https://www.traditionrolex.com/8
<p>Днямi экскурсаводы Грамадскага аб`яд-нання "Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў i гiдаў-перакладчыкаў" здзейснiлi экскурсiю па маршруту Мiнск - Орша - Ляўкi - Копысь - Александрыя. Экскурсавод Леанiд Мельнiцкi распавёў сваiм калегам пра знакамiтыя гарады i селiшчы, якiя сустракалiся на маршруце.</p>

Мiкола ЧЫРСКi, старшыня ГА "БАЭiГП", фота Сягрея ПЛЫТКЕВiЧА

        Хто забыў сваiх продкаў -
                              сябе губляе,
        Хто забыў сваю мову -
                              усё згубiў.
                
                            У. Караткевiч

Днямi экскурсаводы Грамадскага аб`яд-нання "Беларуская асацыяцыя экскурсаводаў i гiдаў-перакладчыкаў" здзейснiлi экскурсiю па маршруту Мiнск - Орша - Ляўкi - Копысь - Александрыя. Экскурсавод Леанiд Мельнiцкi распавёў сваiм калегам пра знакамiтыя гарады i селiшчы, якiя сустракалiся на маршруце.

orcha  

Дарога

Маршрут праходзiць мiма Кургана Славы, Смалявiчаў, Жодзiна. Недалёка ад Жодзiна знаходзiцца другi па памерах горад Мiншчыны - Барысаў. Горад заснаваны ў 1102 годзе полацкiм князем Барысам Усяславiчам, якi даў гораду iмя, i размешчаны на важным стратэгiчным напрамку, таму займае асаблiвае месца ў гiсторыi нашай Бацькаўшчыны. Тут, на берагах Бярэзiны, у лiстападзе 1812 года салдаты рускай армii праявiлi высокую мужнасць i гераiзм. Каля в. Студзёнка, што пад Барысавам, перапраўлялася армiя Напалеона, i, па сутнасцi, тут яна перастала iснаваць. Цiхiя, глухiя берагi Бярэзiны ў гэтым месцы нiколi болей не бачылi такой процьмы салдат. Можна ўявiць сабе, як векавыя елкi з цяжкiм грузам снега на вялiзных лапах нiбыта са здзiўленнем глядзелi на страката апранутых салдат Напалеона, якiя з крыкамi надзеi i бездапаможнасцi беглi на заходнi бераг ракi, трымаючы на плячах нарабаваны ў Маскве скарб.

А вось пазнейшая старонка гiсторыi. У гады мiнулай вайны Барысаў праявiў сапраўдныя мужнасць i гераiзм. У гэтых мясцiнах гераiчна змагалiся курсанты танкавага вучылiшча i байцы 1-й Маскоўскай мотастралковай дывiзii. У чэрвенi 1941 года ў якасцi ваеннага карэспандэнта ў баях на подступах да Барысава ўдзельнiчаў Канстанцiн Сiманаў. Пра баi на Бярэзiне ён расказаў у рамане "Жывыя i мёртвыя".

Наступны горад на нашым шляху - Крупкi, якiя згадваюцца ў летапiсе ў XVI ст. Па суседству з Крупкамi - Халопенiчы - радзiма бацькi нашага слыннага паэта Максiма Багдановiча - Адама Ягоравiча, а побач - мястэчка Бобр. Тут жыве сучасны беларускi мастак Алесь Пушкiн, тут жа знаходзiцца распiсаная iм царква.

Смаляны

На гэтай частцы маршрута ўражваюць руiны замка "Белы Ковель". Замак быў пабудаваны ў першай чвэрцi XVII ст. князем  С. Сангушкам-Кавельскiм з буйной цэглы i невялiкiх камянёў, моцна пашкоджаны ў час Паўночнай вайны ў 1708 г., канчаткова разбураны ў 1-й палове XIX ст. Да нашага часу захавалiся толькi рэшткi вежы. На ўсходняй частцы вёскi - дамiнiканскi касцёл (другая палова XVIII ст.) На жаль, касцёл - у вельмi дрэнным стане. Помнiк - прыклад архiтэктуры позняга барока. На старых каталiцкiх могiлках - магiла паэта-рамантыка Томаша Зана. Канешне, Томаш Зан заслугоўвае таго, каб распавесцi аб iм больш падрабязна.

Нарадзiўся Томаш Зан 21.12.1796 г. у маёнтку Мясата ў шляхецкай сям'i. Скончыў Мiнскую гiмназiю i Вiленскi ўнiверсiтэт. Як адзiн з арганiзатараў i кiраўнiкоў тайных студэнцкiх таварыстваў фiламатаў i фiларэтаў быў арыштаваны ў 1823 г. i ў 1824 г. сасланы ў Арэнбург. Арганiзаваў там прыродазнаўчы музей, вёў навуковыя даследаваннi. У 1841 г. вярнуўся ў Беларусь, набыў фальварак Кахачын каля Оршы. Збiраў мiнералы, вывучаў флору, цiкавiўся беларускiм фальклорам. Лiтаратурную дзейнасць пачаў у 1817 г. Пiсаў балады, вершы, камедыi. З яго дзённiка "З ссылкi", што дайшоў да нас, вiдаць, якi ўплыў на яго творчасць аказала сяброўства з А. Мiцкевiчам. У камедыi "Грэцкiя пiражкi" (1817 г.) адлюстраваны беларускiя вясельныя i купальскiя абрады, народныя вераваннi. У мове шмат беларускай лексiкi, прыказак i фразеалагiзмаў. Памёр паэт 19.07.1855 г. На магiле ўстаноўлена мемарыяльная плiта. Захаваўся малюнак Н. Орды "Помнiк Томаша Зана", зроблены ў 1877 г. ў Смалянах. У в. Мясата на ўшанаванне памяцi Т. Зана на будынку школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Неўзабаве сярод палёў на невялiкiх пагорках з'явiлася Орша. Экскурсiю па Аршаншчыне для нас правяла экскурсавод Лiлiя Радомская.

Орша

Упартая плынь Дняпра, старыя дамы, манастырскiя муры Куцейны, суток з Аршыцаю: Гледзячы на крутыя дняпроўскiя берагi, разумееш дух гэтага месца, што паўстала на ўрадлiвай зямлi на скрыжаваннi старых гандлёвых дарог. Адсюль паходзяць старадаўняе "Аршанскае Евангелле" i унiкальны "Аршанскi кодэкс". Вялiкi горад з вялiкай гiсторыяй. Захавалася Замчышча. Цяпер на iм - адмысловая пляцоўка з памятным знакам, адкуль адкрываюцца самыя цiкавыя вiды на горад. Замак збудаваў Вiтаўт Вялiкi. Менавiта ў яго пакоях Канстанцiн Астрожскi святкаваў вялiкую перамогу 1514 года. Дарэчы, выхадцы з аршанскай зямлi ўнеслi значны ўклад ў гiсторыю. Менавiта Андрэй Кабыла, баярын аршанскi, у XIV ст. паехаў на службу ў Маскву i стаў адным з заснавальнiкаў царскай дынастыi Раманавых. З Оршы пiсаў свае "Лiсты" Фiлон Кмiта-Чарнобыльскi - стараста аршанскi i ваявода смаленскi. Пасля Кмiты пасаду аршанскага старасты доўгi час займалi Сапегi. Адсюль рушыў аршанскi харунжы, легендарны герой Самуэль Кмiцiч, правобраз Анджэя Кмiцiца ў рамане Сянкевiча "Патоп". У 1613-1650-я гады ў Оршы пры Куцеiнскiм Багаяўленскiм манастыры працаваў друкар Спiрыдон Собаль, якi выдаў у Оршы першы беларускi "Буквар", сам прыдумаў гэтае слова, вядомае цяпер усiм усходнiм славянам з маленства. А ў 1812 г. iнтэндантам Оршы iмператар Напалеон прызначыў Анры Мары Бэйля, вядомага ў свеце як Стэндаль, класiка еўрапейскай лiтаратуры, якi знайшоў тут сваё каханне. У 1813 г. сюды прыехаў генiяльны iван Насовiч, выбiтны лексiкограф, стваральнiк першага класiчнага "Слоўнiка беларускай мовы". Тут ён працаваў настаўнiкам i iнспектарам Аршанскага духоўнага вучылiшча.

А яшчэ Орша - гэта Уладзiмiр Караткевiч: У Прыдняпроўскiм парку - помнiк Уладзiмiру Сямёнавiчу. У доме, дзе некалi быў раддом, цяпер музей творцы. "Рабi нечаканае, рабi, як не бывае, рабi, як не робiць нiхто, - i тады пераможаш: Таму што чалавек толькi тады чалавек, калi ён дзёрзка рве панылае наканаванне i плюе на "спрадвечны" закон", - так пiсаў i жыў Уладзiмiр Караткевiч. Ён нарадзiўся ў Оршы. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся на фiлалагiчным факультэце Кiеўскага унiверсiтэта, на Вышэйшых лiтаратурных i сцэнарных курсах у Маскве, затым пераехаў у Мiнск. З 1951 года iмя Караткевiча стала з'яўляцца ў перыядычных выданнях. Праз шмат гадоў крытыкi назавуць яго "заснавальнiкам нацыянальнага гiстарычнага рамана". Мастацкаму ўвасабленню падзей даўно мiнулых дзён прысвечаны яго раманы "Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi", "Каласы пад сярпом тваiм", "Чорны замак Альшанскi", аповесцi "Дзiкае паляванне караля Стаха" i "Чазенiя". А яшчэ з-пад пяра Уладзiмiра Сямёнавiча выйшлi чатыры зборнiкi вершаў: "Матчына душа", "Вячэрнiя ветразi", "Мая iлiяда", "Быў. Ёсць. Буду". У вершы, якi даў назву апошняму, выкладзена вядомая фiласофская формула пiсьменнiка:

    Быў. Ёсць. Буду.
    Таму, што заўжды, як пракляты,
    Жыву бяздоннай трывогай,
    Таму, што сэрца маё распята
    За ўсе мiльярды двуногiх.

З Оршы па старым гасцiнцы накiроўваемся ў Ляўкi. Ляўкi - паэтычна прыгожы, маляўнiчы куток на Аршаншчыне. Тут была Купалава дача, пабудаваная па ўрадавай пастанове да 30-годдзя творчай дзейнасцi народнага песняра. Сюды, на Аршаншчыну, з чэрвеня 1935-га па чэрвень 1941 года Я. Купала прыязджаў штогод у пачатку вясны i заставаўся да позняй восенi, да тае пары, калi першы жураўлiны вырай праносiўся над Дняпром, адлятаючы ў нязнаныя краi. Аб гэтых мясцiнах хораша ўспамiнаў Якуб Колас: "Дачны домiк Я. Купалы быў надзвычай удалы. Стаяў ён на высокiм беразе Дняпра, прытулiўшыся да высокага сасновага ляску, дзе было многа арэшнiку. Фасад домiка быў павернуты ў бок Дняпра".

У полымi вайны дача Я. Купалы згарэла. У 1962 годзе, да 80-годдзя са дня нараджэння паэта, у знак памяцi на будынку былой канторы Копысскага ляснiцтва была адкрыта мемарыяльная дошка; тут жа адкрылi фiлiял музея Янкi Купалы. У 1978 годзе ўрад Беларусi прыняў рашэнне аб стварэннi мемарыяльнага запаведнiка "Ляўкi" плошчай 19 гектараў. У 1981 годзе дача Я. Купалы была адноўлена.

Мала што змянiлася тут з таго часу. Хiба толькi падраслi, памужнелi дубы. Хвоi, "выносныя, гордыя сосны", засталiся, здаецца, такiмi ж: "Вас, супакойныя, вецер калыша, думкi ўзнiмае шумам i цiшай", - казаў пра iх Купала. I неба - як у купалаўскi час - блакiтнае, глыбокае; тое ж сонца - яснае, гарачае; лёгкiя воблакi - вандроўнiкi-блуканцы. А спусцiшся па прыступках з кручы - i вось ён перад табою - дужы Дняпро. Угледзьцеся, якая магутная вечная плынь!

Як плынь купалаўскай паэзii: Няздарма ж тут, на беразе, любiў думаць-пiсаць паэт. Гэта вечная зменлiвасць дняпроўскае плынi, раскоша фарбаў-красак на шырокай сенажацi, i бераг, круты i стромкi, раскалыхвалi думнасць, абуджалi ў сховах падсвядомасцi вобразы:
...У днi святкавання стагоддзя з дня нараджэння Я. Купалы, у 1982 годзе, адноўлена Купалава дача, зноў запалiлася святло ў вокнах. Усё тут дыхае самою Яе Вялiкасцю Памяццю: i дом, у якiм жыў i працаваў паэт, i домiк шафёра, i гараж з легкавым аўтамабiлем паэта, i гаспадарчыя пабудовы. Утульнае лецiшча са смалiстага бярвення: "Я. Купала вельмi любiў Ляўкi за iх асаблiвую прыгажосць. Ён часта хадзiў на бераг Дняпра. Плытагоны спявалi песнi, якiя доўга неслiся над вадой, рэхам адгукаючыся ў бары. Цэлымi днямi бор напаўняўся птушыным шчэбетам. Ноччу i ранiцай увесь прастор аж дрыжаў ад салаўiнага спеву", - успамiнала У. Ф. Луцэвiч.

Трывожнае жыццё паэта, здаецца, працягваецца i цяпер. У блакiце Дняпра адлюстроўваецца помнiк Янку Купалу. Скульптар Анатоль Анiкейчык бачыць паэта чалавекам ужо далёка не маладым, якi шмат перажыў, прайшоў шляхi нялёгкiя, балючыя, з высокiм узлётам i чорнаю драмай. Я. Купала - у глыбокiм роздуме над лёсам Бацькаўшчыны. Ён сядзiць на лаўцы з сукаватым кiйком у правай руцэ, левай абапiраецца на спiнку лаўкi, да якой восеньскi вецер прыбiў пажоўклы аджылы лiст. Слухае паэт клiч роднай зямлi, слухае блiзкi пошум восенi.

Цяпер паэтаў задумлённы твар
У бронзе ўвекавечыў Анiкейчык.
Купалу ў палоне творчых мар
I песняра хвалюе лёс заўсёды нейчы.
Нямала падарожнiкаў далёкiх, невядомых
З усiх краiн часамi тут бывае.
Травой не зарастае сцежка каля дому,
Паэта постаць вечна тут жывая...
      (С. Шушкевiч. "У Ляўках ля помнiка Янку Купалу")

Не, не прывiд Купалаў блукае па маляўнiчых берагах Дняпра. Вера ягоная звонам коцiцца ўдалеч па зямлi Купалы...

Праз 5 км ад слынных Ляўкоў - летапiсная Копысь. Упершыню ўпамiнаецца ў Нiканаўскiм летапiсе пад 1059 г. Мястэчка належала князям Астрожскiм, Радзiвiлам, прынцэсам Найбургскiм. Мела магдэбургскае права. У XIV-XVIII ст.ст. iснаваў Копыскi замак. Размяшчаўся на ўзвышаным левым беразе Дняпра, на месцы гарадзiшча летапiснай Копысi. Быў ваенна-адмiнiстрацыйным цэнтрам старажытнага горада. Замак меў 4 бастыёны, драўляныя сцены, уязную вежу-браму з двайнымi варотамi i магутнымi запорамi. У ходзе ваенных падзей XVI-XVII ст.ст. зведаў неаднаразовыя аблогi i разбурэннi. У час Паўночнай вайны 1700-1721 гг. рускiя войскi спалiлi замкавыя ўмацаваннi i забралi ўсю зброю з арсенала. Копысь была буйным цэнтрам Рэфармацыi, мела вялiкi кальвiнскi збор i бiблiятэку. Копысь - гэта яшчэ i цэнтр ганчарства на Беларусi. У XVI-ХХ ст.ст. дзейнiчалi Копыскiя кафляныя прадпрыемствы. З XVI па XVIi ст. тут выраблялi тэракотавую кафлю з геаметрычным арнаментам, палiваную i тэракотавую з рэльефным раслiнным арнаментам i геральдычным дэкорам. У другой палове XVIi ст. выхадцы з Копысi аздаблялi палiхромнай кафляй палацы i храмы ў Расiйскай iмперыi. Пашырыўся выраб кафлi ў ХiХ - першай палове ХХ ст. У гэты час тут выпускалi пячную палiваную ганчарную i тэракотавую кафлю. У 1913 г. Копысь давала больш за палову выпушчанай на Беларусi кафлi.

Некалi тут у вялiкiм мностве вадзiлiся чорныя зайцы, яны нават патрапiлi на гарадскi герб. Сёння тут працуе дрэваапрацоўчае прадпрыемства i вырабляюцца копыскiя сыры. Тут будзе створаны цэнтр народных промыслаў. Копыскiя майстры i сёння робяць выдатныя збаны i гладышы - добры ўспамiн пра край над Дняпром.

Побач з Копыссю - Александрыя. З Копысскага замчышча адкрываецца вiд на Задняпроўе, на вёску Александрыя. Сёння Александрыя - гэта аграгарадок са школай, прыгожымi iндывiдуальнымi дамамi i спартыўным комплексам, а таксама з гандлёва-бытавым цэнтрам.

Увогуле, апiсаны маршрут вельмi цiкавы. Спадзяюся, што ён зойме вартае месца ў экскурсiйнай справе Беларусi, асаблiва важны маршрут для нашага вучнёўства i студэнцтва. Будзе цiкавы ён i для ўсiх тых, хто любiць гiсторыю сваёй Бацькаўшчыны.

https://www.traditionrolex.com/8