https://www.traditionrolex.com/8
<p>Пра расійскія дарогі, Барадзіно, Маскву, маскоўскае метро, савецкую спадчыну и Чырвоную плошчу</p>

Раман АБРАМЧУК

Расійскія дарогі

Адразу трэба агаварыцца: пабачыў я толькі Піцер, Маскву і некаторыя ваколіцы з дарогамі. Дарогі горш за нашыя (яміны-калдобіны) толькі на некаторых участках, але будзем шчырымі: Беларусі і не снілася такая плынь грузавога транспарту, які боўтаецца туды-сюды па расійскіх магістралях. Бясконцы ланцуг фураў, што не едзе, а павольна цягнецца з-за пробак – гэта норма. Сюды ж «спішам» горы смецця паабапал дарог, улічыўшы таксама іх кіламетраж (дзе ж тут за ўсім дагледзіш?!). У маёй галаве не адразу «ўклаўся» дарожны паказальнік дзесьці пад Масквой – «Санкт-Пецярбург – 730». Потым зразумеў, што ў Беларусі паказальнікаў з такой адлегласцю проста няма. А вось атрутны баршчавік, які ледзь не шатамі дрэў змыкаецца над цэнтральнымі магістралямі – сапраўды жахае. Адчуванне, быццам едзеш не ў сталіцу, а да чорта на кулічкі. Па словах саміх жа рускіх – гэта сапраўдная бяда, якой пакуль не могуць даць рады: у свой час баршчавік пачалі выводзіць для корму жывёлы, і не ўлічылі яго звышхуткае высяванне і распаўсюд. Таксама напалохала адсутнасць выразнай раздзяляльнай зоны паміж супрацьлеглымі палосамі руху на трасе. Рускія браткі на джыпах любяць разагнацца, «да с ветерком». І ад такога аматара хуткай язды, што імчыць насустрач, на многіх участках дарогі (я кажу пра трасу Масква-Піцер) – аддзяляе толькі сімвалічная белая палоска. Па дарозе са сталіцы ў сталіцу сустрэлі тры аварыі. Накрытыя целы, машыны «ўсмятку»... Пару хвілін назад, едучы на марудным грузавічку, шкадаваў, што не сяджу ў такім вось шалёна-хуткім джыпе, цяпер нават форму якога цяжка вызначыць...  

re1    

Барадзіно

Менавіта тут мне было наканавана пражыць цэлы тыдзень у цесных стасунках з рускімі ды не толькі рускімі. Найпрыгажэйшая прырода, падобная да нашай Маладзечаншчыны. Пра гэта месца ледзь не кожны школьнік зможа працытаваць з паэмы Лермантава. Барадзінскае поле – гэта велізарны абшар, бо лінія баёў паміж рускімі і французамі пастаянна змянялася. На полі размешчана больш за  паўтары сотні помнікаў і памятных знакаў. Акрамя гэтага у ваколіцах – старыя манастыры. Адзін з іх быў заснаваны графіняй Тучковай – маладой удавой, якая нават не змагла знайсці цела свайго 28-гадовага мужа сярод гары трупаў: генерал загінуў пры самааданых спробах штурму французскіх ўмацаванняў...

Жадаючы пад’ехаць аўтаспынам, «ловім» грузіна на джыпе. Імя вадзіцеля – Баграт, у гонар Багратыёна, які загінуў ў кіламетры ад нас. Вадзіцель аказваецца падкаваным знаўцам мясцовых помнікаў: ледзь не гадзіну распавядае пра слаўны царскі грузінскі род Багратыёнаў, пра ваенны геній генерала Багратыёна, на якім толькі і трымалася лінія Барадзіно, пра яго смяротнае раненне... Лежачы пад тонамі бінта у адной з мясцовых хат, генерал даведаўся, што Кутузаў даў загад адступаць да Масквы. Калі лекары выйшлі адпачыць, Багратыён ускочыў з ложка, жадаючы вярнуцца да арміі, але зноў адкрылася рана, і кроў ужо немагчыма было спыніць... Спадабалася, што мясцовы люд ведае сваіх герояў (гэту легендарную гісторыю мы чулі потым яшчэ ад нашых рускіх знаёмцаў). Уздоўж дарог – вялікія інфармацыйныя стэнды з партрэтамі герояў барадзінскіх баёў, біяграфічнымі даведкамі і пазнакай камерцыйнага банка, які прафундаваў гэтую акцыю мясцовага музея.

Напрыканцы міні-экскурсіі Баграт канчаткова здзіўляе прызнаннем: ён – заснавальнік завода па вытворчасці малака пад назвай «флешы Багратыёна». Кажа, што пры афармленні дзелавых папер пастаянна прыходзіцца тлумачыць сваім партнёрам, што гэта такое (фартыфікацыйнае ўмацаванне, што выкарыстоўвалася ў баях на Барадзіно). Вось вам і прыклад папулярызацыі гісторыі свайго краю! На развітанне запрасіў нас, беларусаў, у цяжкі для нашай эканомікі час на працу на сваё прадпрыемства. Усур’ёз падзякавалі.

Масква

Дэсантная вылазка ў сталіцу імперыі была здзейснена ў будні дзень, што дало магчымасць пабачыць сталічнае жыццё без прыўкрас. Зноў прыемны момант: нас падбірае на трасе вадзіцель – дырэктар турфірмы, кіраўнік грамадскай арганізацыі па дапамозе інвалідам, часты госць у чыноўніцкіх кабінетах. Распавядае пра сучасную Расію не па чутках. На Кутузаўскім праспекце (уезд у Маскву з боку мінскай трасы) акрамя гіганцкіх скульптураў барадзінскага музея нас сустракаюць першыя пробкі. Я марыў іх убачыць. Мне хацелася праверыць: ці сапраўды масквічы чысцяць бульбу на вячэру, стоячы ў іх? Але зараз – поўдзень, гадзіна пік, мы стаім у абедзеннай чарзе. Наш вадзіцель каменціруе сітуацыю: «пакуль не праедзе Рублёўка (самы багаты раён Масквы – Р.А.), – светлафор не зменіцца». Светлафоры рэгулююцца міліцыяй сітуацыйна, залежна ад таго хто і куды едзе, і якога колеру ў яго штаны – жоўтыя або малінавыя. Але вось сапраўдныя героі трасы – машыны з мігалкамі. Справа ў тым, што па цэнтры сваіх праспектаў масквічы пакідаюць абавязкова вольную паласу, каб па ёй мог праехаць прывілеяваны аўтамабіль. У Маскве іх – некалькі соцень, нягледзячы на нядаўнія «скарачэнні» гэтага спісу Пуціным. Мы, простыя смяротныя, за адзін дзень спадобіліся ўбачыць не менш за сем такіх машын. Але тут жа, на Кутузаўскім, у гадзіну пік, іх чакае акцыя ад маскоўскіх грамадскіх арганізацый: стоячы прама па цэнтры праспекта, актывісты трымаюць расцяжкі «Мигалки – позор России», «Настоящему мужчине мигалка не нужна» і інш. Вадзіцелі ў пробачных чэргах сігналяць у знак падтрымкі.

re3

Маскоўскае метро

Маскоўскі метрапалітэн знакаміты не толькі сваёй заблытана-гіганцкай сеткай станцый. Цэнтральныя станцыі захоўваюць сваё афармленне з савецкіх часоў, якое, трэба прызнаць, заваблівае, як сапраўдная мастацкая галерэя, сваімі мазаікамі, мастацкімі пано. Акрамя гэтага – дзе яшчэ лепей адчуеш дух гэтай сусветна вядомай сталіцы з яе шалёнай хуткасцю? Кожны масквіч ведае, колькі каштуе адна хвіліна яго часу. І ў той жа час рускія (праўда, іх не шмат у Маскве) умеюць аддаваць гэтыя рублі-хвіліны тым, каму гэта неабходна: наш вадзіцель-бізнесмэн вязе нас да самай Чырвонай плошчы, распавядаючы па дарозе пра горад, хоць яму зусім не ў той бок. І на вуліцах нам яшчэ не раз патрапіліся жыхары гэтага Вавілона, каму іхнія хвіліны-рублі былі менш важныя за жаданне дапамагчы вандроўнікам...

Маскоўскае метро нагадвае тысячы норак, па якім бегаюць мітуслівыя звяркі. Але там, дзе цяжар становіцца невыносным, узнікаюць нечаканыя зоны прасвятлення: у маскоўскім метро няма рэкламы. Ні відэа-экранаў, ні плакатаў у вагонах, хіба толькі гукавыя паведамленні ў зоне эскалатараў. Але ў вагонах замест тысячаў дробных скрадальнікаў вашай увагі (рэкламных аб’явак) вас могуць сустрэць Страшыла з Жалезным Дровасекам, Нязнайка, тры таўсцякі і іншыя героі любімых кніг дзяцінства. Відаць, гэтая сацыяльная акцыя маскоўскага метрапалітэна скіравана на «вызваленне» жыхароў Масквы ад шалёнай мітусні метро... Але вось і вяртанне ў рэчаіснасць: пешаходная пробка на выхадзе з падземнага пераходу, з-за дажджу на вуліцы людзі не хочуць ісці наверх, згрувашчваюцца на прыступках. У мяне – інстынкт Нямігі і страх маскоўскіх тэрактаў, хочацца выбрацца з такога натоўпа як мага хутчэй. Нярвуюся. Але як і ўсе, хто носіць праклён гэтага горада, я павольна-павольна ўзбіраюся па прыступках да свежага паветра. На вуліцы – «нормальный летний дождь», пад якім толькі і трэба што «шагать по Москве». І я рады свежай порцыі кісларода. Каля пераходу на Шабалаўцы індзейцы ў каляровым пер’і забаўляюць жыхароў мікрараёна сваімі свірэлямі пад магнітафонную мінусоўку. Для поўнага абсурду не хапае толькі вампіраў-міліцыянераў на эскалатарах і Леніна ў царскай карэце. Але Ленін якраз на сваім месцы.

Савецкая спадчына

Ужо ў раёне Арбата вас сустракаюць шыкоўныя мазаічныя пано на кінатэатрах і крамах савецкіх часоў. Па ўсім відаць – гэта тут цэніцца. Сацыялістычны «фэшн», элементы раскошнай гарадской архітэктуры і інтэр’ераў савецкай эпохі тут беражліва захоўваюцца, верагодна, узведзены ў ранг помнікаў і граюць сваю ролю ў прывабліванні турыстаў (добры прыклад для нас, якія гатовы зносіць цэлыя кварталы каштоўных «сталінак» дзеля чарговага спальнага раёну). «Сталовая № 57» побач з экспазіцыяй аб савецкім ГУМе і палёце Гагарына – глядзіцца шыкоўна і дастойна ў асяроддзі глянцавых вітрынаў сусветна вядомых брэндаў. Акрамя гэтага на дамах у цэнтры – у дадатак да новых назваў – шыльды са старымі, савецкімі назвамі вуліц, плошчаў, з кароткай гістарычнай даведкай пра падзеі савецкага часу. Там – гэта ўжо гісторыя. І тут разумееш, наколькі мы адстаем ад нашых усходніх, быццам бы «мала цывілізаваных» суседзяў: нашы «Кнорына», «Савецкая», «Дзяржынскага» – гэта жывая рэальнасць для беларусаў, з якой яшчэ трэба выбірацца... Для іх – гэта ўжо позірк назад, перажытае.

Але сэрца маё не супакоілася б, калі б не пабываў у «святая святых» Камуністычнай дзяржавы – Маўзалее. Трэба было адстаяць паўгадзінную чаргу з сотнямі в’етнамцаў і кітайцаў, каб патрапіць да Крамлёўскай сцяны. Уваход, дарэчы, бясплатны, толькі ўсе рэчы неабходна здаць у платнае бюро захоўвання. Ужо калі я праходзіў уздоўж сцяны, на якой –  надмагільныя таблічкі з імёнамі савецкіх дзеячаў розных гадоў – мяне апанавала пачуццё жудасці ад гэтага дзяржаўнага некропалю. Сама высачэзная Крамлёўская сцяна, якая да таго ж абгароджана і абстаўлена міліцыяй, – выглядае як сімвал раздзеленасці дзяржаўнай улады і грамадства. Дзіўна, але сацыялісты, якія імкнуліся разбурыць мяжу паміж людзьмі з «блакітнай крывёй» і працоўным людам, зрабілі яе не менш выразнай, чым у дваранскай Расіі.  І вось вам вышэйшая каста – Палітбюро, вярхушка НКВД-КДБ, героі рэвалюцыі 1917 г. – сімвалічна ўмураваны ў Крамлёўскія сцены, дзе, верагодна, кожнае месца для чарговага нябожчыка актыўна абмяркоўвалася: ці годны ён ляжаць тут? Месцы, недаступныя простым смяротным... Але галоўная «святыня» была наперадзе...

re2

Людзі рухаюцца вельмі павольна, у нейкай урачыстай цішыні. Заходзяць у таўшчэзныя сцены з чырвонага мармуру, акунаюцца ў замагільны холад. У ахоўнікаў цёмнае адзенне, іх бляклыя твары ледзь-ледзь можна ўбачыць у змрочных кутах пахавальні. Спрабую наладзіць кантакт (не хочацца верыць, што я памёр!), штурхаю іх пытаннямі накшталт «у вас хоць форма ўцепленая?». Але не дапамагае – замагільныя служыцелі толькі маўкліва, без адзінай эмоцыі на твары паказваюць мне кірунак руху... А вось і ён, геніяльны бунтар, палымяны прамоўца, вялікі ідэолаг, арганізатар масавых народных хваляванняў і ў выніку – дзяржаўнага перавароту 1917 г. – ляжыць пад шкляной колбай з неабходным тэмпературна-светлавым рэжымам (сам пастамент падсвечваецца). Што б ні казалі сёння, але я не згодны, што Ленін – гэта «пасланнік д’ябла», які «загубіў Расію». Усё-такі выразіў памкненне мільёнаў тагачасных працоўных і сялянаў, арганізаваў іх на барацьбу за свае правы, раставіў кропкі над «і» у адносінах дзяржавы і царквы. Давайце ўзгадаем – адкуль мы маем 8-гадзінны працоўны дзень і два законныя выхадныя дні? Ці не з часоў барацьбы пралетарыята і капіталістычных бонзаў?..  Іншая справа, якімі сродкамі была здабыта перамога. І самае важнае – якую мэту мела яна напачатку? І вось гэты маленькі «сумнеў» і разрастаецца тут, у Маўзалеі, у магутнае нежаданне станавіцца на шлях марксісцкіх ідэй. Бо шкляная колба з падсветкай ў холадзе – гэта вянец марксісцкага вучэння аб жыцці чалавека. Якімі б справядлівымі і высакароднымі ні былі гэтыя ідэі, але пасля смерці яны могуць абяцаць хіба што абследаванне костак у «НДІ мікрабіялогіі АН СССР», змяшчэнне ў музеі рэлігіі або ў Крамлёўскай сцяне, або... Ці не ўсё роўна? Марксісты сваім вучэннем хацелі сарваць покрыў таямніцы з пытання аб смерці, які прысутнічае ў культурах усіх народаў без выключэння, і яны дамагліся свайго. І гэтым перакрэслілі чалавечую надзею  на зялёную лужайку з матылькамі і дзіцячым смехам пасля апошняга парога. І, магчыма, Ленін ляжыць там дагэтуль, каб кожны чалавек мог выбіраць свае ідэйныя арыенціры, маючы такі прыклад «перамогі» марксісцкага вучэння перад вачыма. 

Чырвоная плошча

Па Чырвонай плошчы можна гуляць з сапраўдным рэлаксам, смела заводзіць гутаркі з ветлівай міліцыяй, фатаграфаваць усё што падабаецца, – вы тут гаспадар. Нават чысцюткія туалеты па ўсім перыметры Крамлёўскага комплексу – для вас абсалютна бясплатна. Маленькае турыстычнае гета ў краіне з парушанымі правамі чалавека і неўладкаванай эканомікай. Але колькі мне б ні казалі пра прыгажосць сабора Васіля Блажэннага – у мяне заўжды будзе перад вачыма кадр з «Андрэя Рублёва» Таркоўскага, дзе рускім дойлідам  выколваюць вочы, каб не збудавалі болей нічога падобнага па прыгажосці. І няважна, што сёння гэтую легенду аб будаўніках сабора Васіля Блажэннага актыўна аспрэчваюць гісторыкі. Гэта легенда дарэчна глядзіцца на фоне іншых справаў «вялікага збіральніка рускіх зямель». Ды і самі купалы сабора, якія  прывабліваюць яркімі колерамі здалёк, ужо зблізу ніяк «не кладуцца» на сэрца з-за сваіх агрэсіўных шыпоў і вострых ламаных ліній. Тут жа, каля сабору – Лобнае месца, усталяванае Іванам Жахлівым для абвяшчэння дзяржаўных загадаў, якое пазней стала месцам публічных пакаранняў. Нягледзячы на тое, што спадчына Івана Жахлівага «паглыбляе» ў часы, ад якіх можна весці гісторыю нашых доблесных спецслужбаў з іх катаваннямі і палітычным ціскам на чалавека, – мяне прыемна здзіўляе стаўленне да гістарычнай спадчыны ў Маскве. Адноўленыя саборы, адноўленыя ў пачатку 2000-х фрэскі... Масква радуе павагай, адраджэннем цікавасці да перадсавецкай гісторыі. Як сімвал гэтага вяртання – рэканструяваны сабор Хрыста-Збавіцеля. Гіганцкія памеры храмавага комплекса, які болей нагадвае музей-рэліквію імператарскай Расіі, прымушаюць задумацца аб памерах патрачаных сродкаў. Але ў сутарэннях храма – адказ на маё любазнаўства: шыльды з імёнамі сучасных «дваранаў», якія ахвяравалі грошы на гэтую будаўнічую «акцыю пакаяння».

Працяг будзе.

Што такое «распілаваць бюджэт» і «зрабіць Манежку» на мове сучаснага рускага? Чачэны, узбекі, таджыкі і іншыя сталічныя жыхары Расіі. Піцер Цоя, Дастаеўскага і інтэлігентных бабулек, а таксама чаму падворак у рускага парос зеллем? – усё гэта і яшчэ болей – чытайце ў наступнай частцы артыкула.

https://www.traditionrolex.com/8