Адар’я ГУШТЫН
За савецкімі часамі трэба было пастарацца, каб дастаць пуцёўку ў элітны санаторый. Іх выбівалі загаддзя, па блату. Вандроўку планавалі на год наперад. А цяпер у гэтых санаторыях абвальваецца цэгла. І там, дзе Ніл Гілевіч пісаў свае вершы, зараз расце бур’ян.
Разбураны санаторый ацанілі амаль ў 355 тыс. долараў
Санаторый «Лясное» ў Валожынскім раёне пабудавалі ў пачатку 1970-х гадоў. У свой час гэта было элітнае месца для адпачынку. Нават зараз, калі танцпляцоўка зарасла травой, а шкло ў шыбах павыбівалі, бачна, наколькі велічным быў гэты будынак.
Апісанне санаторыя зараз можна адшукаць найперш на сайтах для аматараў экстрымальнага адпачынку. У такіх будынках сталкеры ладзяць спаборніцтвы. «Сам санаторый з'явіцца пасля таго, як вы павернеце з-за лесу. Толькі не палохайцеся – закінуты велізарны будынак, вышынёй з 10-павярховы дом, з вежай-вышкай ў выглядзе карабля, сапраўды выклікае панурае ўражанне», – чытаем апісанне на форуме сталкераў. Занядбаным санаторый стаў пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе. Тады з’явілася інфармацыя, што на месцы санаторыя ўтварылася радыёактыўная пляма. Цяпер ля ўваходу ў будынак нацягнуты сіні дрот, які вядзе да сігналізацыі. Вартаўніка на месцы няма, таму многія вандроўнікі перакрочыўшы дрот, апынаюцца ўнутры будынка. Карціна блізкая да той, якую мы бачым ў сюжэтах пра чарнобыльскія рэгіёны, адкуль прымусова высялялі людзей. Іржавыя трубы, абсыпаная тынкоўка, звонку абвалілася цэгла і даўно ў аварыйным стане гаўбцы. 25 год будынак без дагляду, без ацяплення і без людзей.
Ля цэнтральнага ўваходу захавалася старая шыльда – санаторый «Лясное» Міністэрства сувязі БССР. У сучасным міністэрстве пра гэты санаторый нічога не ведаюць. І апошнім ягоным уладальнікам было УП «Геасэрвіс». «За гэты час будынак каму толькі ні належаў: і Міністэрству сувязі, і Міністэрству архітэктуры і будаўніцтва, пасля вось нашаму прадпрыемству. У нас яго абяцала выкупіць Міністэрства аховы здароўя – для прымусовага лячэння хворых на сухоты, але пасля яны адмовіліся ад гэтага», – заўважае дырэктар Пётр Лісоўскі. Ён дадае, што ў ліпені будынак выставілі на аукцыён. Паводле паведамлення аб правядзенні адкрытага аукцыёна Фонда «Мінскаблдзяржмаёмасці», уладальнік выставіў кошт у эквіваленце 354 900 долараў. Пакупнік не знайшоўся, і «Геасэрвіс» зараз ізноў пераацэньвае маёмасць і спрабуе заявіць санаторый на аукцыён паўторна.
Пісьменнікі згубілі «Дом творчасці»
На іншым беразе Іслачы калісьці таксама віравала жыццё. Тут знаходзіцца «Дом творчасці», куды на адпачынак прыязджалі беларускія літаратары. Пісьменнік Алесь Пашкевіч узгадвае, як у 70-х гг. Савет Міністраў БССР зацвердзіў будаўніцтва дома для творчай дзейнасці і адпачынку пісьменнікаў. «Дагэтуль пісьменнікі адпачывалі ў невялікім драўляным доме ў Каралішчавічах. Але месца там не хапала, таму і пабудавалі «Дом творчасці» ў хваёвым бары пад Ракавам», – кажа спадар Пашкевіч. Ён узгадвае, што у 80-я для Іслачы быў сапраўдны зорны час. «Палова напісанага і задуманага беларускімі пісьменнікамі ў гэты перыяд рабілася менавіта тут – у «Доме творчасці», таму для літаратараў гэта сапраўдная страта».
Пісьменнікам давялося прадаць санаторый – пасля распаду СССР утрымліваць яго для грамадскай арганізацыі было занадта дорага. Справа з продажам «Іслачы» пачалася ў 2003 годзе. «Дом творчасці» належаў Беларускаму літаратурнаму фонду, які займаўся тэхнічнымі пытаннямі жыцця пісьменніцкай супольнасці: спрыяў выданню кніг, арганізацыі адпачынку, дапамагаў матэрыяльна. Па рашэнні Вышэйшага гаспадарчага суда будынак выставілі на аукцыён. Яго набылі за 5,5 млрд руб. Сёння будынак занядбаны і чакае рэканструкцыю. На адным з форумаў турыст апісвае ўбачанае: «Выбітыя вокны, раскіданыя ў бібліятэцы кнігі, стаянка, якая зарасла травой, – будынак як быццам бы пасля катастрофы нейкай». Аднак ў доме дзяжурыць вартаўнік, які кажа, што ўсё самае цікавае і каштоўнае адсюль даўно вывезлі. Хто набыў месца сустрэчы творчай інтэлегенцыі – невядома. У «Беллітфондзе» кажуць, што грошы за прададзены будынак на іх рахунак так і не паступілі.
На месцы савецкага пансіяната – «Рыцарскі замак»
Такі самы лёс мог чакаць і пансіянат Саюза тэатральных дзеячаў. У канцы 80-х гг. у Астрашыцкім гарадку ля Мінску пабудавалі трохпавярховы дом для адпачынку. Але ў 1991 годзе распаўся СССР, і ўзніклі сур’ёзныя праблемы з фінансаваннем. Каля 15 год гэты пансіянат ніхто не абслугоўваў. А некалькі год таму яго вырашылі аднавіць. Старшыня ТАА «Рыцарскі замак» Дзмітрый Нясцюк узгадвае, як паўтары гады тут выпраўлялі праблемы з каналізацыяй, аднаўлялі сантэхніку. «У нас шмат планаў на гэты будынак. Ужо зараз функцыянуе гасцініца, якая стабільна на 80% запаўняецца турыстамі. Але мы не спыняем аднаўленне. Яна будзе цалкам аформленая ў сярэднявечным стылі», – кажа ён. Дарэчы, стылізацыю дапамагае рабіць прафесійны рэстаўратар з Міра. І на бліжэйшыя выходныя ўсе месцы ў гасцініцы забраніраваныя – тут будзе праходзіць рыцарскі фэст «Белы замак». «Многія турысты, што прыязджаюць у сталіцу, вырашаюць спыніцца ў нас, бо гэта зусім недалёка ад горада і каштуе ўсяго 42-49 тыс. рублёў», – кажа спадар Нясцюк.
Кліентаў тут чакаюць круглы год. Увесь час працуюць кухня, кафэ. Так што некаторыя турысты жывуць месяцамі. З адметнасцяў – рыцарская атрыбутыка і цудоўная прырода – пансіянат знаходзіцца пасярод леса. Вось так будынак, за які амаль ў аварыйным стане ўзяліся рыцары, патрошку ажывае, а ад турыстаў ужо адбою няма.
У чаканні інвестара
Тым часам дзясяткі санаторыяў працягваюць панура стаяць у беларускіх лясах. У кожнага з іх фармальна ёсць гаспадары, але ў прадпрыемстваў хапае іншых клопатаў. Дырэктар УП «Геасэрвіс» Пётр Лісоўскі адзначыў: «Аднаўляць санаторый «Лясное» – ніякай выгоды для нас. Таму і прадаем яго ў такім разбураным стане».
Дзяржаўны камітэт па маёмасці прапаноўвае некалькі варыянтаў вырашэння праблемы. Першы варыянт – зносіць будынак і перадаваць зямлю райвыканкаму, другі – будаваць новы аб’ект ці афармляць зямельны ўчастак і трэці – выстаўляць аб’ект на аукцыён.
На паперы ўсё выглядае сапраўды проста, аднак многія прадпрыемствы, на балансе якіх знаходзяцца санаторыі, не маюць сродкаў нават на тое, каб знесці будынак і прыбраць смецце.
Закінутыя беларускія санаторыі могуць ажыць. Зараз яны чакаюць гаспадарлівага інвестара. І застаецца спадзявацца, што да гэтага часу іх не раскрадуць да апошняй цэглы «прадпрымальныя» грамадзяне.