i расказвае турыстам пра сваё жыццё па-англiйску...
Дар'я Гуштын
Пад'язджаючы да Вiтэнберга, арганiзатары падарожжа папярэдзiлi, што на месцы мы ўбачым сюрпрыз. Маўляў, сам Марцiн Лютэр чакае беларускiх турыстаў. Мы ўсмiхнулiся i падумалi, што нас максiмум адвядуць да статуi цi да партрэта "бацькi Рэфармацыi". Але якiм моцным было наша здзiўленне, калi ля ўвахода ў Евангелiстычную акадэмiю мы ўбачылi сталага мужчыну ў чорным адзеннi пастара. Гэта быў Марцiн Лютэр.
Ужо 15 гадоў спадар Герман Штольц, пастар мясцовай царквы, праводзiць экскурсii для турыстаў па памятных месцах Лютэра. Калi яму споўнiлася 50 год, яго знаёмыя пачалi заўважаць вонкавае падабенства свайго сябра з вядомым рэфарматарам. Так з'явiлася iдэя паспрабаваць сябе ў ролi Марцiна Лютэра.
Горад Вiтэнберг знаходзiцца ў Нямеччыне на тэрыторыi зямлi Саксонiя-Анхальт, памiж Берлiнам i Лейпцыгам, на беразе ракi Эльбы. Нягледзячы на досыць сцiплыя памеры зямлi i невялiкую колькасць жыхароў (усяго каля 48 тысяч чалавек), горад вядомы сваiм багатым гiстарычным мiнулым. Разам з Марцiнам мы адпраўляемся пабачыць тамтэйшыя краявiды.
Экскурсiя пачынаецца з Замкавай царквы ўсiх святых. 31 кастрычнiка 1517 года менавiта на дзверы гэтай царквы Марцiн Лютэр прыбiў 95 тэзiсаў супраць продажу iндульгенцый - грамат на дараванне грахоў, што паклала пачатак грамадскаму руху супраць каталiцкай царквы. Лютэр лiчыў, што выратаванне душы чалавека можа адбыцца праз правiльны лад жыцця i яго адпаведнасць Божым запаветам, а не шляхам iлжывага пакаяння, купленага за грошы. Пасля гэтага Замкавая царква стала сусветна вядомай. Але ў XVIII стагоддзi падчас вайны яе амаль разбурылi. Такiм чынам, у 1890 годзе пачалася поўная новая перабудова царквы ў неагатычным стылi.
Спадар Штольц вельмi жыва расказвае пра свой горад. Ён настолькi ўжываецца ў вобраз, што здзiўлена паглядае на фатографаў, пытае: "Што гэта за чорныя скрынi ў вас у руках?". Перапытвае ў турыстаў, якiя ў iх рэлiгiйныя погляды i жартаўлiва абураецца, калi аказваецца, што сярод яго гасцей шмат каталiкоў. Праходзячы мiма летнiх кафэ, пытае ў людзей, цi адпавядае iх жыццё законам Божым, просiць не пiць шмат алкаголю i разам з землякамi спявае нацыянальныя песнi. Мясцовыя жыхары добра ведаюць Германа. Усмiхаюцца яму i нават падыгрываюць. Так, сталая пара пачала цiкавiцца, як у Лютэра жыццё, як адчувае сябе яго жонка Кацi.
Вiтэнберг - горад з вулачкамi, якiя пастаянна закручваюцца, нiбы лабiрынты. Тут шмат арак, за якiмi знаходзяцца музеi, галерэi, сады.
Заходзiм у адну з iх i бачым перад сабой задуменную скульптуру мастака. "Гэта мой сябар, - распавядае Лютэр. - Яго клiчуць Лукас Кранах". Знакамiты прыдворны мастак апроч таго, што меў вялiкую майстэрню, з'яўляўся чальцом мунiцыпалiтэта, бургамiстрам i паспяховым бiзнесменам. "Я ганаруся iм! Гэта быў вельмi разумны чалавек. Ён падтрымлiваў аптэку, выдавецтва, друкарню i школу жывапiсу", - працягвае свой аповед Марцiн. Сёння ў былым доме Лукаса праходзяць выставы, тут знаходзяцца майстэрнi мастакоў, школа жывапiсу, атэлье. "Лукас быў вельмi стараным! Вось i зараз не спыняе працы: малюе мой партрэт", - паказвае на сульптуру мастака рэфарматар. Мы бачым задуменны погляд Лукаса Кранаха, а перад iм - выяву сябра Лютэра.
Цэнтр горада Вiтэнберга вельмi кампактны. Праходзiм дзве хвiлiны i бачым перад сабой галоўную плошчу. Яе аблiчча амаль цалкам сфармiравалася ў XVI стагоддзi. Злева знаходзiцца будынак гарадскога кiравання - ратуша. Тут i зараз працуюць чыноўнiкi, але разам з тым праходзяць экскурсii i заключэнне шлюбаў. За ратушай знаходзiцца мунiцыпальная царква - Каплiца Святой Марыi, пабудаваная ў 1280 годзе. У гэтай царкве прапаведаваў Марцiн Лютэр, тут жа ўзяў шлюб са сваёй любай Катарынай. Роспiс алтара належыць сябру рэфарматара - Лукасу Кранаху.
"Ну што ж, вы ўбачылi маю царкву, цяпер час паказаць, дзе я жыву", - кажа Лютэр i накiроўвае нас да свайго дома. Першапачаткова сённяшнi дом Марцiна Лютэра быў манастыром пустэльнiкаў, будынак таксама выкарыстоўваў унiверсiтэт. Ад 1508 года i да самай смерцi ў iм жыў рэфарматар. Да сённяшняга дня захавалiся два памяшканнi ў арыгiнальным выглядзе. З 1883 года ў галоўнай зале дома Лютэра змяшчаецца самы вялiкi рэфармацыйна-гiстарычны музей у свеце. Перад домам знаходзiцца статуя жонкi пастара Катарыны фон Бор. У самiх залах пасля рэканструкцыi ў 2003 годзе праходзяць навуковыя i музычныя вечары.
У 2017 годзе пратэстанты ўсяго свету будуць святкаваць вялiкi 500-гадовы юбiлей Рэфармацыi. Але ўжо зараз створаны адмысловы камiтэт па падрыхтоўцы мерапрыемстваў. Цэнтр аргкамiтэта знаходзiцца ў Вiтэнбергу.
Штогод гэты горад наведвае каля ста тысяч турыстаў, больш за ўсё iх прыязджае са Злучаных Штатаў Амерыкi, таму Марцiн Лютэр вывучыў англiйскую мову. Шматлiкiя помнiкi ахоўваюцца ЮНЕСКА ў межах сусветнай культурнай спадчыны: дом Марцiна Лютэра i музей Рэфармацыi, дом Мелантхона, Замкавая царква Усiх Святых i гарадская царква Святой Марыi. Але культурная разнастайнасць Вiтэнберга выходзiць за межы рэфарматарскай спадчыны горада Марцiна Лютэра. Тут знаходзiцца цэлая садовая iмперыя - парк i замак барочнага горада Аранiнбаума (прыгарад Вiтэнберга), а таксама парк Worlitzer, дзе прыемна адпачыць i ўбачыць дзiвосныя раслiны.
Цiкавыя факты, якiя распавёў Марцiн Лютэр:
- Гамлет, галоўны герой аднайменнай трагедыi Шэкспiра, быў студэнтам Вiтэнбергскага унiверсiтэта.
- Сюды прыязджаў i пабываў у музеi Лютэра рускi цар Пётр Першы.
- У Вiтэнбергу бываў Максiм Горкi i прысутнiчаў асабiста пры друку першага нямецкага выдання сваёй п'есы "На дне".
- У горадзе пабудавана унiкальная школа ў аўстрыйскiм стылi. Школьнiкi напiсалi лiст знакамiтаму архiтэктару Гундэрвассэру, i ён не змог адмовiць iм, таму зрабiў праект абсалютна бясплатна.Исторический календарь
Подготовила Светлана Кирпа