https://www.traditionrolex.com/8
<p>У Беларусі ёсць такая група насельніцтва – дурні. Гавораць па-тутэйшаму.  Навошта ім гэта? А Бог іх ведае! Лішнія цяжкасці сабе на галаву. Праз  тое ўладкавацца ў жыцці не могуць нармальна. І ўсё пхнуцца ў турызм.  Чуюць нейкім месцам, што патрэбныя там.</p>

у 

Яська АБРОМЧЫК, чаляднік з-пад Вілейкі

У   Беларусі ёсць такая група насельніцтва – дурні. Гавораць па-тутэйшаму. Навошта ім гэта? А Бог іх ведае! Лішнія цяжкасці сабе на галаву. Праз тое ўладкавацца ў жыцці не могуць нармальна. І ўсё пхнуцца ў турызм. Чуюць нейкім месцам, што патрэбныя там.

І не каб як усе людзі прыйсці на фірму: «Здрассьте, я Вася, хочю работать с вами… Вожу в в Анусино, в Желудок, Мир и Несвиж, Барюны и Крево с Гольшанами, города и веси, и еще много чего интересного». Дык не! Выпендрыцца хочуць! Прыдуць і давай гергетаць: «Вітаю! Я – Алесь (Андрусь, Вінцэсь, Лявон, Халімон, Наста, Кася, Марыся – як іх там яшчэ?), маю жаданне супрацоўнічаць з паньствам, ваджу па нашых мясцінках: Ганусіна, Жалудок, Баруны і Крэва, гарады, мястэчкі і вёскі з пушчамі...» Ды ладна ў офісе – пагамоняць па-свойму, па-дзівацку, менеджары ціхенька пасмяюцца сабе – ды ўсё на тым. Дык яны ж і ў аўтобусы лезуць са сваёй гаворкай дзікай! Нашто, пытаюся ў вас, панове мае дарагія? Адбіваюць кліента! Засмучаюць люд-
ства! Уносяць раздзяленне і смуту ў масы народныя! Таго і глядзі – устане хтось з групы і пачне: «А чё эта вы нас не предупредили, что экскурсия не на русском? У нас, между прочим, не все панимают! Есть приезжие из Казахстана и Сибири, хоть и местные! И все – наши сотрудники! Мы так не да-аваривались!»

І прыходзіцца таму беднаму чудзіку выдумляць штукі розныя: то правядзе рэферэндум усенародны (iнакш групавы) з пытаннем: «Як гаманіць будзем, сябры: па-свойску або па-татарску?»; то на хітрыкі кінецца: «А давайце я вам складаныя словы перакладаць буду, каб усе ўцямілі!»; то абяцае ў паўзах перакладаць асабіста кожнаму, хто не разумее; то запатрабуе дадатковых грошай як за экскурсію на замежнай мове; а то і ў адкрытую пойдзе: «Ах, вашу маць! Запрадаўцы паганыя! Мовы сваёй выракаецеся?! Дык не вазіць мне вас у Кушляны на магілу старога Багушэвіча, каб не саромілі дудкі яго беларускай!» Ну ды гэта ўжо на крайні выпадак. А так – людзі спакойныя, са здаровай галавой, збольшага «інцелігентныя». Старанныя, сумленныя. Ведаюць матэрыял няблага... Але вось яшчэ праблема з імі: ідэйныя занадта. Як кажуць, «са сваёй пазіцыяй». Як ляпнуць чаго на экскурсіі пра «бянзін ды свабоду» – дык хоць сам ідзі і здавайся. А калі завядуць катрынку пра ўсякую там годнасць нацыянальную, мужнасць і вольналюбства слаўных продкаў нашых – Сапегаў-Агінскіх-Радзівілаў, – дык тушы святло! Лепей было не вылазіць з кватэры, чым такую крамолу слухаць!..

Але і нашыя людзі-турысты мне падабаюцца! Гляджу, як яны апошнім часам рэагуюць на баламутаў гэных, – сам дзіву даюся. Пачынае гэты жэўжык тутэйшамоўны лапатаць сваё «рады вітаць вас, сябры! Мы пачынаем нашую вандроўку ў...». Толькі ўзнікне валтузня на месцах (маўляў, «чаво эта он не на чалавечаскам езыке гаварыт?») ці хтосьці к таму бедаку падысці наважыцца, каб «пакачаць» свае правы на «турысцічаскі прадукт на гасударсцвеннам языке», – як учуюць тую гамонку людцы з аўтобуса – хавайся ў бульбу! Не пазнаю я нашых ціхмяна-рахманых беларусаў... Гатовы галаву зняць таму, хто на мову тутэйшую слова дрэннае сказаў. Часам я ўжо пабойваюся за тых, аматараў «великого и могучего». Бо і яны ж людзі, вядома! Але гнеў народны ў такі момант не стрымаць. Абурэнню – няма мяжы: «Хто гэта тут не разумее па-беларуску?!» Народ паказвае дзіўны прыклад самаабароны і самаарганізацыі. Гід той толькі вочкамі лыпае ў такі момант, а потым артыкулы вось такія строчыць у газету.

Але ўсялякае бывае з тымі дзівакамі, я вам скажу. Несалодкае жыццё ў іх. І плюнуць, і гаўкнуць, і кінуць штось крыўднае... А за што, пытаюся? Таксама ж людзі, і сэрца – не камень... Але бывае і свята. Часам як пачнуць падзякамі асыпаць, дык аж зайздросна робіцца. А менеджары з фірмаў, калі групка з Маскоўшчыны намалявалася, толькі і просяць: «Вы ім хоць некалькі слоўцаў па-беларуску прашчабячыце! Дайце ім экзотыкі! Яны ж любяць такое!..» Глядзіш на ўвесь гэты анекдот і думаеш: можа, самому пачаць цвэнкаць па-нашаму? Выгадна! Як прыйдзе парачка падзяк на фірму – глядзі, вось ты і ў фаворы! А калі яшчэ пан дырэктар да мовы тутэйшай прыхільны – дык увогуле казка! Толькі і плявузгай сабе па-гэнаму, і будзеш у ласцы панскай да сканчэння веку свайго! Таму – бяром на «вааружэніе», сябры! Будзем ведаць, што ёсць і такі «піар-ход»!

...А яшчэ ўзгадалася, як тыя небаракі свае «іспыты» здаюць у Нацыянальным агенцтве. Тэксты экскурсій ніхто ж для іх спецыяльна не рабіў на мове іхняй! Я ўжо не кажу пра інтэрнэтавую старонку таго агенцтва па турызму. Там можна па-ангельску, па-кітайску, на зімбабвэ і суахілі – толькі не па-мясцоваму: на то ж яно і нацыянальнае! А цуды тыя – во дзе натура ўпёртая! – ўсё адно не хочуць «па-чалавечаскі атвячаць» на экзамене экскурсаводаў. Кажуць: я з Беларусі – і здаваць па-беларуску буду! А камісія толькі плячыма паціскае, ды нічога зрабіць не можа, бо логіка жалезная: мова – дзяржаўная, якая-ніякая, але законная. Пастараліся ў свой час калегі іхныя – усякія там Купалы, Коласы і іншыя «дзеячы».

Ай, ды Бог з імі! Гэта ўсё дробязі жыцця. Галоўнае – базіс. А «надбудова» з культурай – апасля. Які там курс заўтра, таварышы?..

https://www.traditionrolex.com/8