Прэм'ера першага спектакля пад назвай «Шляхціч Не-Кажы-Як-Зваць і цар Пражор» адбылася 30 кастрычніка ў батлеечнай залі сядзібна-паркавага комплекса «Дукорскі маёнтак». Прэм'ерныя паказы ідуць падчас дзіцячай канікулярнай экскурсійнай праграмы комплекса па 7 лістапада.
Спектакль – аўтарскі. П'еса, заснаваная на малавядомых беларускіх эпічных творах, выйшла з-пад пяра кіраўніка шляхецкага тэатра Андрэя Захаранкі, дэкарацыі і лялькі створаны ўдзельнікамі калектыва Вольгай Верашчака, Алегам Касцюком, Ірынай Захаранка. Арыгінальная музыка да спектакля была напісана і апрацавана Андрэем Захаранкам і Змітром Цітковым.
Ужо праз тыдзень-другі чакаецца выхад Юцюб-версіі спектакля. У бліжэйшай перспектыве з'явіцца цэлы батлеечны «серыял» аб прыгодах шляхціча Не-Кажы-Як-Зваць. Сама ж батлейка ў бліжэйшыя некалькі месяцаў стане мабільнай, а значыць, сама зможа прыехаць да сваіх гледачоў у любы пункт Беларусі.



