Ёсць у Мiнску такая сумная завядзёнка – размяшчаць у колiшнiх культавых будынках вайсковыя ўстановы. Так, у сцянах былога праваслаўнага Спаса-Вазнясенскага манастыра сёння працуе Мiнiстэрства абароны Беларусi, кляштар каталiцкага ордэна марыявiтак разам з ампiрным касцёлам Святога Вiнцэнта даў прытулак Сувораўскай вучэльнi, нават у старажытных бернардынскiх мурах у Верхнiм горадзе да нядаўняга часу размяшчалася гаўптвахта.
Але бадай што самай прыкметнай пабудовай у гэтым шэрагу з'яўляецца мiнскi Дом афiцэраў, узведзены на месцы комплексу былога Архірэйскага падвор’я, фактычна на каркасе царквы Покрыва Прасвятой Багародзіцы. 18 лістапада спаўняецца роўна 75 гадоў з дня ўрачыстага адкрыцця афiцэрскага гмаху – хiба ж гэта не нагода прасачыць за яго гiсторыяй, каранi якой насамрэч прараслi значна глыбей, чым тры чвэрцi стагоддзя. Для аўтара асабiста гэта яшчэ магчымасць дакрануцца i да ўласных каранёў, бо ў будаўнiцтве мiнскага Дома Чырвонай Армii прымаў удзел мой дзед, афiцэр Павел Хiлькевiч, якi б сёлета адсвяткаваў свае 100 год.
У 1799 годзе для нядаўна ўтворанай Мінскай праваслаўнай епархіі быў выкуплены невялічкі прыватны дом у так званым Новым горадзе (раён сучаснага Аляксандраўскага сквера). Па некаторых звестках, гэта менавіта той будынак, які зараз знаходзiцца побач з уваходам на станцыю метро «Кастрычніцкая» i пад чыiм дахам месцiцца Інстытут тэалогіі БДУ (пр. Незалежнасці, 24). У ХIХ стагоддзі этнограф Павел Шпілеўскі пісаў, што ў ранейшыя часы гэтая горка «была месцам пахаванняў нейкай вельмі старажытнай царквы», хутчэй за ўсё, Юр'еўскай. Але бажнiца ўжо на той час даўно спарахнела, таму побач з набытым домам, у якiм прапiсалася духоўная кансiсторыя, узвялi невялiчкую напаўдраўляную-напаўмураваную Успенскую царкву.
У 1860-я гады комплекс падвор'я быў дабудаваны па праекце моднага тады мiнскага архітэктара Хршчановіча (менавiта яму раней губернатар замовiў рэканструкцыю свайго палаца на плошчы Верхняга рынку). Тут з'явiўся дыхтоўны двухпавярховы дом архірэя, побач з якiм ў 1885 годзе паўстала – на месцы разабранай папярэдніцы – царква ў рэтраспектыўна-рускiм стылi, асвечаная ў iмя Покрыва Прасвятой Багародзіцы. Сюды кожную восень хрэсным ходам пераносілі цудатворны абраз Крупецкай Божай Маці, а вясной урачыста вярталі яго назад, у храм вёскi Крупцы ў шасці вярстах ад Мiнска, дзе гэтая iкона была знойдзена каля гаючых крынiц яшчэ ў 1612 годзе.
Пасля звяржэння рускага царызму частка будынкаў Архірэйскага падвор’я ператварылася ва урадавыя рэзiдэнцыi. Спачатку ў доме колішняга царкоўна-археалагічнага музея, якi захаваўся да нашых дзён па адрасе пр. Незалежнасці, 26 (крыху пазней мы вернемся да яго), працавала Рада БНР, а ў 1920-я – пачатку 1930-х у архірэйскім доме размяшчаўся Савет Народных Камiсараў (то бок Урад) БССР i некаторыя ўстановы Iнбелкульта (пазней пераўтворанага ў Акадэмію навук Беларусi). Тут жа былi кватэры першага прэзiдэнта акадэмii Усевалада Iгнатоўскага, дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея, а раней – прэм'ер-мiнiстра БНР Вацлава Ластоўскага, iншых дзеячаў нацыянальнай культуры.
Свята-Пакроўская царква была ўжо закрыта, з яе знялі купалы, а неўзабаве літаральна ўмуравалi ў гмах Дома Чырвонай Арміі (ДЧА), спраектаванага архiтэктарам Iосiфам Лангбардам. Дарэчы, ён стаў аўтарам i шэрагу iншых гарадскiх збудаванняў, якiя дагэтуль фармуюць сiлуэт цэнтра беларускай сталiцы: Дома ўрада, Вялікага тэатра оперы і балета, галоўнага корпуса Акадэмii навук. Урачыстая закладка першага каменя ДЧА адбылася ў лютым 1934 года ў прысутнасці тысяч мінчан і вайскоўцаў, а ўжо ў лістападзе 1936-га на прыступках свайго архітэктурнага тварэння Лангбард прымаў у падарунак за працу ўзнагародны патэфон з рук камандарма, будучага маршала СССР, Цімашэнкi.
Малавядомая дэталь: першапачаткова парадны ўваход у ДЧА планаваўся не з боку Аляксандраўскага сквера, а з боку Свіслачы, адкуль гмах праглядаўся ва ўсёй сваёй красе. Тут наўмысна была запраектавана шыкоўная парадная лесвiца, якая праз былы архiрэйскi сад вяла наўпрост да набярэжнай i атрымала ў тагачасным Мiнску назву «Пацёмкiнскай» (па аналогii са славутай адэскай). Па абодва бакі лесвіцу ўпрыгожвалі статуі рабочых і чырвонаармейцаў. Лесвiчныя пляцоўкi ўнутры Дома Чырвонай Арміі былi размаляваны камунiстычнымi «фрэскамi» на тэмы подзвiгаў чырвоных камандзiраў, сцены ўпрыгожваў «iканастас» з iх партрэтамi. Кафэ-рэстаран, пакоі адпачынку, бібліятэка, бiльярдная, нават навучальныя класы былі абстаўлены мэбляй з чырвонага дрэва.
У мiнскiм ДЧА таксама рыхтавалі спартсменаў вышэйшай катэгорыі: тут адкрылi гімнастычны i баскетбольны залы, манеж для верхавой язды, тэнісныя корты, шахматны клуб і першы ў Мінску крыты басейн, абсталяваны па найноўшых еўрапейскіх стандартах. У 1937 годзе ў iм прайшло незвычайнае спаборнiцтва – заплыў на пяцьдзесят метраў… у ваеннай форме. Тады быў устаноўлены новы армейскi рэкорд.
22 чэрвеня 1941 года ў тэатры пры ДЧА паказвалi пастаноўку МХАТа, якi прыехаў з гастролямi ў Мiнск. Пасля антракту ў дзённым спектаклі «Школа зласлоўя» на сцэну выйшаў адзін з афіцэраў і паведаміў гледачам аб пачатку вайны… Падчас акупацыi ў левым крыле Дома (якраз тым, што вырасла над Пакроўскай царквой) немцы ўладкавалi публiчны дом i салдацкi кiнатэатр. У кастрычніку 1943-га падпольшчыкі падклалі ў кіназалу магутную міну, якая выбухнула падчас сеансу, а за месяц да гэтага ў тым жа памяшканнi фашысты развiтвалiся з забiтым генеральным камісарам Беларусi Кубэ. Больш чым праз паўстагоддзя з той самай залы у свой апошнi зямны шлях адправiлася цела падпольшчыцы Алены Мазанiк, якая выканала смяротны прысуд гаўляйтэру.
Напярэдадні наступлення савецкіх войск летам 1944 года немцы пачалі завозіць i складзiраваць у сутарэннях ДЧА бомбы і снарады. Маршал Георгiй Жукаў потым успамінаў: «Нам стала вядома, што захаваныя ў Мінску Дом урада, будынак ЦК партыі і акруговы Дом афіцэраў спешна мініруюцца і рыхтуюцца да выбуху. Каб выратаваць гэтыя буйныя будынкі, было вырашана паскорыць рух у Мінск танкавых часцей і паслаць разам з імі атрады размініравання. Мэта заключалася ў тым, каб прарвацца ў горад, не ўвязваючыся ў баі на подступах, і захапіць гэтыя ўрадавыя гмахі. Задача была бліскуча выканана». Аднак будынак ДЧА усё ж такi быў падарваны – у дакументах справаздачы, падрыхтаванай для Сталiна наркамам унутраных спраў СССР Берыяй.
Справа ў тым, што такiя даныя пасылаў у Маскву свайму патрону «мiнскi берыя» – Лаўрэнцiй Цанава. Кажуць, вельмi ўжо яму не хацелася, каб у ваеннага ведамства мелася такое шыкоўнае памяшканне ў цэнтры Мiнска, тады як палац НКУС iснаваў пакуль толькi ў праектах. Вось i спрабаваў Цанава «прасунуць» iдэю разбурэння ДЧА (якi сапраўды моцна пацярпеў ад вайны, але выстаяў) спачатку на паперы, а потым, калi пашанцуе, i у жыццi. Аднак афера не ўдалася, i ужо ўвосень 1944-га мiнчане зноў убачылi тэатральныя пастаноўкi на сцэне Дома Чырвонай Армii, а ў снежнi пры iм адкрыўся рэстаран.
У пачатку 1946 года ў зале ДЧА адбыўся судовы працэс над нацыстамі. А ў яго двары да канца 1947-га размяшчалася выстава нямецкай трафейнай тэхнікі, экскурсіі па якой праводзілі афіцэры-франтавікі. Сярод узораў фашысцкага цяжкага «жалеза» – самалётаў, танкаў, бронетранспарцёраў – быў толькi адзін экспанат савецкай вытворчасці, але якi – легендарны танк Т-34. На п'едэстале былі высечаны словы: «Хто з мячом да нас прыйдзе, той ад мяча і загіне». Гэты танк цяпер стаіць перад уваходам у Дом афіцэраў.
Аднак аўтар абяцаў чытачу вярнуцца да будынка былога царкоўна-археалагічнага музея – каштоўнай пярлiны, што засталася нам ад Архірэйскага падвор’я. Яго яшчэ называюць Юбiлейным домам, бо ён быў узведзены да 300-годдзя дынастыі Раманавых, i Домам мастацтваў. Але якiя «мастацтвы» пануюць тут зараз, вы можаце на свае вочы ўбачыць, калi абыйдзеце вельмi прывабны з боку праспекта церам з дзвюма вежачкамi i апынецеся ва ўнутраным двары.
Мiж тым нядаўна гэты будынак быў вернуты Беларускаму Экзархату – дык, можа, ёсць падставы вярнуць у ягоныя сцены археалагічны музей, уласна для якога ён i быў спраектаваны? А таксама знайсцi ў экспазiцыi куточак для гiсторыi ўсяго квартала, якi раней называўся Архірэйскiм падвор’ем...