Як паведамляе «Культура»:
Складаная і шматэтапная рэстаўрацыя колішняй рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы набліжаецца да свайго лагічнага завяршэння. Да 15 жніўня там маюць завяршыцца агульнабудаўнічыя работы – такі тэрмін быў акрэслены пад час чарговага пасяджэння рэстаўрацыйнага штаба, якое адбылося 3 жніўня з удзелам старшыні Мінскага аблвыканкама Барыса Батуры. Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Кураш не сумняваецца ў тым, што гэтая задача будзе выканана: «Па вялікім рахунку, будаўнічыя работы ўжо скончаны. Сёння будаўнікі папросту выпраўляюць свае дробныя агрэхі. І засталося ім зусім няшмат...»
У гэтыя спякотныя жнівеньскія дні Нясвіжская рэзідэнцыя ўяўляе досыць дзіўную карціну: сям-там усё яшчэ завіхаюцца будаўнікі, а ў той самы час да ўваходнай брамы няспынна рушаць малыя і вялікія групы турыстаў - усіх узростаў, сацыяльных статусаў ды нацыянальнасцей. Павелічэнне колькасці наведвальнікаў замка ў параўнанні з мінулымі гадамі (не кажучы ўжо пра больш даўнія часы) відаць нават няўзброеным вокам. І гэта нават нягледзячы на тое, што для турыстаў пакуль даступная толькі пэўная частка рэзідэнцыі: яе ўнутраны двор перагароджвае «чырвоная стужка», і там пакуль яшчэ вядуцца работы. Але праз які тыдзень яна знікне, і ў дворыку замка будуць цалкам «валадарыць» турысты.
Як адзначыла намеснік дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Наталля Жарко, ужо ў другой палове верасня наведвальнікі здолеюць пабываць у тых залах рэзідэнцыі, якія былі закрыты для агульнага доступу многія дзесяцігоддзі. Прычым карпатлівыя рэстаўрацыйныя работы ў інтэр'ерах будуць доўжыцца яшчэ не адзін месяц – да канца гэтага года. Як адзначыў губернатар Міншчыны, спяшацца ў такой складанай справе ніяк не выпадае.
– Але варта адзначыць, што правядзенне гэтых высокамастацкіх работ зусім не перашкодзіць турыстам, – падкрэсліў Віктар Кураш.
Па словах Наталлі Жарко, некалькі залаў будуць часова выключаны з экскурсійных маршрутаў. У той самы час некаторым турыстам пашчасціць убачыць рэстаўратараў за працай. І перашкаджаць адзін аднаму яны не будуць.
– Падобнае спалучэнне – гэта распаўсюджаная ў Еўропе практыка, – зазначае намеснік дырэктара музея-запаведніка. Яна засведчыла, што турысты ў такім выпадку не спазнаюць дыскамфорт – наадварот: яны з цікавасцю паглыбляюцца ў таямніцы складанай рэстаўрацыйнай работы.
Кавярняў хопіць на ўсіх
Пад час нарады ў Нясвіжскім замку Барыс Батура закрануў і пытанне развіцця турінфраструктуры вакол гэтага знакавага аб'екта. Кавярняў апошнім часам у Нясвіжы паболела. Напэўна, сярод райцэнтраў сваёй «вагавай катэгорыі» гэты горад у згаданай намінацыі і ўвогуле чэмпіён. Але... У «гадзіны пік» турыстычнай актыўнасці паабедаць удаецца не ўсім ахвотным. Да таго ж многія пункты харчавання прадстаўлены ў самым тандэнтным варыянце: брызентавыя намёты, пластыкавы посуд, распушчальная кава... Як адзначыў губернатар Міншчыны, у ваколіцах помніка сусветнага значэння такі сэрвіс выглядае несамавіта.
Зрэшты, як запэўніў яго старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко, ужо неўзабаве месцаў у добрых кавярнях хопіць усім наведвальнікам замка. Да тых, што адкрыюцца непасрэдна на яго тэрыторыі, далучыцца і бар непадалёк ад увахода – у адной з нягеглых пабудоў савецкага часу, якая мае быць да непазнавальнасці перайначана.
Білетны прэйскурант
Пад час нарады з удзелам губернатара ўзнімалася і пытанне кошту білета. Сёння ён складае восем тысяч рублёў для дарослага. Як адзначыў Барыс Батура, гэтая лічба павінна ўзрасці прапарцыйна з адкрытымі для турыстаў музейнымі плошчамі.
Пацікавіліся на гэты конт меркаваннем саміх турыстаў. Бацька вялікай сям'і Яўген Паўлавіч ахвотна пагадзіўся з тым, што плата за ўваход на такі аб'ект не мусіць быць сімвалічнай.
– Калі завершыцца рэстаўрацыя, цана білета павінна быць тысяч дваццаць,– лічыць ён. – Але і не нашмат большай, бо іначай нашай сям'і гэты замак будзе проста не па кішэні...
І сапраўды, тут вельмі важна знайсці «залатую сярэдзіну»: каб было нятанна, але даступна. Па словах Наталлі Жарко, варыянты цанавой палітыкі музея-запаведніка сёння прапрацоўваюцца. Пра дэталі казаць пакуль рана, але ясна адно: палітыка гэтая будзе гнуткай.
– Магчыма, будзе ўведзены адзіны білет, які дазволіць наведаць не толькі замак, але і іншыя нясвіжскія адметнасці, – кажа намеснік дырэктара музея-запаведніка.
Натуральна, гэты «праязны па Нясвіжы» абыдзецца кліенту ў прыстойную суму. Але такі варыянт, безумоўна, не будзе безальтэрнатыўным. Ахвотныя здолеюць абраць тыя аб'екты або часткі экспазіцыі, якія ім найбольш да густу.
У той самы час каласальны наплыў турыстаў, які назіраецца ўжо сёння, а заўтра, па адкрыцці ўсіх залаў, можа павялічыцца ў разы, прымушае задумацца пра такія меры як «цанавы бар'ер». У выпадку ўжо дзеючых еўрапейскіх турадметнасцей першай велічыні (да якіх, спадзяёмся, далучыцца і Нясвіжская рэзідэнцыя) высокія цэны білетаў абумоўлены не толькі эканамічнымі фактарамі, але і фізічнай умяшчальнасцю музейнай прасторы – любыя сцены ўсё ж не гумовыя... Таму, да прыкладу, уваход у кракаўскі Вавель – зусім бясплатны, а вось за кожны з яго музеяў турыст мусіць заплаціць асобна ды яшчэ і адстаяць немалую чаргу.
Але самае галоўнае – каб замка «хапіла на ўсіх». У тым ліку і на людзей з невялікім дастаткам, і нават на самых «эканомных», якія ў першы раз прыехалі ў Нясвіж «чыста дзеля спартыўнай цікавасці».
Чарговая фотасесія Юрыя Іванова, зробленая з вышыні амаль 30-метровага крана, якім кіраваў машыніст Віталь Рымашэўскі, выклікала сярод выпадковых турыстаў не абы-які ажыятаж. Хтосьці ўтрапёна шчоўкаў сваім мабільнікам, а хтосьці на поўным сур'ёзе ўспрыняў гэта як дадатковую платную паслугу і пытаў, дзе прадаюць білецікі. Гэта, уласна, да таго, што элементы атракцыі ды анімацыі, удала ўплеценыя ў «канву замка», безумоўна, будуць вельмі запатрабаваныя. І могуць стаць добрай крыніцай дадатковых фінансавых паступленняў.
***
Як адзначыў Віктар Кураш, пэўныя «рабочыя пытанні» да пастаўшчыкоў і субпадрадчкаў узнікаюць і сёння. Але ўсе тыя праблемкі не маюць глабальнага характару і павінны вырашыцца ўжо неўзабаве.
– Усе пытанні ўрэгуляваны, праца ідзе ў добрым тэмпе, і таму прысутнічаць сёння ў гэтым рэстаўрацыйным штабе мне было вельмі прыемна, – падзяліўся пасля пасяджэння сваімі ўражаннямі Барыс Батура.
Юрый ІВАНОЎ (фота), Ілля СВІРЫН