Настасся ІВАШКЕВІЧ
Сёлета Дні культуры Швецыі ў Беларусі запланаваныя на май-чэрвень. Традыцыйна будуць прадстаўлены чатыры накірункі шведскай культуры – музыка, мастацтва, літаратура і кіно.
Культурны праект пачаўся з адкрыцця «Дударскага фэста» 13 мая. У яго межах з сольным канцэртам выступіў шведска-фінскі фольк-гурт Hedningarna, які выконвае сумесь электроннай і рок-музыкі з элементамі старадаўняй скандынаўскай народнай музыкі.
Пасля кароткага перапынку 17 мая ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адбылося адкрыццё выставы карыкатуры «Сам-насам з кліматам». Праект будзе адкрыты для наведвальнікаў да 11 чэрвеня.
1 чэрвеня ў 19 гадзін ў Палацы культуры ветэранаў адбудзецца прэзентацыя сумеснага беларуска-шведскага літаратурна-музычнага праекта «Чара». Мастацкі кіраўнік аркестра WZ-Orkiestra Зміцер Вайцюшкевіч напісаў музыку на нерыфмаваныя вершы вядомых шведскіх паэтаў Катарыны Фростэнсан, Крыстофера Леандуэра, Кенэта Клемэтса і Барбру Ліндгрэн у перакладзе на беларускую мову Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава і Дзмітрыя Плакса.
Наступнай падзеяй у Днях культуры Швецыі будуць шведска-беларускія чытанні, адкрыццё якіх адбудзецца 2 чэрвеня ў 18 гадзін ў актавай зале філалагічнага факультэта БДУ. 3 чэрвеня ўдзельнікі імпрэзы скіруюцца ў Пінск, дзе чытанні працягнуцца ў Палесскім драматычным тэатры. А заключная частка мерапрыемства пройдзе 4 чэрвеня ў Брэсце ў Абласным цэнтры юнацкай творчасці. Вядучым чытанняў абраны вядомы беларускі бард Віктар Шалкевіч.
3 чэрвеня са Стакгольма ў Мінск з канцэртам прыедзе камерны хор Святога Юханэса. Выступленне адбудзецца ў 19.00 у Малой зале Белдзяржфілармоніі. 4 чэрвеня камерны хор прыедзе ў Полацк, дзе выступіць разам з мінскім хорам Concordia у канцэртнай зале Сафійскага сабора ў 17.00.
Завершацца Дні культуры Швецыі Фестывалем шведскага кіно, які пройдзе з 7 па 10 чэрвеня. Паказ усіх фільмаў будзе адбывацца ў сталічным кінатэатры «Цэнтральны» ў 19.00.
«Дзякуючы Дням культуры Швецыі ствараюцца новыя праекты, наладжваюцца і працягваюцца музычныя і літаратурныя кантакты, перакладаюцца кнігі са шведскай мовы на беларускую і наадварот, – адзначае Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. – Я спадзяюся, што сёлета беларусы будуць добра прадстаўлены на вераснёўскім кніжным кірмашы ў Гётэбургу. Але галоўнае – паміж нашымі краінамі ўсталёўваюцца чалавечыя кантакты».