Спадзяюся, падсумаванне ўсіх слабых месцаў мінскіх кавярняў дапаможа ўладальнікам хутчэй ад іх пазбавіцца

Людмила Бендетович

Cпециалист по туризму

г. Минск ул. Ульяновская 29

Людмила Бендетович
Cпециалист по туризму
г. Минск ул. Ульяновская 29

Так, я памятаю, што яшчэ дванаццаць гадоў таму на ўсім прамежку ад праспекта Незалежнасці да Кастрычніцкай было 4 кавярні (самай атмасфернай з'яўлялася, відавочна, «Валерыя» aka «Філінз»).

Так, я разумею, што калі кафэшная культура ў горадзе паўстае за такі кароткі прамежак часу, хібы і недапрацовачкі непазбежныя. Але, ведаеце, не трэба быць Габермасам, каб разумець простую сувязь паміж гарадской публічнасцю і тым, дзе і як людзі бавяць вольны час за кавай. Таму прашу ўспрымаць гэты тэкст як енчанне чалавека, які «зажраўся», «перасядзеў» у віленскіх кандытэрыях ды буланжэрыях. Спадзяюся, падсумаванне ўсіх слабых месцаў мінскіх кавярняў дапаможа ўладальнікам хутчэй ад іх пазбавіцца.

Вось спіс рэчаў, якія выводзяць у шал ва ўстановах харчавання сталіцы.

– Калі ў «элітных» (па цэнніку) рэстаранах сталы знаходзяцца ў сярэдзіне залі і ўвесь час нехта ходзіць паўз цябе, як на вакзале.

– Калі месцы ў інтэр’еры арганізаваныя адным блёкам, так, што спінка твайго крэсла (фатэля?) з'яўляецца адначасова спінкай крэсла таго, хто сядзіць ззаду. Ці платнячком падпірае яго, так што твой кожны рух аддаецца і адчуваецца іншым чалавекам. Калі «напарнік» трапляецца спакойны – добра. Але калі ззаду сядае зухаваты, знерваваны хлапчук, лепей проста плаціць і ісці прэч, пакуль не пабіліся.

– Калі на донцы стакана з сокам, ужо дапіўшы яго, бачыш сляды напою, які нехта спажываў да цябе (часцей за ўсё – ссохлую рэшту малака).

– Калі на ўскрайку прынесенай табе талеркі – тлустыя сляды ад пальцаў: рукі повара ў алеі, ён паставіў талерку на дэск для афіцыянта, той проста перадаў яе табе, не зважаючы на тое, што талерка павінна быць прынамсі чыстай.

– Калі ў залі невыносна пахне кухняй. Людцы, вы патрацілі 70 тысяч даляраў на «еўрарамонт», дык пачасаліся б набыць прамысловыя выцяжкі, што цалкам выдаляюць усе пахі з памяшканняў. Пасля асобных мінскіх кавярняў, у тым ліку тых, што месцяцца ў самым цэнтры, на К. Маркса, вопратка яшчэ некалькі дзён пахне згарэлай лазанняй. Асабліва цікава нюхаць гэты феномен у месцах, уладальнікамі якіх з'яўляюцца літоўцы – паспрабавалі б такое вырабіць у Вільні, паглядзелі б, што пра вас загаварылі б праз тыдзень.

– Калі ў рэстарацыі ў меню ёсць сушы, ты іх замаўляеш, іх табе прыносяць. Ты чакаеш прыбораў, з'яўляецца дзяўчынка, якая вінавата паведамляе, што «няма палачак, скончыліся» і кладзе замест нож і відэлец (рэальны выпадак, пры неабходнасці магу назваць месца). Цікава, дарэчы, чаму відэлец, а не лыжку. Лыжкай жа таксама можна – узяў рол, зачарпнуў «падліўкі», праглынуў, падчапіў трохі васабі: у вёсцы елі б так.

Наогул, уся мінская сушы-культура – асобная размова. Ад музыкі ў інтэр’ерах да кітайскіх ліхтарыкаў і вясельных пажаданняў, набытых на «Жданах» як аздабленне для японскай рэстарацыі. Кітай, Японія – гэта ж побач, чо? Калі знаходзіш крабавую палачку замест крэветкі ў макі, нават ужо не здзіўляешся. Для людзей што тунец, што курыная кілбаса – адна і тая ж Японія. Чырвоны імбір звычайна выглядае зліплым камяком, чорны соўс прыносяць ўжо ў талерцы і г. д. – любы японалюб ведае. На гэтым тле радуюць асобныя кампаніі, якія дагэтуль трымаюць узровень, працуючы па дастаўцы, без памяшканняў (мо, калі б яны зрабілі памяшканне, я б іх тут не хваліў).

– Калі зала абсалютна пустая, але табе прапануюць сесці за барную стойку. Бо ты адзін, а раптам набяжыць натоўп есці, піць і рваць баяны, а ты тут адзін цэлы столік заняў!

– Калі ты сядаеш за столік без таблічкі Reserved і табе паведамляюць, што ён зарэзэрваваны. Калі ён зарэзэрваваны, чаму не паклалі таблічкі?

– Калі ў пятніцу з трох часоў дня на ўсіх століках таблічкі Reserved пры тым, што час рэзэрвацыі звычайна пачынаецца з 19.00–19.30. Мне падабаецца, як гэта робяць у кафэ «Амата» на Маркса: побач з абвесткай Reserved кладуць час, з якога столік прыдзецца вызваліць. Тое ж самае голасам паведамляе адміністратар у Newscafe. Такая практыка падаецца прыязнай і зразумелай.

– Калі ты замовіў каву, а дзяўчынка-афіцыянт тупа і механічна па чацвёртаму разу прапануе табе «а дэсэрцік?» Каб хацеў дэсэрцік, я б замовіў дэсэрцік. Але ж калі прыйшоў пачытаць кніжку за кубачкам капучына, навошта табе той дэсэрцік?

– Калі ў прыбіральні няма гарачай вады. Вось можаце называць снобам, але для мяне гэта прынцыповы індыкатар адносін да кліента: шмат якія мінскія кавярні месцяцца не ў жылых дамах, а ў адміністратыўным фондзе. У такія будынкі часцяком не падведзена гарачая вада, але ніхто не замінае ўладальнікам патраціць USD50 на індывідуальны бойлер. Калі бойлера няма – спрабуеш вымыць рукі з мылам, а холад прадзірае ажно да касцей. Такая ж самая сумніўная эканомія – калі ў прыбіральні няма папяровых сурвэтак, каб выцерці рукі пасля таго, як вымыў іх, і прыходзіцца абтрахацца, як сабака пасля дажджу. У сэнсе душэўнасці клопату пра камфорт мыцця рук не магу не згадаць «Англійскую бабулю» – вось дзе дасканаласць!

– Калі, прымаючы замову, афіцыянт не занатоўвае, і ты думаеш: во памяць у хлопца! Але ў выніку прыносяць зусім не тое, што ты прасіў.

– Калі замест аліўкавага масла ў салат наліта алея. Адчуваеш хутка не толькі па смаку, але і па колеру – першае зеленаватае, другое ж прыкметна жоўтае.

– Калі, гатуючы кітайскую, в'етнамскую, індыйскую ці тайскую кухню повар-беларус шчодра дадае солі. Соль амаль не выкарыстоўваецца на Усходзе, калі не верыце – пачытайце, як дасягаецца салёны смак знакамітага японскага соевага соўсу.

– Дагэтуль сустракаецца слова «экспрэссо» ў меню. Адзін буйны банк зараз з годнасцю рэкламуе аднайменныя крэдыты.

– Калі, атрымаўшы грошы па рахунку, не прыносяць рэшты. Прага «чаевых» – рэч зразумелая, але б хто калі навучыў беларускіх афіцыянтаў сусветнай практыцы: ты разлічваеш кліента, прыносіш яму рэшту, нават калі яна вельмі невялікая, пакідаеш тэчку на стале, і толькі ў гэты момант кліент кладзе ўзнагароду. І ніяк інакш! «Прытрымліваючы» рэшту, ты можаш падмануць сам сябе, бо, хто ведае – раптам кліенту ўсё так спадабалася, што ён рыхтуе для цябе $50 узнагароды, а ты «зажаў» $4 і радуешся!

Budzma.org.