https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>Цікавы турыстычны маршрут па заходняй Вілейшчыне прапаноўвае чытачам сталы аўтар партала kraj.by Вольга Трубач.</strong></p>

Любань – гэта галоўны пункт на карце заходняй Вілейшчыны. Яна стварае адмысловы радыус... любанскі радыус.

Артыкул прысвячаю сваім бацькам Анастасіі і Івану Трубачам, чыя малая радзіма знаходзіцца менавіта ў гэтым радыусе: Любках і Слабадзе.

Упершыню в. Любань, што месціцца на Вілейшчыне, згадваецца ў 1780 г., але пад іншай назвай: Юхавічы. Яны паходзяць ад назвы Юхавіцкай пушчы, што раней знаходзілася тут. На той час галоўнай асаблівасцю гэтага паселішча была наяўнасць карчмы, у якой любілі прапусціць адзін-другі келіх піва мясцовыя і заезджыя людзі.

Далей гісторыя мястэчка звязваецца з Кацярынай II, якая падчас падзелаў РП прадала мястэчка генералу Бергману. А ўжо яго дзеці здалі Юхавічы ў арэнду польскаму шляхціцу Івану Віктаравічу Любанскаму. Гэты шляхціц быў вельмі мэтанакіраваны чалавек: ужо ў 20 гадоў ён стаў камісарам. Любанскі пабудаваў сабе рэзідэнцыю на рацэ Вужы. Ім жа быў закладзены парк, у якім раслі ліпы Мальтке, кядровыя хвоі, туі. Стварыў тут аранжарэю.

3

Шляхціцу было не даспадобы мець у суседзях простых сялян, таму ў 1807 г. апошніх перасяляюць ва ўрочышча Казюткі. Сяляне забіраюць з сабой і назву мястэчка – Юхавічы. Сядзібу ж Іван Віктаравіч называе Любань. Аднак у хуткім часе яна згарае: маўляў, людзі праклялі за пераезд. Стайню перабудавалі пад палац. На жаль, да нашых дзён ад палацу нічога не засталося. А вось некаторыя гаспадарчыя пабудовы захаваліся: бровар, лядоўня, аранжарэя, хата, у якой  жыла прыслуга Любанскіх.

2

Падчас падзей 1830 г. (узброенае паўстанне на расійскай частцы тэрыторый былой Рэчы Паспалітай за яе аднаўленне ў межах 1772.) у маёнтку жыў пляменнік Івана Любанскага – Віктар Любанскі. Адступаючы з Вілейкі, Віктар даў бой у Любані.

А падчас падзей 1863 (паўстанне нацыянальна-рэвалюцыйных сіл на частцы зямель колішняй Рэчы Паспалітай супраць расійскага панавання і за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.) праз Любань пад кіраўніцтвам Густава Чаховіча ішоў атрад на злучэнне з атрадам Козела-Паклеўскага. Аднак рускімі войскамі паўстанцы былі разбітыя ў лагчыне Біты Лог, у Каралеўцах.

У часы БССР Любань была адным з лепшых саўгасаў рэспублікі.

У пачатку 2000 г. у Любанi з’явiлася свая царква — храм у гонар беларускiх святых. Будавалі царкву «ўсім мірам»: за ахвяраваннi мясцовых жыхароў.

1

Рухаемся далей: Каралеўцы.
Адразу за мастом праз раку Нарачанку перад намі паўстае вёска Каралеўцы. У вочы кідаецца памятны валун, усталяваны ў гонар першага ўспаміну Каралеўцаў у летапісах – 1443. Але ў гэтым годзе яна называлася па-іншаму: Іжа. Менавіта гэты факт знайшоў Анатоль Рогач – беларускі краязнаўца, даследчык гісторыі Беларускага Павілля. Рогач вярнуў з небыцця імёны некалі славутых нашых землякоў: Ігната Ходзькі і Эдварда Жалігоўскага. 

Накіроўваючыся ў цэнтр вёскі, можна натрапіць на рэшткі былога сельскага клуба, школы і бібліятэкі. На данны момант захавался толькі пабудова былой бібліятэкі. У ёй мной былі знойдзены выпускі часопісаў «Наука и религия», № 2, люты 1961; «Народная асвета», чэрвень, 1960, якія ў адзіноце ляжаць дзе-нідзе на падлозе.

Найбольшай цікавасці заслугоўвае гісторыя каралеўскай капліцы.

5

Здымак Андрэя Дыбоўскага

Згодна з «Памятной книгой виленского генерал-губернатара за 1868 г.» капліца пабудавана ў 1802 г. «тщанием крестьянина Александра Рогача», а званіца – у 1808 г. Рамонтныя работы ў помніку праводзіліся ў сярэдзіне XIX ст., і перш. палове XX ст. Аднак к канцу XX ст. дах пачаў абвальвацца і ў 1986 г. усё, што засталося ад капліцы, перавезлі ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, што ў Азярцы пад Мінскам. Неўзабаве пачалася рэстаўрацыя. У 2014 годзе капліцу рэстаўравалі.

Паралельна з рэстаўрацыяй супрацоўнікі музея займаліся аднаўленнем інтэр’ера храма, які змяняў як канфесійную прыналежнасць (збудаваны як грэка-каталіцкі, ён стаў праваслаўным), так і прызначэнне – ад могілкавай капліцы да прыхадской царквы. Інтэр’ер было вырашана рэканструяваць менавіта на першы этап гісторыі помніка, калі еўрапейскія традыцыі сакральнага дойлідства «прышчапіліся» на народную глебу.

6

Здымак узяты з сайта etna.by

У Каралеўцах жа на месцы былой капліцы ў 2008 г. была ўзведзена новая капліца ў гонар Мікалая Цудатворца.

7


Таму, калі ёсць жаданне ўбачыць не новую капліцу на месцы старой, а старую, патрэбна ехаць у Азярцо, і лепш за ўсё ў верасні, бо ў гэты час там праходзіць фолк-фэст «Камяніца». Рэкамендую!

Ужо згаданы Біты Лог знаходзіцца на ўскрайку Каралеўцаў. 5 чэрвеня 1863 г. тут адбылася бітва паміж паўстанцамі, узброенымі косамі (касінерамі), на чале з Густавам Чаховічам і царскімі войскамі. Атрад Чаховіча быў разбіты. Палеглыя на полі бою паўстанцы былі пахаваны на ўзгорку каля Вутак. Пазней адкрытым там жвіравым кар'ерам брацкая магіла была знішчана.

8

Адразу пасля калгаснай фермы пачынаецца в. Любкі. Тое, на што можна было б паглядзець у гэтай вёсцы, на вялікі жаль, па рашэнню Мінпрыроды ў 2000-м было перавезена ў Вілейку: Любэцкі валун з ямкамі. Даўжыня валуна 2 м, шырыня 1,7, вышыня 1,35 м. Мае прасападобную форму, адшліфаваную паверхню і круглявыя бакі. Помнік адкрыты ў 1997 г. В. Вінакуравым і А. Зайцавым, з таго часу валун з'яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.

12

Здымак узяты з http://forum.globus.tut.by/viewtopic.php?t=6140

А наперадзе, за бярозавым гасцінцам, нас чакае Іжа. Першапачатковая назва – Іжа Кішчанская, або Кішчанцы. Іжай жа зваліся вышэйзгаданыя Каралеўцы.

У Іжы ёсць царква Святога Іосіфа Абручніка, 1929 г.

У 19631989 гг. у ёй месціўся склад, затым музей калгаса «Рассвет». У 1990 г. храм аддалі праваслаўным вернікам. 

10

11

У пачатку XX ст. на беразе ракі Нарачы быў драўляны вадзяны млын.

9

Сергачоў, «Белоруссое народное зодчество», 1992

Так млын выглядаў у 1976 годзе.

У Іжы нават меўся свой рачны слоўнік:

Гатар — тартак.
Стаў — 1) плаціна, 2) сажалка, вадасховішча, пойма ракі са стаячай перад плацінай вадой.
Джыгаць, джгаць — скакаць (у ваду) нагамі ўніз.
Даваць нурца, нурцаваць — ныраць. Толькі галавой уніз!
Жылка — рыбацкая лёска.
Бродзень – браднік. Сетка на рыбу, з якой упраўляюцца трое мужчын.
Вангор («г» выбухны) – вугор.

У цэнтры вёскі ёсць мемарыяльны комплекс, прысвечаны памяці 128 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Ён пабудаваны ў 1967 г.

13

Апошні пункт маршрута – Слабада. Вёска, якая раней мела сваю царкву, аднак за Саветамі страціла яе. Паблізу Слабады знаходзіцца прыгожае і шчодрае на рыбу возера – Слабадское.

kraj.by

https://www.traditionrolex.com/8