Раман АБРАМЧУК, «бадзяга 2-й катэгорыі»
Фота Ганны МІХАЛЬЧУК і Зміцера ЗАНЕЎСКАГА
Цуды бываюць! А як жа іначай патлумачыць сітуацыю, калі захацеў убачыць разліў Прыпяці на Палессі, прапанаваў сябруку – і вось ужо праз пару дзён цэлая кампанія, не пашкадаваўшы грошаў на паліва, імчыць на маленькім жукападобным аўтамабільчыку ў паўднёвым кірунку!
Галоўным пунктам падарожжа па парадзе аўтахтонных палешукоў быў абраны мост па дарозе з Жыткавічаў на Тураў. Менавіта там, паводле іх слоў, найлепей відаць вясновую павадку. Але першым пунктам вандроўкі стаў Салігорск.
Часам спадчына ВКЛ, аўтэнтычны фольк і летапісныя Рагвалод з Рагнедай робяць той жа эфект, што і 65-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: смяротна надакучваюць, пераўтвараюцца ў сухія ідэалагемы, ад якіх хочацца бегчы кудысьці далей, глыбей, шукаючы чагось новага. Вось Салігорск і стаў такім адхланнем для душы тых, хто ўжо надта даўно захапляецца гістарычнай мінуўшчынай бацькаўшчыны, а значыць, у нейкім сэнсе надта доўга глядзіць назад. Прыспеў час зазірнуць у будучыню! І Салігорск быў абраны не памылкова.
Уявіце сабе: у горадзе не проста руйнавалі старое, каб пабудаваць новае. У ім проста не было старога ніколі. Не было драўляных хат, прыватнага сектара, старых вулачак, гістарычных забудоў, старых цэркваў, касцёлаў, могілак – не было нічога, што можна было б зруйнаваць, каб пабудаваць савецкія функцыянальныя, чыстыя, шырокія, светлыя… Алег Алекса, краязнавец, які ўзяўся нас суправаджаць, распавёў, што, «паводле «кананічнага тэксту» аб заснаванні Салігорска, «у 1958 годзе адбыўся мітынг працоўных, дзе было ўрачыста вырашана на месцы прамысловага пасёлку Новастаробінск пабудаваць новы горад». Алег распавёў, што на будаўніцтва з’язджаліся з ўсяго Саюзу, і таму калі ён пачаў збіраць фальклор сярод жыхароў Салігорска, то быў уражаны шырынёй геаграфіі сваіх запісаў…
Вуліцы Салігорска – пераважна прамыя і роўныя, большасць – гэта шырокія праспекты. Міра, Леніна, Шахцёраў… Гарадскія краявіды ўражваюць сваёй футурыстычнасцю. З-за адсутнасці старой архітэктуры ў горадзе горадабудаўнікам прыходзілася выдумляць Салігорск з нуля, эксперыментаваць з новымі архітэктурнымі формамі і колерамі. Таму, нягледзячы на пэўнае падабенства Салігорска з нашай Малінаўкай, Сухаравым і Уруччам, нельга ставіць іх у адзін шэраг. У Салігорску ўсё-такі паболей разнастайнасці і мастацкасці: напрыклад, сцяну аднаго са звычайных блочных дамоў упрыгожвае гіганцкая мазаіка з мноствам сімвалічных вобразаў. Зроблена яна мастаком Крываблоцкім у пачатку 1990-х. Але самы «цымус» футурыстычнага Салігорска – парк стыхій, адкрыты ў 2008 г. на 50-годдзе Салігорска. Галоўная ідэя праекту – прадставіць у паркавым асяроддзі пяць прыродных стыхій. Металічныя рабрыны паветранага аргану, гіпертрафіраваны флюгер у выглядзе прапелера, круглыя люстэркі розных памераў, падобныя да прымачоў сігналаў з космасу, – усё гэта ў спалучэнні з гарадскім асяроддзем пагружае вас у дзівосны свет твораў Станіслава Лема і Айзека Азімава. Нават бюст Леніна на цэнтральнай плошчы прэтэндуе на мадэрновасць нечаканым разваротам магутных плячэй. Далібог, не здівіўся б, калі б дворыкі гэтых выключна новых 5-, 8-, 9-павярховых дамоў былі б застаўлены касмалётамі, а не звыклымі легкавушкамі…
У Салігорску цяжка трываць сонцапёк: старых дрэваў проста няма. Але горад пабудаваны на месцы сасновых бароў. Там-сям на вуліцах і дварах замест звыклых ліп і каштанаў можна ўбачыць групкі шыкоўных соснаў, ад чаго патыхае своеасаблівай рамантыкай курортных гарадоў. Увогуле, з-за адсутнасці дрэў на гарадскіх вуліцах тут выразна адчуваецца кантраст паміж цывілізацыяй і прыродай: вось тоны пліткі, асфальту і бетону, а праз дарогу – быццам жывы – дыхае парк альбо сквер з яго гаючай прахалодай і ценем.
Апошні пункт нашай экскурсіі – помнік шахцёру на адной з цэнтральных плошчаў, які ўражвае сваёй маскуліннасцю. Дзяўчына з нашай кампаніі робіць каля дзесяці кадраў з розных ракурсаў гэтай сапраўды мужчынскай постаці, і я цалкам яе разумею. Наш трохгадзінны шпацыр сканчаецца (роўна столькі нам спатрэбілася, каб з дапамогай мясцовага краязнаўцы абысці знакавыя мясціны гораду). Мы адпраўляемся далей на поўдзень.
Пралятаем Жыткавічы. Уражваюць недагледжаныя тратуары (іх проста няма!), па якіх блукаюць спужаныя курыцы. Палессе… Калі нарэшце Бог пашле нам свайго Кустурыцу з Брэгавічам, каб яны апелі гэты край з яго дзівосамі?
Ужо на пікніковым прыпынку ў лесе адчуваем набліжэнне да сваёй мэты – пабачыць палескія разлівы: лес цалкам затоплены, вада ўтварае дакладную люстраную копію ляснога пейзажу. Гэтая мясціна затрымлівае наш далейшы шлях: фатограф з нашай кампаніі пачынае паляваць за шэдэўрамі фотамастацтва.
Надвячоркам прыблукалі да таго самага мосту па дарозе з Жыткавічаў на Тураў. Сапраўды, мост цягнецца на добрую пару-тройку кіламетраў, ён разлічаны акурат на гэтую вясновую павадку. Прыпяць залівае мясцовасць цалкам, пакідаючы бачнымі толькі кроны дрэваў, там-сям – верхаліны кустоўя і пагоркаў. Палескае мора… Але болей здзіўляюць не масштабы залітых вадой тэрыторый, а тое, што неба і зямля за кошт люстранога эфекту на час ператвараюцца ў адно цэлае. А калі глянуць бліжэй, то відаць і тое, што засталося ў падводным царстве. Дзіўна выглядае лугавая дарога, што бяжыць пад вадой, а затым раптоўна губляецца ў той жа вадзе, але ўжо на глыбіні – на тым месцы, дзе знаходзіцца рэчышча самой Прыпяці…
І вось, нарэшце, Тураў. Мы ведалі, што кантраст будзе адчувальным. Ад салігорскіх касмалётаў і тонаў асфальту нічога не засталося. Толькі зямля, дрэва і вада. На ўездзе сустракаюць падтопленыя могілкі з драўлянай царковой, а затым цягнецца вуліца пачарнелых ад часу драўляных хат. Цягнецца да плошчы яўна невыразных геаметрычных памераў – гэтаксама як і ўсё на старажытным Палессі. Бо тут можна толькі падладзіцца пад прыроду, але нельга яе ўпарадкаваць, цывілізаваць. Гэтая палеская «непрычасанасць» праглядаецца ў грубых для тонкаскурага мінчука аўтобусных гамонках (слоў доўга не падбіраюць!), у адсутнасці тратуараў на вуліцах, у напаўразваленых хацінах з забітымі вокнамі, што застаюцца яшчэ доўга стаяць побач з новымі камяніцамі…
А вось і тураўскае гарадзішча: не менш як тысячу гадоў таму тут квітнеў адзін з цэнтраў старажытнарускай культуры. Голая зямля, да якой падступае вада з усіх бакоў, уражвае не менш, чым крэатывы і рэактывы Салігорска. Тураўскія краявіды – сціплыя. Яны ўлагоджваюць і сцішаюць, надаюць ўпэўненасці, бо ўсё засталося такім жа, як і тысячу гадоў таму…
Тысячу гадоў таму тут прапаведаваў епіскап Кірыл. Помнік яму размешчаны каля царквы XII ст., руіны якой сёння схаваны пад вялікім кансервацыйным павільёнам. На нашых вачах пад дахам гэтага павільёна не можа утаймавацца вясновае птаства, для якога пачаўся час памнажэння. Тураў знакаміты гэтым: тут знаходзіцца сусветна вядомы Тураўскі луг, куды ўвесну злятаюцца гнездавацца сотні тысячаў птушак, у тым ліку рэдкіх відаў. «І нават лепшыя рэзерваты Велікабрытаніі», як сцвярджае інфармацыйны стэнд на плошчы, моцна саступаюць Тураўскаму лугу па колькасці птушак, што прылятаюць сюды. Міжволі ўяўляеш, што Кірыл Тураўскі слухаў гэтых жа птушак, а на беразе залітага вадой луга ляжалі тыя самыя даўгія драўляныя чаўны…
Што ж, гэта фінал, заключны акорд. Такіх птушыных спеваў увечары не пачуць болей нідзе. У гэтай водна-птушынай ідыліі зусім не трагічна выглядаюць старажытныя могілкі з тымі самымі, знакамітымі крыжамі, што растуць з зямлі. Сонца ціха апускаецца і пагружае ў вечаровы змрок гэты спрадвеку нецывілізаваны край...
…Дарога дамоў – ізноў праз Жыткавічы. На гэты раз праязджаем па цэнтральных вуліцах, і прыходзіцца ўзяць слова назад: у цэнтры гэты гарадок выглядае куды больш прыстойна. Наступае свежая зорная красавіцкая ноч. Цягне пісаць вершы.