Як вядома, Полацкае княства, дзе два з паловаю стагоддзі ўладарыла ўласная княская дынастыя Рагвалодавічаў, паспяхова адстойвала сваю незалежнасць ад Кіева. Апрача палітычных і эканамічных выгодаў гэта давала творчую свабоду дойлідам, жывапісцам, ювелірам, ад якіх ніхто не вымагаў арыентацыі на кіеўскія ўзоры. Полацкае княства – не толькі першая беларуская дзяржава, але і калыска нашай культуры. Еўфрасіння была сярод руплівых выхавальнікаў гэтага «дзіцяці». Нястомна збіраючы вакол сябе таленты, яна стала нашай першай мецэнаткай.
Унікальныя полацкія фрэскі ХІІ ст. уражваюць багаццем фарбаў, псіхалагічнай глыбінёй і эмацыянальнасцю. Маці Божая і Хрыстос Пантакратар (Уладар Сусвету). Дэталь фрэскавай размалёўкі ХІІ ст. з малельні Еўфрасінні ў Спасаўскай царкве
Якраз за часамі ігуменні Еўфрасінні склалася самабытная полацкая школа дойлідства, высокі ўзлёт якой і засведчыла стварэнне Спасаўскай царквы – неацэннага помніка сусветнай культуры.
З чым параўнаць яе бялюткае дзіва? З лілеяй у цёплай завоіне блізкае Палаты? З казачнай птушкай на зялёным поплаве? З журліва-светлай мелодыяй?.. А як выказаць словамі стан душы, якая тут нібыта выпростваецца і замірае, рыхтуючыся дакрануцца да Вечнасці?
А цяпер крыху фантазіі.
Бачыце ўжо немаладога станістага чалавека ў простай манаскай рызе, што ідзе сюды ад ракі скрозь смугу часу? Адкрыты абсівераны твар, сінія вочы з вугольчыкамі апантанасці, драбок будаўнічае рошчыны ў даўгіх жарых валасах. Пячатка вялікага клопату ляжыць на ўсім абліччы Іаана – полацкага манаха, кіраўніка арцелі муляраў, знакамітага дойліда. Ён ужо збудаваў цэрквы Параскевы-Пятніцы ды Барыса і Глеба ў задзвінскіх Бельчыцах, дзе жывуць полацкія князі. І цяпер вось стварае іншы, зусім непадобны да ранейшых храм.
Колькі разоў ён сніўся Іаану, змушаючы прахоплівацца сярод ночы і доўга ўглядацца ў цямрэчу манастырскай келлі!
Паводле «Жыццяпісу святой Еўфрасінні Полацкай», дойлід не раз чуў на досвітку таямнічы голас, што клікаў яго на будоўлю сабора ў гонар Хрыста Збавіцеля. «І аднойчы падняўся ён, і прыйшоў да Еўфрасінні, і сказаў ёй: «Ці не ты, маці, пасылаеш па мяне?» А яна адказала: «Не». Але, падумаўшы, кажа яму шчасная тая жанчына: «Нават калі і не я цябе абуджаю, усё адно паслухай шчыра й уважліва таго, хто кліча цябе на чын…» Пасля ж гэтага паставіла Еўфрасіння царкву мураваную Святога Спаса, і збудавалі тую царкву за 30 тыдняў».
Заўтра храм вырвецца з павуціны рыштаванняў, як вылятае з вопрадня матылёк, і адкрыецца воку ва ўсёй сваёй прыгажосці. А пакуль Іаан яшчэ раз уважліва аглядае лёгка ўзнесены ў неба фасад, трох’ярусныя закамары з какошнікамі, купал-шалом. Заходняя сцяна значна таўсцейшая за астатнія. Па зробленых у ёй сходах дойлід падымаецца на хоры. У сярэдзіне царква здаецца значна вышэйшаю, чым напраўду. Уражанне ўзмацняюць вузкія выцягнутыя акенцы пад купалам.
Для Іаана і ягоных сучаснікаў храмы былі вобразамі і мадэлямі Сусвету. У іх увасабляліся ідэалы хараства і гармоніі.
Помнік дойліду Іаану. Скульптар Аляксандр Шапо ?
Калі палачане ўбачылі новы сабор без рыштаванняў, іх агарнулі пачуцці, відаць, сугучныя адчуванням візантыйца Міхаіла Псела, які ў сваім трактаце «Хранаграфія» пісаў пра храмы: «Вока нельга адвесці не толькі ад невыказнай прыгажосці цэлага, з цудоўных частак сплеценага, але і ад кожнае часткі паасобку, і хоць ад іх можна атрымліваць асалоду бясконца, ніводнаю не ўдаецца налюбавацца дасхочу, бо позірк прыцягвае кожная».
Вядомы расійскі гісторык Леанід Аляксееў называе будаўніцтва манастырскага Спасаўскага сабора найбуйнейшай падзеяй полацкага і ўсяго старажытнага ўсходнеславянскага дойлідства. Здарылася гэтая падзея недзе паміж 1152 і 1161 гадамі. Ігумення Еўфрасіння была і фундатаркаю храма, змураванага неверагодна хутка, за адзін будаўнічы сезон, і дарадчыцай, натхняльніцай Іаана на творчы подзвіг.
«І асвяцілі царкву, – апавядае «Жыццяпіс святой Еўфрасінні», – і была радасць вялікая ўсім хрысціянам. І сабраліся князі, і ўладарныя мужы, і інакі з інакінямі, і просты люд, і вялікае было свята, і святкавалі яго шмат дзён…»
Сучасны выгляд Спасаўскай царквы. Збудаваная дойлідам Іаанам у сярэдзіне ХІІ ст., яна стала вяршыняй полацкай архітэктурнай школы
Наватарскія архітэктурныя ідэі Іаана пашыраліся на радзіме і ў суседніх княствах. Напрыканцы ХІІ ст. полацкія дойліды ўзвялі ў Смаленску сабор архангела Міхаіла. Узорам для гэтага храма была княжацкая царква, што стаяла ў Полацку на дзядзінцы. Міхайлаўскі сабор стаў асноваю фармавання смаленскай архітэктурнай школы. Прыкладна ў той самы час палачане пабудавалі на Сінічай гары ў Ноўгарадзе царкву Пятра і Паўла.
Полацкаму Спасаўскаму сабору выпаў нялёгкі лёс. Два з паловаю стагоддзі ён належаў ордэну езуітаў і быў касцёлам. Вернуты ў 1832 годзе праваслаўным, храм часткова перабудавалі, каб наблізіць ягоныя абрысы да канонаў афіцыйнай расійскай царквы. У выніку геніяльны твор Іаана істотна змяніў аблічча: на месцы пазакамарнага пакрыцця з’явіўся трохсхільны дах, шалом купалу ператварыўся ў «цыбуліну»… Але і сёння арганічна ўштукаваны ў наваколле храм нараджае надзвычай моцнае адчуванне завершанасці і суладдзя.
Зойдзем у манастырскі сабор.
У чуйным паўзмроку глядзяць на нас са сцен і слупоў старажытныя вобразы. Адухоўленасць, багацце і вытанчанасць каларыту, свежасць вішнёвых, сініх, брунатных, блакітных, ружовых колераў і адценняў…
Гэта адзіны ў Беларусі храм, дзе размалёўкі ХІІ стагоддзя ацалелі. Полацкія фрэскі ўражваюць псіхалагічнай глыбінёй, эмацыянальнасцю. Асабліва хвалююць жаночыя вобразы. На такое набліжэнне да рэальнасці не адважваліся ні кіеўскія, ні ноўгарадскія майстры.
Затрымаемся каля святой на паўночна-заходнім гранёным слупе, што падтрымлівае хоры. Твар намаляваны настолькі пранікнёна, што міжволі ўзнікае думка: гэтая жанчына жыла сярод нас. Дапытлівы цвёрды позірк глыбокіх вачэй выпрабоўвае, выклікае на роздум пра годнасць чалавека і сэнс ягонага існавання. Гэтую фрэску называюць верагодным партрэтам Еўфрасінні Полацкай. Напэўна, якраз такой мог бачыць асветніцу яе выбітны сучаснік дойлід Іаан.
Найстаражытнейшая выява царквы Спаса (Спаса-Еўфрасіннеўскай) з фрэскі ХІІ ст., адкрытай у гэтым храме Уладзімірам Ракіцкім у 2000 г. ?