Мінскіх экскурсаводаў адзначылі дыпломамі-падзякай
У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» ўзнагародзілі дыпломамі-падзякай удзельнікаў акцыі «Фэст экскурсаводаў-2017», які адбыўся 22-23 красавіка. Галоўная ідэя традыцыйнага мерапрыемства — прыцягненне ўвагі людзей да тых гістарычных помнікаў, побач з якімі яны жывуць і праходзяць кожны дзень.
Нагадаем, што «Фэст экскурсаводаў» праходзіць пры падтрымцы грамадскага аб’яднання «Беларускі камітэт ІКАМОС», Беларускага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, Беларускага фонду культуры. Традыцыйна падтрымлівае і дапамагае ў рэалізацыіі мерапрыемства і Нацыянальнае агенцтва па турызму.
З кожным годам павялічваецца і колькасць людзей, якія цікавяцца гісторыяй. Напрыклад, па Мінску за выхадныя ў межах акцыі адбылося больш за 85 экскурсій з удзелам каля 2500 чалавек. Далучаліся актыўна школы і гімназіі Мінска.

Пачалася сустрэча з тэатралізаванай інтэрактыўнай праграмы «Шляхецкія забавы» ад творчага калектыву «Майстэрня ўражанняў».





Супрацоўнік экскурсійнага прадпрыемства «Беларустурыст» Наталля Шчапалкіна: «Дзякуючы вашай працы кожны турыст вяртаецца з Беларусі з часцінкай любові да нашай краіны».


«Такое свята кожны год упрыгожвае наша з вамі жыццё. Вельмі важна, што ў рамках гэтага фэсту нараджаюцца новыя формы правядзення экскурсій», — адзначыла кансультант Дэпартаменту па турызме Міністэрства спорту і турызму Марына Масташова.
Акцыя адбылася ў восьмы раз і была прымеркавана да Міжнароднага дня аховы помнікаў і гістарычных мясцін, які святкуецца кожны год 18 красавіка. Гэта мерапрыемства мае важнае значэнне ў справе папулярызацыі помнікаў культуры, гісторыы і архітэктуры. Дзякуючы такім экскурсіям адбываецца пэўны станоўчы пералом цікавасці да беларускай спадчыны. Трэба адзначыць, што праца па арганізацыі Фэсту экскурсаводаў не з’яўляецца камерцыйнай, а ладзіцца экскурсаводамі-энтузіястамі, многія з якіх не ў першы раз далучыліся да гэтай акцыі.


Аляксандра Валодзіна: «Мінск медычны 100 год таму. Медыцынскія ўстановы дарэвалюцыйнага Мінска, дзіўныя спосабы лячэння, традыцыі гігіены і дабрачыннасці»

Прадстаўнік вучнёўска-педагагічнага калектыву сярэдняй школы № 128 Мінска. Вучні шостага класа праводзілі дзіцячую экскурсію

Шэраг экскурсій на англійскай мове October Square правяла Юлія Вяселіна

Уручэнне граматы калектыву мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» — Павел Сапоцька

Самая доўгая экскурсія «Трасцянец» доўжылася амаль пяць гадзін — зладзіў яе спадар Новікаў

Штогод праводзіць экскурсіі «Парк-музей валуноў» старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікола Чырскі

Марыя Каралёва — экскурсія «Па колішнім Пушкінскім пасёлку»

Наталля Сінкевіч, «Минский кофейный сервиз». Экскурсія-прагулка па кавярнях і кандытарскіх губернскага Мінску ХІХ стагоддзя. За кубкам духмянай кавы можна было даведацца, дзе ў горадзе падавалі лепшую каву, дзе куплялі самую свежую заправу.

На анiмамацыйную экскурсію «Минск мистический», якую праводзіў Віктар Каравай, людзей сабралася ў два з паловай разы больш, чым было зарэгістравана. Экскурсія распавядала аб розных рэальных і дзіўных выпадках з гісторыі, якія адбыліся ў цэнтры сталіцы.


Павел Каралёў правеў экскурсію «Сэрца горада» (у межах акцыі «Малюем Менск» — сумесна з майстэрняй PLOT)». Ідэя яе ў тым, каб людзі не толькі маглі пачуць пра горад, але і навучыцца яго маляваць.

Сваю першую экскурсію «Минск на Немиге» правяла Алеся Клішэвіч

Даведацца пра звон Нагасакі, атамныя выпрабаванні, зазірнуць у разбураную Хірасіму падчас прагляду кінастужкі і ўрэшце знайсці сакуру змаглі на традыцыйнай экскурсіі «У пошуках сакуры», якая праводзілася Анастасіяй Пяргаевай.

Экскурсію «Ожившие сказки волшебного Городка» з загадкамі, пытаннямі і цікавымі заданнямі для дзяцей па Траецкім прадмесці правялі Аляксандр Нялюбаў з сынам Матвеем.


Падарожжа ў маляўнічую вёску з цікавай назвай Каралішчавічы правяла каардынатар па Мінску Таццяна Гайдук. На ёй можна было даведацца пра род Прушынскіх і іх дзейнасць, пра лёс і церні Язэпа Пушчы.

Першы раз прыняла ўдзел у мерапрыемстве і Нэла Назарава
Таксама ганаровымі дыпломамі былі ўзнагароджаны экскурсаводы з Баранавіч Наталля Сабко і Надзея Кіпель.
Напрыканцы ўсіх гасцей чакаў салодкі пачастунак ад арганізатараў.


Тэкст і фота: Віктар ВЕДЗЕНЬ