https://www.traditionrolex.com/8
<p>Знаёмства з новай краінай многія з нас пачыналі з кіно. Дзякуючы кінастужкам мы ведалі, як жывуць на Манхэтане, пра што жартуюць на Дэрыбасаўскай і якое неба над Берлінам. Што вядома праз кіно пра Беларусь?</p>

Адар’я ГУШТЫН

Знаёмства з новай краінай многія з нас пачыналі з кіно. Дзякуючы кінастужкам мы ведалі, як жывуць на Манхэтане, пра што жартуюць на Дэрыбасаўскай і якое неба над Берлінам. Што вядома праз кіно пра Беларусь?

anastasia40

За савецкім часам «Беларусьфільм» быў вядомы па дзіцячых кінастужках. Знакаміты «Бураціна» ўражвае і сённяшніх дзяцей. «Дарослае» кіно менш вытрымлівала канкурэнцыю з Масквой, Ленінградам і Адэсай. Аднак у памяці гледачоў дагэтуль засталіся «Белыя росы», «Людзі на балоце» і «Дзікае паляванне караля Стаха»...

Чым запомніўся сучасны кінематограф

Сапраўдную папулярнасць перажыў фільм «Анастасія Слуцкая» – стужка пра тое, як бясстрашная княгіня верхам на кані і з мячом у руках устае на абарону беларускай зямлі ад незлічоных полчышчаў татараў, якія нясуць з поўдня спусташэнне і смерць. Стужка мела шырокі пракат па ўсёй краіне. Актрыса Купалаўскага тэатра Святлана Зелянкоўская стала сапраўды знакамітай. Хоць цяпер пра гэты фільм збольшага ўзгадваюць так: «Гэта той, дзе граў Тарзан?» Знакаміты стрыптызёр Сяргей Глушко сыграў у ім ролю другога плану.

Наступную сенсацыю ў беларускім кіно давялося чакаць сем год. Прэм’ера першага фільма жахаў «Масакра» адбылася летась. Гэта містычная гісторыя пра тое, як у загадкавы маёнтак графа Уладзіміра Пазуркевіча прыбывае Мікалай Казанцаў – малады чалавек, які хоча вывучаць выяўленчае мастацтва ў Італіі. Ён не мае на гэта сродкаў, аднак адважваецца на аванцюру. Прадставіўшыся прафесарам, Казанцаў стараецца пераканаўча рабіць выгляд, што вывучае шырокую бібліятэку графа, і паралельна заляцаецца да ягонай нявесты Ганны. Тым часам дзіўныя падзеі, што адбываюцца ў маёнтку, уцягваюць госця ў вір містычнай і жудаснай гісторыі... Стужку прэзентавалі на мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад». І адразу ў адрас рэжысёра Андрэя Кудзіненкі пачуліся шматлікія прэтэнзіі. Кінаэксперты крытыкавалі за адсутнасць інтрыгі, філолагі – за недасканалую мову, а гісторыкі – за тое, што падчас здымкаў была непапраўна знішчана частка гістарычнай сядзібы ў Жалудку. Аднак усе яны, а таксама гледачы, сыходзіліся на тым, што гэта нешта новае для беларускага кінематографа. На фоне шматлікіх стужак пра вайну «Масакра» сапраўды выдзяляецца сваёй арыгінальнасцю.

Самы апошні гучны беларускі фільм прысвечаны аккурат ваеннай тэматыцы. Сярод іншых стужак апошніх гадоў патрыятычная драма «Брэсцкая крэпасць» выдзяляецца найперш спецэфектамі. Яе здымалі разам з расіянамі і прэзентавалі сёлета. Вакол гэтага фільма адразу было шмат пытанняў. То фінансаванне нераўнамернае (дарэчы, бюджэт склаў 7,5 млн даляраў, і сродкі былі выдзеленыя Саюзнай дзяржавай), то беларускія ветэраны не пага­джаюцца са сцэнарыям – маўляў, не мог савецкі салдат здацца ў палон, то з пракатам ніяк не дамовяцца – беларускі бок настойваў на роўных правах з расійскім. Гледачы гэта кіно ўпадабалі, хоць касавыя зборы не апраўдалі ўкладанні. Але ці было ў фільме што-небудзь пра беларусаў? Стваральнікі стужкі зрабілі адмысловы акцэнт на савецкай ідэі і барацьбе.

Караткевіч па-новаму

І вось днямі «Беларусьфільм» абвесціў пра новую ідэю – экранізаваць раман «Чорны замак Альшанскі». Гэта сапраўды знакавы для нашай культуры твор. За савецкім часам менавіта дзякуючы міфам і дэтэктыўным гісторыям Караткевіча людзі вярнуліся да беларускай літаратуры. Сёння фільм будуць здымаць расіяне. Кінакрытык Андрэй Расінскі ўзгадвае, што яшчэ два гады таму Ігар Вугольнікаў – старшыня тэлекампаніі «ТРО Союза» – выказаў намер экранізаваць менавіта гэты раман. «Думаю, што «Беларусьфільм» проста хоча далучыцца да паспяховага праекту. Вугольнікаў будзе лабіраваць свае інтарэсы». Варта сказаць, што пра­дзюсерам «Брэсцкай крэпасці» быў таксама ён. «На мой погляд, лепш за ўсё Вугольнікаў рэалізаваў сябе як акцёр, – кажа спадар Расінскі. – Яго наступныя працы – сцэнарыста, рэжысёра і прадзюсера – слабейшыя. «Брэсцкая крэпасць» – гэта наогул вельмі архаічнае кіно». Эксперт мяркуе, што «Чорны замак Альшанскі» выйдзе па-руску і згубіць беларускі кантэкст, аўтэнтычнасць. «Па шчырасці, і ранейшая экранізацыя 1984 года была вельмі стэрыльнаю. Такая яркая дэтэктыўная гісторыя варта большага экшэну. І для сучаснага гледача найлепш зрабіць фільм жахаў».

Як выглядае Беларусь праз кіно?

Нават для беларускага гледача айчын­нае кіно не складваецца ў цэласную карціну. Старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч кажа, што для замежнікаў цяжка зразумець беларусаў праз кіно, якое так і не склалася. «Яшчэ з савецкіх часоў засталіся дзве ўстойлівыя асацыяцыі наконт айчыннага кінематографа – гэта дзіцячае і партызанскае кіно. Але я не думаю, што гераізацыя крывавых пабоішчаў можа пазітыўна паўплываць на імідж краіны», – адзначае паэт. Ён чакае ад экранізацыі Караткевіча новага сучаснага прачытання твора. «Савецкая версія прэзентавала Радзівілаў ледзь не ворагамі, хоць творы Караткевіча ідэальна кладуцца для добрага кіно – з каларытнымі тыпамі, інтрыгай, яркім сюжэтам».

anastasia07

Беларусі відавочна не хапае іміджавага кіно. Каб гледачы ўбачылі нашыя традыцыі і гісторыю і хацелі б адправіцца да нас у падарожжа. Каб іх зацікавіў наш менталітэт і тое, як мы жывем тут, пасярод Еўропы. Каб шведы спрачаліся паміж сабою – якая ж ідэя беларускага народа? Каб іспанцы задавалі пытанні – дык хто меў рацыю ў падзеле Рэчы Паспалітай? Каб для французаў склаўся яскравы вобраз беларускага кахання, а італьянцы даведаліся, што наша мова – другая ў свеце па мілагучнасці пасля іхняй роднай мовы. Відавочна, што для гэтага трэба, каб самі беларусы ведалі адказы на такія простыя і важныя пытанні.

Дарэчы

...Брытанскі комік Саша Барон Коэн аднойчы няўдала пажартаваў наконт культуры Казахстана ў эфіры тэлеканала MTV. Урад краіны ініцыяваў не толькі судовую справу, але і ўсімі магчымымі сродкамі пачаў адстойваць імідж Казахстана за мяжой. Быў выдадзены адмысловы дадатак да газеты The New York Times, прысвечаны Казахстану, а ў амерыканскім пракаце з’явіўся гістарычны фільм «Качэўнікі». У адказ на гэта Коэн зняўся ў парадыйным фільме пра казахскага журналіста з імем Борат. Стужка стала надзвычай папулярнай і атрымала шмат узнагародаў, а ўрад Казахстана вылучыў 10 млн долараў на стварэнне іміджу, які асацыяваўся б з Боратам за мяжой. Дарэчы, пасля выхаду фільма на экраны ў Казахстане ў пяць разоў павялічылася колькасць замежных турыстаў і ў тры разы – заказ гасцініц.

Паказальны прыклад і са стужкай «Sex & the City». Бізнэсоўцы з Арабскіх Эміратаў уклалі грошы ў апошнюю частку фільма, далёкую ад іх паняццяў маралі, але дзякуючы гэтаму змаглі прэзентаваць Захаду новы Усход – мадэрновы і адкрыты для турыстаў.

* Кадры з кінафільма «Анастасія Слуцкая»

https://www.traditionrolex.com/8