскурсаводы. З большага мы не рыхтуем спецыялістаў, якія б маглі правесці экскурсію на беларускай мове, не кажучы пра замежныя мовы.
– Вы шмат гадоў праводзіце экскурсіі па Мінску. З чым даводзіцца сустракацца ў штодзённай практыцы?
– Перадусім хацелася б адзначыць актыўнасць маладых экскурсаводаў. Сярод моладзі ёсць прафесіяналы, якім можна спакойна перадаваць справы. Адзін з самых удалых праектаў, які сёлета будзе праводзіцца ўжо трэці раз, – «Фэст экскурсаводаў». Моладзь цалкам распрацавала праграму падзеі, сама ўсё арганізуе. Сэнс у тым, каб у Сусветны дзень гістарычных помнікаў зямлі бясплатна праводзіць экскурсіі па Мінску і па ўсёй Беларусі. У Фэсце ўдзельнічаюць і маладыя, і сталыя экскурсаводы, і можна рэалізаваць цікавыя праекты – напрыклад, аўдыёмаршруты ў аўтобусах №1 і №100.
Аднак мне хацелася б спыніцца на праблемах, якія існуюць у нашым горадзе. Я часта прашу нашых экскурсаводаў, каб экскурсія заканчвалася не каля Нацыянальнай бібліятэкі, а ва Ўруччы, у парку камянёў. Там існуе многа праблем – адсутнічаюць прыбіральні, пляцоўкі, няма дзе пакінуць аўтобус. Але месца вартае таго, каб звярнуць на яго ўвагу. Разам з Тамарай Федарцовай мы стварылі экскурсію па музею валуноў на цэлую гадзіну. У мяне ёсць папка з перапіскай з органамі дзяржаўнай улады, пачынаючы з Адміністрацыі Прэзідэнта і сканчваючы Адміністрацыяй Першамайскага раёна, аб добраўпарадкаванні парка, аб тым, каб тэрыторыі быў афіцыйна нададзены статус музея. Але, на жаль, да сёння гэта праблема не вырашаецца.
Трэба чысціць раку Менку, якая паціху знікае, пабудаваць мост, каб можна было прайсці на замчышча, дзе быў заснаваны Мінск. У мяне захоўваецца цэлы стос перапіскі з Лагойскім райвыканкамам і Мінскім аблвыканкамам на тэму Карпілаўкі – былога маёнтка Ядвігіна Ш. Гэтыя цудоўныя мясціны ўваходзяць у маршрут экскурсіі «Купалавым гасцінцам». Мясцовы жыхар сцягнуў камень, якім некалі цешыліся Максім Багдановіч, Янка Купала, Язэп Лёсік, Змітрок Бядуля і гаспадар Карпілаўкі Ядвігін Ш. Гэты камень гістарычны. Магчыма, месціч не ведаў, што забірае экскурсійны аб’ект. Мінскі аблвыканкам паабяцаў, што сёлета прымусіць вярнуць камень на гістарычнае месца.
Праблем у экскурсійнай справе многа. На апошняй калегіі МСіТ я прапанаваў правесці калегію, прысвечаную праблемам экскурсійнай справы. Мяне пачулі і паабяцалі, што ў красавіку такая калегія абавязкова адбудзецца.
Падсумоўваючы ўсё вышэй сказанае, мне хочацца, каб у экскурсійную справу і ўвогуле ў турызм прыходзілі маладыя, адукаваныя і апантаныя людзі. Каб яны сваёй працай наблізілі той час, калі Беларусь стане адкрытай краінай і да нас паедуць турысты.
Гутарыла Яна ШЫДЛОЎСКАЯ