Адар’я ГУШТЫН, фота Сяргея ПЛЫТКЕВІЧА
Імклівасць Стакгольма пачынаецца адразу ў аэрапорце. Вельмі дынамічны горад сціхае толькі ў завулках каралеўскіх палацаў. Тут жаўнеры стаяць на карауле. І нібыта не заўважаюць, як турысты спешна прабягаюць па ўсіх славутых мясцінах са словамі «Нічога лепей у жыцці яшчэ не бачыў!».
Горад на востраве
Сталіца Швецыі – самы густанаселены горад краіны. Так сталася яшчэ ў ХІІІ стагоддзі. Менавіта тады горад стаў буйным эканамічным цэнтрам – дзякуючы геаграфічнаму палажэнню. Яго назвалі Стакгольмам, бо гэта сапраўды «востраў, умацаваны слупамі» (назва горада складаецца з двух словаў: stok – «слуп» і holm – «востраў»). У XVII стагоддзі Швецыя стала адной з самых магутных дзяржаў у Еўропе. Стакгольм рос і развіваўся значна хутчэй за іншыя гарады, бо з 1634 года афіцыйна стаў сталіцай Шведскага каралеўства. У XVII стагоддзі ён быў адным з самых багатых гарадоў на кантыненце і самым развітым горадам Скандынавіі. У 1628 годзе паблізу Стакгольму затануў карабель «Васа» – флагман шведскага флоту. У XX стагоддзі яго паднялі са дна, і цяпер ён выстаўлены для агляду ў адмысловым музеі. Vasa Museum – турыстычная мека не толькі для замежнікаў, але і для саміх шведаў. Па вялікім рахунку, гісторыя карабля «Васа» характэрная толькі тым, што з-за памылкі суднабудаўнікоў шыкоўная каралеўская ветразная махіна затанула наўпрост у цэнтры Стакгольму. Але шведы – народ прадпрымальны, і з нацыянальнай ганьбы яны стварылі нацыянальны гонар, ды так, што падмены ніхто асабліва не заўважыў.
Пасля ў гісторыі была эпідэмія «чорнай смерці», вайна з Расіяй і моцная перабудова горада. Да ХХ стагоддзя зніклі многія раёны, і на іх месцы з’явіліся больш мадэрновыя і практычныя. Бліжэй да нашага часу магутная стакгольмская індустрыя была абсталяваная па апошнім слове тэхнікі, стала больш прадуктыўнай і экалагічна бяспечнай. Дарэчы, экалогія – гэта сапраўды надзённае пытанне, якое хвалюе кожнага шведа.
Шпацыраваць па горадзе
Стакгольм нагадвае лабірынт цудаў. Праходзіш палац, бачыш царкву – і адразу за ёй адкрываецца яшчэ прыгажэйшы выгляд. Самы стары раён горада называецца Гамластан і размяшчаецца на маленькім востраве ў самым цэнтры горада. Адсюль пачыналася будаўніцтва Стакгольма ў сярэднявечнай Швецыі. Тут ёсць досыць вядомыя будынкі, такія як Нямецкая царква, а таксама сядзібы і палацы: Дом старэйшын, сядзібы Бундэ і Тэсінаў, палац Аксеншэрны. Самым старым будынкам горада з’яўляецца Рыддархольмская царква, пабудаваная ў XIII стагоддзі. Пажар у 1697 годзе знішчыў галоўны сярэднявечны замак горада Трэ-крунур, а Стакгольмскі каралеўскі палац быў перабудаваны ў стылі барока.
Актыўнае пашырэнне горада пачалося яшчэ ў XV стагоддзі. Тады Стакгольм выйшаў за межы старога горада. Цяпер толькі рэдкія будынкі даіндустрыяльнай эпохі можна знайсці ў раёне Сёдэрмальма. У часы індустрыялізацыі краіны Стакгольм рос досыць хутка. Архітэктурныя планы развіцця горада былі запазычаныя ў буйных еўрапейскіх гарадоў – Берліна і Вены. У гэты час у горадзе з’явілася шмат будынкаў, якія можна ўбачыць і сёння. Была заснавана Шведская каралеўская опера, развіваліся і пабудовы для багатых людзей у раёне Страндвеген.
У пачатку XX стагоддзя ў Швецыі назіраўся ўздым патрыятычных настрояў, у тым ліку і ў архітэктуры. У пошуках нацыянальнай ідэнтычнасці архітэктары аднаўлялі элементы шведскіх будынкаў як эпохі Сярэднявечча, так і Рэнесансу. Найбольш заўважным новым будынкам у цэнтры горада стала Стакгольмская ратуша, збудаваная ў 1911–1923 гадах. У ёй дагэтуль засядае гарадское самакіраванне, але яна з’яўляецца і турыстычным аб’ектам, дзе штодня праводзяцца экскурсіі. Менавіта ў ратушы праходзіць банкет у гонар Нобелеўскай прэміі, а яе ўручэнне адбываецца ў Доме канцэртаў.
З цягам часу Стакгольм пачаў пашырацца, з’явіліся новыя раёны. Але хуткае развіццё ўскраін не азначала, што цэнтр горада перастаў мяняцца. У цэнтры пабудавалі плошчу Сергельсторг, на якой размясціліся пяць вежаў бізнес-цэнтраў. Дарэчы, для іх будаўніцтва ў 60-я гады быў расчышчаны цэнтр горада – цалкам ліквідаваны гарадскі рынак.
Стакгольм – вядомы музейны цэнтр Еўропы. Усяго ў горадзе каля 70 музеяў, якія штогод наведвае да 9 мільёнаў чалавек. Найбольш сучасным з’яўляецца Нацыянальны музей Швецыі, які змяшчае велізарную калекцыю прадметаў мастацтва: 16 тысяч карцін і 30 тысяч вырабаў ручной работы. Калекцыя бярэ свой пачатак яшчэ з часоў Густава Васы. Пасля папаўнялася работамі вядомых сусветных дзеячаў мастацтва, такіх як Рэмбрандт і Антуан Вато. Сучаснаму мастацтву прысвечаны асобны музей. Тут знаходзяцца работы такіх аўтараў як Пікасо і Сальвадор Далі.
Шведскі стол, сям’я і сценка
Беларусь мае агульную гісторыю са Швецыяй, але для сучаснага беларуса гэта краіна выглядае далёкай і загадкавай. За савецкім часам спартыўныя лесвіцы называлі «шведскими стенками», пасля да нас дайшло паняцце «шведская сям’я», якая адрозніваецца ад традыцыйнай тым, што ў ёй – больш чым адна жонка і адзін муж. А таксама «шведскі стол» – як паказальнік дабрабыту і якаснага сэрвісу. Цікава, што самі шведы паняцця не маюць, адкуль з’явіліся гэтыя стэрэатыпы. Напрыклад, так званы «шведскі стол» быў вынайдзены стагоддзе таму. Калі прыязджалі госці, уся ежа падавалася адразу, на вялікіх талерках. Тым самым гаспадары пазбаўлялі сябе ад лішніх цырымоній, вызваляючы час для размоў. Самі шведы такі стол называюць бутэрбродным.
З твораў мастацтва да масавага беларускага чытача найперш дайшла гісторыя пра Карлсана. Між іншым, звалі героя зусім інакш. А Карлсан – адно з самых распаўсюджаных шведскіх прозвішчаў. У краіне каля 300 тысяч чалавек маюць такое прозвішча, якое даслоўна значыць «Карлаў сын». А аўтару казкі, дарэчы, прысвечаны дзіцячы музей у Стакгольме, дзе ўсё стылізавана пад гісторыю Астрыд Ліндгрэн. Музычныя поспехі Швецыі ўвесь свет дагэтуль узгадвае па квартэце ABBA. Шведаў гэта засмучае, але яны гатовыя цярпліва расказваць турыстам і пра іншыя свае адметнасці, акцэнтуючы ўвагу на тым, што «Швецыя – гэта не Швейцарыя, і гэта прынцыпова».
Краіна з густам
У Стакгольме да гэтага часу дзейні-чае «закон адкрытых вокнаў», які быў уведзены яшчэ ў ХVІІ стагоддзі для таго, каб кожны мог бачыць, жывуць людзі па сродках ці не. І хоць прайшло ўжо шмат гадоў, шведы дагэтуль не вешаюць фіранкі, бо імкнуцца захаваць гістарычнае аблічча горада. На кожным акне размяшчаюцца не толькі кветкі, але і мініяцюрныя свяцільнікі. Вокны на першым паверсе называюць вітрынамі, іх стараюцца ўпрыгожваць найбольш, прычым суседзі спаборнічаюць між сабой – у каго лепш.
Знакамітая на ўвесь свет марка IKEA з’явілася на поўдні Швецыі. За шэсцьдзесят год яна змагла ахапіць увесь свет. І хоць апошнім часам наракаюць на дрэнную якасць вытворчасці, якая пераехала ў Кітай, дызайн распрацоўваецца ў Стакгольме – ме-навіта сюды прыязджаюць найлепшыя прафесіяналы. Свае дасягненні кампанія дэманструе на выставах па ўсім свеце, а ў Стакгольме ёсць адмысловы музей.
Падарожжы ўвесь час
У гэтай тыповай скандынаўскай краіне адпачынак дарагі. Пражыванне ў хостэле каштуе ад 50 еўра за ноч, у трохзоркавым атэлі – ад 80. Музеі каштуюць каля 20 еўра, студэнтам прадастаўляюцца зніжкі. У Швецыі некалькі буйных рэстаранных сетак. Сярод іх найбольш таннае харчаванне – у карэйскіх і кітайскіх. Кошты на абед складаюць каля 15 еўра. А вось цэны на сувеніры не адрозніваюцца ад заходнееўрапейскіх.
Адпраўляючыся ў падарожжа, трэба быць гатовым да прахладнага надвор’я. Нават летам у Стакгольме можа быць усяго плюс 6 – разам з вільготным Балтыйскім ветрам.
Але Швецыю варта ўбачыць і адчуць яе настрой – разважлівы, але разам з тым імклівы. Вузенькія выгнутыя вулачкі, на якіх часам два чалавекі не могуць разысціся, аркі і двары-калодзежы, мініяцюрныя плошчы і безліч розных помнікаў. У баку ад балтыйскіх прастораў, у цэнтры жылой забудовы няма халодных колераў і аглушальнага ветру. Тут усё адценні тэракоты на фасадах дамоў і ў дэкоры.
Самі шведы вандруюць увесь час. Калі яны выходзяць на пенсію, пачынаюць актыўнае самаразвіццё – наведваюць навучальныя гурткі, падарожнічаюць па свеце. Адпачынак два разы на год лічыцца нормай, таму і яны самі заўсёды рады сустракаць гасцей. Шведская мова складаная для разумення, але калі ведаеш англійскую, праблем у камунікацыі не ўзнікае. «Мы старанна вучым замежную мову, бо наша падобная толькі да нарвежскай і дацкай: гэтага недастаткова, каб упэўнена адчуваць сябе ў грамадстве», – тлумачаць шведы.
10 цікавостак пра Швецыю і шведаў
1. У Стакгольме знаходзіцца першы ў свеце нацыянальны гарадскі парк – Каралеўскі экалагічны парк.
2. Каралеўскі палац у Стакгольме – самы вялікі з тых, якія зараз выкарыстоўваюцца ў свеце (больш за 550 пакояў).
3. Першы ў свеце хостэл-самалёт з’явіўся ў аэрапорце Стакгольма. Хостэл размяшчаецца ў корпусе Boeing-747, прыпаркаванага паблізу ад уваходу ў аэрапорт Arlanda.
4. Стакгольмскі завулак Mеrten Trotzigs Grдnd лічыцца адным з самых вузкіх у свеце – яго шырыня не перавышае 90 см.
5. У 1970-х гг. у Стакгольме на муніцыпальнай службе знаходзіўся спадар Густаўсан, які ўмеў брахаць на розныя лады, якія адпавядалі розным пародам сабак. Яго праца заключалася ў браханні на гарадскіх вуліцах, каб выклікаць у адказ брэх сабак. Такім чынам ён збіраў інфармацыю пра іх уладальнікаў, якія не плацяцьпадатак на сваю жывёлу.
6. Стакгольм называюць горадам, які пахне каваю. Гэты напой тут вельмі распаўсюджаны. У многіх кавярнях студэнтам дазваляецца плаціць толькі за першы кубак кавы, астатнія – бясплатна.
7. У гасцініцах не прынята даваць персаналу «на гарбату». У кафэ і рэстарацыях можна цалкам забраць сваю рэшту – гэта лічыцца нармальным.
8. Экалагічнае становішча Швецыі – самае лепшае ў свеце. Можна смела піць ваду з-пад крана, і гэта ніяк не адаб’ецца на вашым здароўі.
9. У Стакгольме знаходзіцца самы маленькі помнік – фігурка вышынёй не больш за 15 см: хлопчык, які глядзіць на месяц. Па легендзе, скульптару замовілі вялікі, паўнавартасны помнік, але замоўца не заплаціў майстру абяцаную суму. Тады скульптар зрабіў помнік па прынцыпе «як заплацілі, так і атрымалі». Хлопчык стаіць на адной з гарадскіх вуліц на малюсенькім п’едэстале, і напачатку кожнай зімы гараджане шыюць яму лялечную вопратку, каб ён не змерз.
10. Першы банк ў Швецыі заснаваў Ганс Вітмахэр, які працаваў у старажытнай Беларусі, валодаў старабеларускай мовай ды нават па маці быў беларусам. Ён жа прыдумаў першыя ў Еўропе банкноты.