https://www.traditionrolex.com/8
<p>У развіцці турызму актыўны ўдзел заўсёды прымаюць гісторыкі. З іх лёгкай  рукі гістарычныя помнікі становяцца месцамі турыстычных паломніцтваў, а  легенды і культурныя традыцыі – часткай іміджу краіны. Чаму ў Беларусі  слаба развіваецца гарадскі турызм і ў чым турыстычны патэнцыял былых  беларускіх мястэчак, карэспандэнту «ТиО» распавёў доктар гістарычных  навук, прафесар, знаўца гарадской цывілізацыі Захар ШЫБЕКА.</p>

У развіцці турызму актыўны ўдзел заўсёды прымаюць гісторыкі. З іх лёгкай рукі гістарычныя помнікі становяцца месцамі турыстычных паломніцтваў, а легенды і культурныя традыцыі – часткай іміджу краіны. Чаму ў Беларусі слаба развіваецца гарадскі турызм і ў чым турыстычны патэнцыял былых беларускіх мястэчак, карэспандэнту «ТиО» распавёў доктар гістарычных навук, прафесар, знаўца гарадской цывілізацыі Захар ШЫБЕКА.

zahar1

– У Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця аграэкатурызму. Між тым гарадскі турызм застаецца па-за ўвагай. Чаму?

– Перадусім трэба ўлічваць ступень захаванасці культурнай спадчыны беларускіх гарадоў, якая значна саступае гарадам еўрапейскім. Так сталася, што нашы гарады будаваліся з дрэва. Таму старажытныя будынкі не захаваліся – за выключэннем асобных помнікаў: да прыкладу, Полацкай Сафіі, Каложскай царквы, замкаў і палацаў Наваградка, Ліды, Гродна, Міра. Наша архітэктурная спадчына пачынаецца пераважна з XVII стагоддзя. Няспынныя войны разбуралі гарадскую забудову, не шкадавала помнікі архітэктуры змена рэлігій і ўладаў. Беларусь губляла і сваю рухомую спадчыну – у выніку войнаў і шматлікіх акупацыяў музейныя рэчы, старадрукі, сямейныя архівы і бібліятэкі цяпер захоўваюцца ў Маскве, Піцеры, Варшаве, Кракаве, Берліне... Таму нашы музеі вельмі бедныя, а музейная справа ў гарадах развіваецца слаба. З другога боку, развіццю гарадскога турызму не спрыяе сялянская традыцыя нашага кіраўніцтва. Людзі не шануюць горад, ён для іх чужы. Яны не ведаюць гарадскіх каштоўнасцяў і не імкнуцца іх захаваць – таму гістарычныя будынкі руйнуюцца, а на іх месцы ўзводзяцца навадзелы. Усё ідзе ад няведання гісторыі горада.

– Менавіта таму ў Еўропе шмат сродкаў выдаткоўваецца на развіццё гарадскіх музеяў, асабліва сталічных. Ужо год у нашай сталіцы дзейнічае Музей гісторыі Мінска, аднак там да гэтай пары няма экспазіцыі, прысвечанай гораду. Як можа выглядаць музей такога кшталту?

– Улады ў чарговы раз паказалі непрафесійныя адносіны да гарадскога музея, да іміджа і прэстыжу сталіцы. У дадзеным выпадку музеем горада назвалі некалькі пакояў побач з часовай экспазіцыяй галерэі Савіцкага. Горад так і не знайшоў дастойнага будынка для музея сваёй гісторыі. Зразумела, у нас не захавалася шматлікіх палацаў, як у Вільні ці Варшаве. Але калі пашукаць, памяшканне можна было б знайсці. Ім мог бы стаць той жа Палац прафсаюзаў Мінскай вобласці, які стаіць на плошчы Волі. У ім калідорная планіроўка, дзе пакоі размешчаны по коле, – гэта ідэальнае месца для гарадскога музея. Калі я быў дырэктарам Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, я спрабаваў адваяваць гэты будынак, але мяне не падтрымалі. А калі будынка знайсці не ўдалося, трэба замовіць праект новага, сучаснага, шыкоўнага, бо гэта твар і прэстыж сталіцы.

Па вялікім рахунку, гарадскія ўлады павінны былі адкрыць гэты музей адразу пасля вайны, калі яшчэ можна было сабраць матэрыял. А цяпер няма чаго экспанаваць, бо адсутнічаюць фонды музейных рэчаў. У Нацыянальным музеі гісторыі, да прыкладу, значная частка калекцыяў тычыцца сталіцы, аднак Музей гісторыі Мінска можа атрымаць іх толькі ў часовае карыстанне. Выхад мне бачыцца ў рэстытуцыі – вяртанні мінскіх каштоўнасцяў у Беларусь. Варта заняцца стварэннем копій дакументаў, муляжоў тых рэчаў, якія існавалі ў мінскіх панскіх, мяшчанскіх, купецкіх сядзібах. Найбольш проста цяпер зрабіць экспазіцыю, прысвечаную археалогіі Мінска. Гэты матэрыял захаваўся, і археалагічную экспазіцыю можна стварыць вельмі хутка.

Асноўная прычына занядбанага стану нашых музеяў мне бачыцца ў недастатковым фінансаванні. Увогуле ў беларускую культуру ніколі не ўкладалася столькі грошай, колькі яна заслугоўвае, каб мы сталі сапраўдным еўрапейскім народам. Тое ж тычыцца і Музея гісторыі Мінска.

– Акрамя пашырэння музейнай справы, як можна развіваць турыстычны патэнцыял беларускіх гарадоў?

– Усім зразумела важнасць пашырэння турысцкай інфраструктуры, аднак цяпер гэтага ўжо недастаткова. Варта выкарыстоўваць замежны вопыт і ствараць у гарадах інфраструктуру забаў. Пазнавальны турызм добра спалучаецца ў гарадах з турызмам падзеевым – выставамі, кірмашамі, фестывалямі, канцэртамі. Аднак трэба улічваць, каб гулянні былі інтэрактыўныя і не зводзіліся да адзінага фармату канцэртаў. У нас цяпер развіваецца агратурызм – у Дудутках мы паказваем, як гналі самагонку, як выглядалі млыны, пуні, свірны. Горад таксама мае цікавую этнаграфію. Яе можна адрадзіць, аднак неабходны антураж – дамы XIX – пачатку ХХ стагоддзя – разбураюцца. Менавіта ў іх можна было б паказаць спецыфіку жыцця гараджан: стварыць побыт яўрэйскай ці каталіцкай сям’і, побыт рускага чыноўніка ці салдат у казармах. А мы думаем, што гарадскі турызм павінен абавязкова трымацца на Саборы Нотр-Дам і Эйфелевай вежы. У кожнага еўрапейскага горада ёсць свая спецыфіка. Яна ёсць і ў нашых беларускіх гарадоў.

– У чым гэтая адметнасць?

– У іх шматканфесійнасці, у шматэтнічным характары культуры. У беларускіх гарадах актыўна пашыралася яўрэйская культура, у нас былі свае татарскія асяродкі. Адметнасць нашых гарадоў – у іх архітэктурнай разнастайнасці. Калі ўзяць Мінск, то тут сышліся тры кшталта культуры. Нізкі рынак, плошча 8 Сакавіка, гістарычны цэнтр, з якога пачынаўся Мінск, – гэта асяродак праваслаўнай візантыйскай культуры. Верхні горад, плошча Волі з Ратушай – гэта еўрапейскі асяродак культуры эпохі Рэнесансу і Адраджэння. У раёне Цэнтральнага сквера і Дома афіцэраў сфарміраваўся цэнтр еўразійскай культуры. Можна было б стварыць абзорную экскурсію па горадзе – ад візантыйскай да еўразійскай культуры, узнімацца не толькі па рэльефе, але і па часе. Да таго ж у кожным горадзе быў свой промысел – адзін славіўся саламянымі капялюшамі, другі – драўлянымі цацкамі, трэці – бізунамі. Трэба вывучаць гарадскую этнаграфію, заўважыць у ёй прыгожае, атракцыйнае і ствараць імідж кожнага горада.

– І такім чынам развіваць рэгіянальны турызм?

– Для развіцця рэгіянальнага турызму ў нас не менш магчымасцяў, чым у Еўропе. Матрыцай для рэгіянальнага турызму можа служыць сетка беларускіх мястэчак, якіх у царскі перыяд на тэрыторыі Беларусі налічвалася каля 350. Цэнтрам кожнага мястэчка быў панскі маёнтак з уласным музеем, бібліятэкай, сямейным архівам. Побач з панам жылі яўрэі, хрысціяне, татары. Нашаму аграрнаму турызму не хапае непасрэднага кіраўніцтва на месцы – аграсядзібы падпарадкоўваюцца вобласці ці нават Мінску, а даходы ад турызма павінны асядаць і ў раённы бюджэт, каб мясцовыя ўлады былі зацікаўлены ў яго падтрымцы. Мястэчкі, якія цяпер сталі раённымі цэнтрамі, могуць быць апорнымі пунктамі для арганізацыі аграрнага турызма і ў той жа час – цэнтрам гарадскога турызму. Мы адметныя не столькі канцэнтрацыяй культуры ў буйных гарадах, колькі тым, як яна раскідана па ўсіх былых мястэчках Беларусі.

– Ці магчыма вярнуць мястэчкі на адміністрацыйную мапу Беларусі, хаця б у турыстычных мэтах?

– Безумоўна. У Літве, напрыклад, мястэчкі так і засталіся мястэчкамі. У нас жа з 1939 года ў выніку адміністрацыйнай рэформы назва «мястэчка» была забаронена, а замест увялі другія – гарадскія і рабочыя пасёлкі. Цяпер новыя населеныя пункты ў межах праграмы падтрымкі вёскі сталі называць аграгарадкамі, а можна было назваць іх мястэчкамі. Дарэчы, такая прапанова была, але яна засталася непачутай. Канешне, усе 350 мястэчак аднавіць немагчыма, асабліва пры сённяшняй транспартнай камунікацыі. Гэта раней неабходна іх густая сетка, каб развіваць гандаль, – з гарадоў праз мястэчкі ішлі тавары да вясковага спажыўца, а местачковыя гандляры збіралі ў вёсках зерне, лён, каноплі, воск і транспартавалі вялікімі партыямі ў буйныя гарады. Калі ў нас наладзяцца нармальныя гандлёвыя адносіны з Еўропай, роля гандлёвых траснфарматараў будзе зноў запатрабавана. Пэўная колькасць мястэчак ажыве. Ім можна будзе вярнуць гістарычныя назвы. І гэта будзе вяртанне да нашай нацыянальнай традыцыі.

– Жыццё ў мястэчках віравала збольшага дзякуючы яўрэям. Ці магчыма адрадзіць атмасферу мястэчка без іх?

– Каля 70% насельніцтва ў мястэчках былі яўрэямі, а некаторыя былі і цалкам яўрэйскімі. На мове ідыш іх нават называлі «штэтламі», ці маленькімі гарадкамі. Мы гэта ўсё страцілі – і яўрэяў, і іх культуру на ідыш, і местачковы побыт. Але засталася агульная гісторыка-культурная спадчына. І яе трэба захоўваць. Так, засталіся яўрэйскія могілкі, сінагогі, іешывы – яўрэйскія вышэйшыя духоўныя школы. Іх трэба аднаўляць, перадаваць у карыстанне яўрэям, ствараць музеі яўрэйскага побыту. І гэта будзе важны рэсурс для прыцягнення турыстаў з усяго свету.

– Дзеля гэтага патрэбна дзяржаўная праграма?

– Дзяржаве ніколі не хопіць ні сродкаў, ні часу, каб усё аднавіць.Таму трэба правесці масштабную прыватызацыю. Так, цяпер былыя панскія маёнткі выстаўлены на аукцыён, але іх ніхто не набывае, таму што прадаюць руіны, а зямля па-ранейшаму належыць дзяржаве. Дом трэба прадаваць з зямлёй, каб гаспадар змог уключыць і зямлю, і маёнтак у рыначны абарот ці выкарыстаць іх ў турыстычных мэтах. Да таго ж у людзей няма даверу мясцовым уладам. Інвестар, сутыкнуўшыся з мясцовай бюракратыяй, часта адмаўляецца ад сваіх намераў.

Пакуль не будзе прыватызацыі, не будзе адраджэння нашай гісторыка-клуьтурнай спадчыны, не будзе належным чынам наладжана развіццё турызму. Можа так стацца, што нашы памешчыцкія гнёзды апынуцца ў руках замежнікаў – рускіх, палякаў, літоўцаў... А нашы грамадзяне будуць іх абслугоўваць у якасці рабочых, як гэта было раней.

– У замежнікаў ёсць перавага – яны лепш ведаюць гісторыю.

– Так, тыя ж палякі ведаюць гісторыю нашых маёнткаў лепш, чым мы самі. Мы добра ведаем толькі пра Суворава, Кутузава, Леніна, Сталіна. А больш ідэалаў не існуе. У той час як многія гарады Беларусі захоўваюць памяць пра знакамітых творцаў нацыянальнай культуры. У гарадскіх паселішчах беларускай зямлі нарадзілася цэлая плеяда выдатных дзеячоў культуры, навукі, мастацтва, палітыкі, якімі ганарацца не толькі беларусы: Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Міхал Клеафас Агінскі, Станіслаў Манюшка, Ігнат Дамейка, Тадэуш Касцюшка, Марк Шагал, Отта Шмідт, Барыс Кіт, Павел Сухой, Хаім Вейцман, Шімон Перэс, Менахем Бегін, Голда Мейр. Таму мемарыялізацыя і музеізацыя нашых славутых землякоў выступае важнейшым прыярытэтам у развіцці гарадскога турызму.

– Як пачаць адраджэнне гарадскога, местачковага турызму ва ўмовах адсутнасці адзінай гістарычнай канцэпцыі?

– Сапраўды, у нас няма адзінай нацыянальнай гісторыі развіцця краіны. Беларускія экскурсаводы часам не ведаюць, што гаварыць – інтэрпрэтаваць гісторыю ці то па-савецку, ці то па-еўрапейску, ці то па-беларуску. Савецкасць «цягне за полы». Мы ганарымся сваім паходжаннем з сялян. А чаму не з шляхты? Кожнае мястэчка было асобным неафіцыйным княствам – сталіцай панскіх уладанняў. Бальшавіцкая навала нам прынесла шмат шкоды. Бальшавікі вынішчылі прыватную ўласнасць, царкву, а з ёй і веру ў Бога, развучылі людзей думаць, пазбавілі іх гістарычнай памяці, навязалі ім свае ідэалы. Беларускія экскурсаводы часам не ведаюць, што гаварыць, – інтэрпрэтаваць гісторыю ці то па-савецку, ці то па-еўрапейску, ці то па-беларуску... Перад сучаснымі гісторыкамі стаіць праблема вяртання гістарычнага мінулага ў нацыянальны кантэкст. У мяне надзея на маладое пакаленне гісторыкаў, якія, не гледзячы на ідэалагічныя стэрыатыпы і адраджэнне савецкіх ідэалаў, ведаюць замежныя мовы, маюць доступ да замежных архіваў і вывучаюць гісторыю Беларусі з пазіцый нацыянальнага інтарэсу. Паціху мы пачынаем разбірацца, што Вялікае княства Літоўскае – гэта беларуская дзяржава. Рэч Паспалітая – гэта не польская, а шматнацыянальная дзяржава. І пласт польскамоўнай культуры, створаны на Беларусі, – гэта беларуская спадчына. Перш чым сур’ёзна заняцца гарадскім турызмам, трэба вывучыць гісторыю гарадоў і эфектна яе падаць. Сёння спецыялістаў у турызме рыхтуюць 17 ВНУ краіны, аднак іх выпускнікі пакуль з цяжкасцю спалучаюць глыбокія гістарычныя веды з майстэрствам турыстычнага менеджменту. Самае каштоўнае, што ў нас засталося, – багатая гісторыя гарадоў. А турызм – гэта кірмаш, дзе прадаюцца гістарычныя веды.

Гутарыла Яна ШЫДЛОЎСКАЯ

https://www.traditionrolex.com/8