https://www.traditionrolex.com/8
<p>Рыгор Віктаравіч Родчанка (1929–1994 гг.) – выдатны слуцкі паэт і  краязнаўца, чыё імя неабходна належным чынам ушанаваць з-за яго значнага  ўнёску ў літаратурную і навуковую скарбонку Беларусі. З Рыгорам  Віктаравічам быў асабіста знаёмы Яўген Сяргеевіч Гучок – паэт,  даследчык, перакладчык. Ён напісаў кнігу, прысвечаную жыццю Рыгора  Родчанкі, якая ў хуткім часе пабачыць свет у выдавецтве «Рыфтур».  Спецыяльна для «ТиО» Яўген Сяргеевіч адказвае на нашы пытанні.</p>

237Q2821 Рыгор Віктаравіч Родчанка (1929–1994 гг.) – выдатны слуцкі паэт і краязнаўца, чыё імя неабходна належным чынам ушанаваць з-за яго значнага ўнёску ў літаратурную і навуковую скарбонку Беларусі. З Рыгорам Віктаравічам быў асабіста знаёмы Яўген Сяргеевіч Гучок – паэт, даследчык, перакладчык. Ён напісаў кнігу, прысвечаную жыццю Рыгора Родчанкі, якая ў хуткім часе пабачыць свет у выдавецтве «Рыфтур». Спецыяльна для «ТиО» Яўген Сяргеевіч адказвае на нашы пытанні.

– Раскажыце, калі ласка, які след Рыгор Родчанка пакінуў пасля сябе?

– Дзякуючы намаганням Рыгора Віктаравіча была знойдзена магіла выдатнага беларускага пісьменніка XIX ст. Альгерда Абуховіча-Бандынэлі, творчая спадчына якога, на жаль, амаль не захавалася. Прысвечаная яго жыццю кніга была выдадзена Родчанкам у 1984 г.
Старэйшай школе Беларусі (сённяшняя гімназія №1 г. Слуцка) была прысвечана яго наступная кніга, выдадзеная ў 1985 г.
У пачатку 1990-х гадоў выйшла ў свет цудоўная кніга «Слуцкая старасвеччына», дзе расказваецца пра гісторыю горада і найбольш выдатных людзей, чыё жыццё і творчасць звязаныя са Слуцкім краем. Тады ж падрыхтаваны зборнік «З вечнага», у аснову якога пакладзены багаты этнаграфічны матэрыял. Ім жа знойдзена і страчаная паэма «Файнбергарда» пачатку XIX ст., якая ў пэўным сатырычным стылі апісвала тагачасную гарадскую эліту.

Родчанка быў добрым знаўцам Случчыны. Аб гэтай зямлі ён напісаў шмат кніг, матэрыялаў у прэсу. Ён збіраў па вёсках народныя спевы, шукаў патрэбную інфармацыю па архівах, гутарыў са старажыламі. І галоўнае, перадаваў сваю любоў да роднай зямлі ўсім акружаючым і зацікаўленым.

– Якім чалавекам быў Родчанка?

– У яго вельмі цікавая радаслоўная. Па бацьку ён украінец. З таго роду выйшаў Аляксандр Міхайлавіч Родчанка, сябра Маякоўскага, выдатны фатограф, мастак. А з матчынай лініі выйшаў паэт Уладзімір Жылка. На Украіне ў тыя часы цяжка жылося: раскулачванне, голад – і бацькі з малым Рыгорам прыехалі ў Цімкавічы, на радзіму маці. Тут жа ўся беларушчына: школа беларуская, усё кругом беларускае. Ён вельмі палюбіў гэты край. Але ў пашпарце быў запісаны як украінец. «Гэта я наўмысна зрабіў, – казаў. – Калі мяне будуць абвінавачваць ў беларускім нацыяналізме, пакажу, што украінец».

Рыгор Родчанка быў самадастатковым беларусам. Нічога дэкаратыўнага, нічога «псеўда». Магутны, пад два метры ростам. Прыедзе са Слуцка, зойдзе да мяне ў рэдакцыю, абдыме – дык ажно косці хруснуць. Вельмі адукаваны быў, з багатай эрудыцыяй. Іван Навуменка яго называў акадэмікам.

Ён быў чалавекам вельмі адданым сваёй справе. На яе апошнія грошы ахвяраваў. На хлеб зарабляў настаўніцтвам – краязнаўствам не заробіш. А яму хацелася паехаць у архіў і ў Маскву, і ў Ленінград, і яшчэ куды. Дык ён ягады, грыбы ўсё лета збіраў і прадаваў. Накопіць якія грошы – і едзе ў камандзіроўку.

– Як ён паўплываў асабіста на вас?

– Ведаеце, я нарадзіўся ў Слуцку, вучыўся там ў школе, але гісторыю малой радзімы амаль не ведаў. А Родчанка адкрыў мне яе. Вадзіў па могілках: праваслаўных, каталіцкіх, пратэстанцкіх, паказваў, дзе пахаваны нашы славутыя землякі, расказваў аб іх. Вадзіў па горадзе, ведаў, дзе калісці капліца была, дзе царква, дзе яшчэ які будынак цікавы. Аднойчы я пляменніка свайго ўзяў, ён юрфак скончыў, так той і кажа: «У мяне такіх цудоўных выкладчыкаў ніколі не было».

З кім бы ні размаўляў Рыгор Родчанка аб гісторыі і культуры нашай зямлі, зацікаўленасць выклікаў ва ўсіх. Яго ўважліва слухалі і вучні ў школе, і наведнікі факультатыва пры Слуцкім гарнізоне.

Image1

– Ці праўда, што Рыгору Родчанку дазволілі чытаць беларускамоўныя лекцыі па краязнаўстве для ваенных?

– Дзіўна, асабліва ўзгадваючы тыя часы, але тым не менш такое было... Дзякуючы Міхасю Маліноўскаму, які быў загадчыкам ваеннага ўніверсітэта марксізму-ленінізму пры Слуцкім Доме афіцэраў.

Цікавая перадгісторыя. Міхась у свой час малодшым афіцэрам трапіў на з’езд камсамола, на якім выступаў Машэраў. У перапынку Маліноўскі падыходзіць да яго і кажа: «Пётр Міронавіч, у нас з’езд камсамола Беларусі, а вы па-беларуску і не выступілі». Потым ён мне казаў: «Машэраў як зірнуў на мяне…» Праз два дні Маліноўскага выслалі за Урал. Адтуль у генштаб ён пісаў лісты, што карупцыя ў войску, што развальваецца яно, раскрадаецца ўсё і г.д. Яго арыштавалі і ў Маскву прывезлі на допыты, збівалі. Потым расказваў: «Мяне адзін чалавек выратаваў. Гэта быў нямецкі пілот, які пасадзіў самалёт на Чырвонай плошчы, праляцеўшы над усім Саюзам. Яны арыштавалі таго немца – і праз два дні мяне выпусцілі. Я ж быў праў, калі казаў, што армія небаяздольная».

Маліноўскаму пасля таго прапанавалі выбраць сабе месца для далейшай службы. Ён вярнуўся ў Беларусь і стаў жыць у Слуцку. Там пазнаёміўся з Родчанкам – і запрасіў яго чытаць лекцыі па краязнаўстве, беларускай гісторыі, культуры і літаратуры. Шмат хто быў супраць – маўляў, Родчанка нацыяналіст, але Міхась Маліноўскі адрэзаў: «Мне дадзена права генштабам – я вызначаю правілы». Родчанка пачаў чытаць лекцыі і чытаў два ці тры гады. Іх спачатку насцярожана наведвалі, але потым было цяжка на іх трапіць. Прыходзілі афіцэры, прапаршчыкі, прыводзілі родных сваіх.

– Як ідуць справы з выданнем вашай кнігі?

– Мая кніга пра Рыгора Родчанку ўжо напісана, хутка яна будзе выдадзена, ідзе справа і па выданні ягонай творчасці пад адной вокладкай. Затым будзем дабівацца перайменавання вуліцы Сацыялістычнай у Слуцку, на якой ён жыў, у яго гонар. Рыгор Родчанка варты большага! Такіх людзей у нас не так ужо і многа…

Гутарыў Павел ДАБРАВОЛЬСКІ

https://www.traditionrolex.com/8