https://www.traditionrolex.com/8
<p>Менавiта такi надпiс упрыгожвае каляндарыкi, дызайн якiх некалi распрацаваў адзiн мой добры знаёмы з Лiтвы, i якiя я да гэтага часу выкарыстоўваю ў якасцi закладак. Безумоўна, тройка прыбалтыйскiх краiн вылучаецца на фоне астатнiх еўрапейскiх дзяржаў сваёй самабытнасцю. Яны не на Усходзе i не на Захадзе. Яны - самi па сабе.</p>

Iрына ШУМСКАЯ

Менавiта такi надпiс упрыгожвае каляндарыкi, дызайн якiх некалi распрацаваў адзiн мой добры знаёмы з Лiтвы, i якiя я да гэтага часу выкарыстоўваю ў якасцi закладак. Безумоўна, тройка прыбалтыйскiх краiн вылучаецца на фоне астатнiх еўрапейскiх дзяржаў сваёй самабытнасцю. Яны не на Усходзе i не на Захадзе. Яны - самi па сабе.

balt1

А ў адносiнах да Беларусi мне даводзiлася сустракацца з iншай фармулёўкай: "Нi Еўропа, нi Расiя". Крыўдна, i тым не менш гэтае азначэнне трапнае. Нягледзячы на паўсюдныя пракламацыi аб тым, што мы знаходзiмся ў цэнтры Еўропы, да сапраўднай еўрапейскасцi нам яшчэ досыць далёка крочыць. Наша дзяржава працягвае вагацца памiж Захадам i Усходам, выконваць ролю моста, якi аб'ядноўвае супрацьлеглыя бакi. Мiсiя адказная, аднак жыць на мосце вельмi нязручна.

Калiсьцi ўсё выглядала цалкам iнакш. Як неяк адзначыў вядомы айчынны фiлосаф Валянцiн Акудовiч, формула "Усход-Захад" у былыя часы для нашых суайчыннiкаў была неактуальнай. Шмат стагоддзяў таму iснавала iншая дылема - "Поўнач-Поўдзень". iснавала з той нагоды, што менавiта на тэрыторыi сучаснай Беларусi актыўна ўзаемадзейнiчалi балцкiя i славянскiя плямёны. Так што фактычна балты для нас - гэткiя ж браты, як i рускiя з украiнцамi.

З Лiтвы ў Летуву

Маё жаданне зноў наведаць узбярэжжа Балтыйскага мора было ў пэўнай ступенi прастымулявана важнымi гiстарычнымi падзеямi. У першую чаргу я маю на ўвазе 1000-годдзе Лiтвы, якое на самай справе з'яўляецца юбiлеем не дзяржавы, а першай пiсьмовай згадкi назвы "Лiтва", што ў той час тычылася тых земляў, на якiх мы з вамi зараз пражываем. i калi зыходзiць з таго, што менавiта продкi цяперашнiх беларусаў называлi сябе лiцвiнамi, а сваю краiну Лiтвой, то нагод для святкавання нашмат болей якраз у нас. Другая падзея наблiжаецца разам с наступным годам - 600-я ўгодкi Грунвальдскай бiтвы, у якой аб'яднанае войска Вялiкага Княства Лiтоўскага i Рускага i Польскага каралеўства перамагло тэўтонцаў.

balt2

Дзве значныя даты наводзяць на роздум аб тым, як цяпер складваюцца нашы ўзаемаадносiны з суседзямi i прыводзяць да высновы, што беларусы (тут варта дадаць - на жаль) - людзi не сквапныя. Яны без шкадавання аддаюць права карыстання гiстарычным сцягам i гербам паўночным суседзям, упарта называюць Адама Мiцкевiча польскiм паэтам, а Станiслава Манюшку польскiм кампазiтарам, i зусiм не спяшаюцца вяртаць шыкоўныя ўзоры айчыннай культурнай спадчыны з расiйскiх музеяў: iншая справа - лiтоўцы. Яны, як у тым прыслоўi, "маленькая, але ганарлiвая птушка". У папулярным анекдоце на пытанне, чаму лiтовец не едзе адпачываць за мяжу, чуецца адказ: "А навошта? Мне i дома падабаецца".

Беларуская Вiльня, якая стала з цягам часу лiтоўскiм Вiльнюсам, не страцiла разам з тым у сваiм аблiччы нешта блiзкае для кожнага беларуса. Мiж iншым, да таго як Сталiн падарыў нашу Вiльню Лiтоўскай Рэспублiцы, колькасць непасрэдна лiтоўскага насельнiцтва ў горадзе складала ўсяго толькi тры адсоткi.

Мiжволi згадваецца маё першае наведванне гэтага горада, калi я была яшчэ школьнiцай i мы паехалi з бацькам на машыне да лiтоўскай сталiцы (а тады гэта было ўсё роўна што з'ездзiць у Гродна цi Вiцебск). i чамусьцi больш за ўсё мне запомнiлася наведванне кавярнi, дзе падавалi смачныя стравы з нашай роднай бульбы, а на дэсерт - вяршкi, i сэрвiс быў зусiм не савецкi, таму адчувалася, што гэта ўсе ж такi замежжа, хоць i ў складе СССР. Потым даводзiлася бываць у Вiльнюсе неаднаразова, i з кожным разам горад адкрываў нейкiя новыя, не заўважаныя раней гранi сваёй прыгажосцi.

Гiстарычны цэнтр Вiльнюса даволi кампактны i ўтульны. Шмат маленькiх крамаў i рэстаранчыкаў вабяць зазiрнуць унутр, а старыя абшарпаныя дамы патроху перажываюць рэканструкцыю. Дарэчы, мне спадабалася iдэя мясцовых улад аддаваць у доўгатэрмiновую арэнду некаторыя будынкi ў цэнтры жыхарам, якiя за ўласныя сродкi робяць там рэстаўрацыю i выкарыстоўваюць, напрыклад, як арт-майстэрню цi кавярню. Карысна i для горада, i для грамадзян, i для турыстаў.

"Рамантычны уiк-энд у Вiльнюсе" - дадзены турпрадукт прыйшоўся даспадобы многiм, бо, па-першае, у горадзе шмат разнастайных гатэляў на любы густ i кашалёк, а па-другое, рамантыкам тут ёсць дзе разгуляцца. Нiбыта кавалак бурштыну, горад з'яднаў у адным сплаве ўзнёсласць барочных храмаў i практычнасць хайтэкаўскiх хмарачосаў.

Варта наведаць i былую рэзiдэнцыю князя Вiтаўта - Тракайскi замак, дзе ў мясцовым рэстаране можна прадэгуставаць штосьцi з караiмскай кухнi, запiваючы выдатным лiтоўскiм пiвам, якое варта таго, каб везцi дадому ў якасцi падарунка для сяброў.

Але сэрца Летувы, на маю думку, знаходзiцца ўсё ж такi не ў Вiльнюсе, не на Куршскай касе, i не ў Тракаi. Старажытнае мястэчка Кернаве на працягу шматлiкiх стагоддзяў непахiсна захоўвае дух балтаў, а сваiм ландшафтам i пануючай тут атмасферай трошкi нагадвае наша Крэва. Ну а характар святкавання Купалiнеса (Купалля) чарговы раз даказвае, што ў лiтоўцаў i беларусаў шмат агульнага не толькi ў гiстарычным плане, але i ў глыбокiх нетрах абшару народных традыцый.

Бальзам на душу

Калiсьцi з Мiнска да Рыгi можна было патрапiць пры дапамозе адпаведнага цягнiка, i большая частка нашага гiмназiчнага класа, якi ехаў да сваiх рыжскiх равеснiкаў, усю дарогу не давала спакою праваднiкам. Тая вандроўка была багатай на новыя ўражаннi, якiя абмяркоўвалiся яшчэ на працягу тыдня пасля вяртання дадому: натуральна, Рыга зусiм не падобная да Мiнска; латышы слухаюць абсалютна iншую музыку i нават не чулi пра суперпапулярны тады ў СССР гурт "Тэхналогiя", а як яны танчаць - хлопцы не вымаюць пры гэтым рук з кiшэняў! iншымi словамi, наведаўшы Рыгу на пачатку 90-х, мы нiбыта пабывалi ў iншай рэальнасцi. Але горад, хоць i паспеў за гэты час iстотна змянiцца, усё гэтак жа здзiўляе турыстаў сваёй прыгажосцю i нейкай "казачнасцю". Здаецца, што некаторыя падзеi, апiсаныя ў сачыненнях Андэрсэна, адбывалiся менавiта тут, а не ў Дацкiм каралеўстве.

balt3 Казачныя элементы ў Рызе прысутнiчаюць не толькi вiртуальна, але i рэальна - у прыватнасцi, у гiстарычным цэнтры стаiць помнiк брэменскiм музыкантам, а вузкiя вулiцы ўпрыгожваюць амаль чароўныя лiхтарыкi. Традыцыйны аб'ект набыцця турыстамi - рыжскi бальзам - можна паўсюдна знайсцi як у фiрмовых крамах, так i ў звычайных супермаркетах. Эканамiчны крызiс вiдавочна адбiваецца хiба што ў вачах бяздомных котак, якiя блукаюць уздоўж прыгожых старых дамоў i выпрошваюць ежу. А вось меркаванне наконт таго, што ў прыбалтыйскiх рэспублiках не вельмi добра ставяцца да рускамоўных грамадзян, пачынае выглядаць зусiм мiфiчна.

Напэўна, спрадвечная лянота-матухна перашкаджае рускiм, якiя дзесяцiгоддзямi пражываюць у Латвii, вывучыць дзяржаўную мову гэтай краiны. Усё гэта вельмi нагадвае сiтуацыю з адным яўрэйскiм эмiгрантам з Савецкага Саюза, якi абсалютна без жартаў казаў: "Бач ты, якое нахабства! Ужо дзесяць гадоў жыву на Брайтане, а мясцовыя палiсмэны дагэтуль не вывучылi рускую мову:"

Немагчыма ўявiць сабе, каб, напрыклад, чалавек палову жыцця пражыў дзе-небудзь у Германii або Францыi i пры гэтым не ведаў мову. Перш-наперш яму будзе вельмi складана атрымаць адукацыю i знайсцi працу, не кажучы ўжо пра ажыццяўленне паўсядзённай камунiкацыi. Таму, хутчэй за ўсё, праблема з "прыцiсканнем" рускамоўнага насельнiцтва ў рэчаiснасцi выглядае iнакш, чым аб тым распавядаюць расiйскiя СМi. Увогуле, мэр Рыгi - рускi, вiцэ-мэр Талiна - рускi, палова жыхароў абедзвюх сталiц - рускiя, i рускую мову на вулiцах Рыгi i Талiна чуваць значна часцей за латышскую i эстонскую. Можна нават сцвярджаць, што рускамоўныя людзi ў Прыбалтыцы пачуваюць сябе больш камфортна за беларускамоўных у Беларусi.

Яшчэ адзiн каменьчык у бок сучасных мiфатворцаў - фестываль "Новая хваля" у Юрмале, якi прадстаўляе сабой адкрытую форму прасоўвання рускамоўнай папсы на латвiйскi музычны рынак. Расiя без праблем шмат гадоў запар экспартуе ў Латвiю культурны прадукт далёка не "першай свежасцi", у змест якога ўваходзяць сумнiўныя iнгрэдыенты а-ля "сабчак-кандэлакi-пугачова", а купляць латвiйскiя шпроты час ад часу адмаўляецца - маўляў, не вытрымлiваюць канкурэнцыi на рынку. Але гэта не цывiлiзаваны рынак, а нейкi архаiчны базар, на якiм суседзi чамусьцi не могуць знайсцi паразумення. Зрэшты, падобная сiтуацыя iснуе i ў адносiнах да нашага "Славянскага базару", на якiм трыумфальнае шэсце па-ранейшаму ажыццяўляюць прадстаўнiкi расiйскай папсы, а сапраўдная славянская музыка мiжволi месцiцца дзесьцi на ўзбочыне. На жаль, не ўсе разумеюць, што культурная экспансiя часам можа прыносiць больш цяжкiя наступствы за экспансiю ваенную.

Распад СССР прывёў не толькi да парушэння сiстэмы вытворчасцi i пераацэнкi каштоўнасцяў, але i да адасаблення людзей. Ужо няма былога "адзiнага савецкага народа", бо кожны сам за сябе i кожны ў першую чаргу адстойвае свае ўласныя iнтарэсы. Цягнiк у Рыгу больш не ходзiць, бо не так шмат беларусаў вандруе ў гэтым кiрунку, да таго ж трэба афармляць шэнген-вiзу. Аднак, што б там нi казалi пра праблемы ў сучаснай Латвii, але яна была i застаецца нашай спрадвечнай суседкай, а Рыга - горадам, у якiм заўжды рады бачыць турыстаў, незалежна ад iх нацыянальнасцi i палiтычных поглядаў.

Старыя вежы i марское бязмежжа

Мае пераезды з Рыгi ў Талiн i назад адбывалiся на чатырох колах. Больш за чатыры гадзiны дарогi ў адзiн бок - здавалася б, можна стамiцца, але, на шчасце, аўтобусы належалi эстонскай кампанii "Lux Express", i таму падарожжа было камфортным. iншыя перавозчыкi, з якiмi даводзiлася ездзiць раней, адразу згаслi ў параўнаннi з эстонскiм сэрвiсам - надзвычай ветлiвыя кiроўцы, утульныя крэслы са скураным аздабленнем, тэлевiзар з музычным каналам, мясцовая прэса на трох мовах, разеткi для камп'ютараў, тузiн розных гарачых напояў на выбар у неабмежаванай колькасцi i - урэшце рэшт - пастаяна адкрыты i вельмi акуратны туалет. Адразу прыйшла думка, што беларусаў нездарма лiчаць цярплiвай нацыяй - у нас туалетаў у салонах аўтобусаў або ўвогуле няма, або яны зачыненыя. Традыцыйнае ўяўленне аб марудлiвасцi эстонцаў таксама некуды знiкла - фiрмовыя аўтобусы прыбывалi на вакзал на дзесяць хвiлiн раней графiка.

Эстонiя нагадвае табакерку, у глыбiнi якой хаваецца вясёлае чарцяня. Гэта краiна, здольная рабiць сюрпрызы. Перш за ўсё, яна маленькая - усё насельнiцтва Эстонii меньш за насельнiцтва аднаго Мiнска. Па-другое, тут ужо моцна павявае подыхам скандынаўскай культуры, што знаходзiць адлюстраванне i ў народных традыцыях, i ў побыце, i ў архiтэктуры.

Тыповыя эстонцы - светлавокiя бландзiны i бландзiнкi з лёгкай усмешкай на твары. Эстонская мова належыць да фiна-угорскай групы, мае 14 склонаў i здаецца бесхрыбетнай. Нiбыта людзi не размаўляюць, а спяваюць нейкiя мантры. Нягледзячы на тое, што прыгадаць якога-небудзь знакамiтага эстонскага спевака амаль немагчыма (Анне Вескi не будзем прымаць пад увагу), спяваць эстонцы любяць, гэта факт. Таму не трэба здзiўляцца, калi iдучы па вулiцы вам насустрач будзе рухацца кампанiя людзей, якiя з невядомай прычыны проста так спяваюць. Вядома, што першае нацыянальнае свята песнi тут адбылося ў далёкiм 1869 годзе. А напрыканцы савецкага перыяду, калi Эстонiя змагалася за суверэнiтэт, шматлiкiя мiтынгi таксама суправаджалiся спевамi.

Талiн - крыху дзiўны горад. Невялiкi i немiтуслiвы, ён ляжыць на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, як маленькае мядзведзяня ў бярлозе напярэдаднi вясны. Вiзiтоўкай Талiна, напэўна, можна лiчыць вежы гарадской сцяны, якая моцнай стужкай апяразвае стары горад. Вежаў тут шмат. Адны змяшчаюць унутры музеi, другiя выконваюць iншыя ўтылiтарныя функцыi, але ў любым выпадку без вежаў Талiн немагчыма сабе ўявiць.

Яшчэ адна асаблiвасць горада звязана з культавымi пабудовамi - цэрквы Алевiстэ i Нiгулiстэ былi створаны ў Сярэднявеччы i вельмi нагадваюць дацка-нарвежскi стыль будавання лютэранскiх храмаў, характэрнай рысай якога з'яўляецца аскетызм. Нiякага золата ў непамернай колькацi i размаляваных усiмi фарбамi алтароў вы тут не знойдзеце. Усё вытанчана сцiпла, сур'езна i практычна. Побач з царквой Нiгулiстэ змайстраваны экран з вiдэагiдам на чатырох мовах. Зручная рэч! Нацiскаеш на патрэбную кнопку i глядзiш бясплатную экскурсiю з падрабязнымi каментарыямi.

Апроч старых дамоў, у Талiне шмат арыгiнальных новых гмахаў. Паданне сцвярджае, што Талiн нiколi не будзе канчаткова дабудаваны. Чаму? А таму, што мясцовыя жыхары баяцца Вадзянiка з Верхняга возера, якi толькi i чакае спынення будаўнiчых работ, каб затапiць горад.

З вадой у талiнцаў асаблiвыя стасункi. У час моцных дажджоў некаторыя цэнтральныя вулiцы падтаплiваюцца, i на Вадзянiка тут не варта наракаць, проста раней праблема лiўневай каналiзацыi не была належным чынам вырашана. iронiя заключаецца ў тым, што, напрыклад, вулiца Туукры (Вадалазная) у такiх сiтуацыях сапраўды аказваецца прыстасаванай хiба што для вадалазаў. Такiм чынам, не толькi жыхары мiнскай Нямiгi пакутуюць ад патопаў. Iншая справа - мора, да якога тут падаць рукой. Мясцовая моладзь любiць бавiць час у порце, дзе можна забрацца па прыступках угару i гадзiнамi назiраць, як шпацыруюць па марской прасторы паромы i яхты. i ўглядаючыся ў цудоўную панараму марскога бязмежжа, я прыгадала, як некалькi гадоў таму вандравала на велiзарным пароме кшталту "Тытанiка" з Нарвегii ў Данiю i Швецыю. Але гэта ўжо зусiм iншая, не менш цiкавая гiсторыя...

https://www.traditionrolex.com/8