Як паведамляе Беларуская служба Польскага радыё:
У Коста-Рыцы дык дакладна магчыма!
На некаторых мясцовых банкнотах намаляваны жывёлкі, як некалі на беларускіх «зайчыках». Цэнтральная частка нацыянальнага сцягу – бел-чырвона-белая.
Але пра беларусаў кастарыканцы ведаюць няшмат. Пра гэта адразу робіцца зразумела, калі, рэгіструючыся на самым папулярным мясцовым сайце па продажы авіябілетаў, я не знаходжу Беларусі.
Цікава, ці ведаюць хоць што-небудзь пра «сінявокую» звычайныя кастарыканцы?
Выхавацелька дзіцячага садка Джызэль бачыла Беларусь толькі па тэлевізары.
Джызэль: Шмат пра Беларусь я не ведаю, але бачыла вашу краіну па тэлебачанню. Даволі прыгожыя краявіды. Але нічога пра палітыку не ведаю, на жаль. Я бачыла фотаздымкі з Беларусі, чула пра краіну, калі ўнучка праходзіла геаграфію ў школе.
Грэтэль, якая працуе менеджэрам у турыстычнай кампаніі, вельмі здзівілася, калі даведалася, што да яе звяртаецца беларускі журналіст.
Грэтэль: Ніколі пра Беларусь не чула, выбачайце, вы першы, каго я бачу адтуль. Я здзіўленая, што вы сюды даехалі. Гэта велізарная рэдкасць – мець беларускіх турыстаў.
Рэкламшчык з Сан-Хасэ Эдуарда тлумачыць прычыны, чаму ў Коста-Рыцы навіны з Беларусі рэдка карыстаюцца попытам.
Эдуарда: Калі казаць шчыра, то ведаем мы вельмі мала. Дыстанцыя вельмі вялікая. І не толькі з Беларусі, з любых еўрапейскіх краін інфармацыя сюды прыходзіць рэдка. Таксама мы адчуваем, што ў палітычным плане мы таксама з Беларуссю вельмі адрозніваемся. Можа быць, гэта прычына, чаму мы мала ведаем адно пра аднаго. Вам патрэбна прамоцыя Коста-Рыкі, нам – прамоцыя Беларусі.
Дырэктар школы сучасных танцаў Даніэла ўпершыню пачула пра беларускую сталіцу Мінск у амерыканскай ТВ-праграме.
Даніэла: Упершыню я пачула пра Мінск у знакамітым тэлешоў ЗША – «Фрэндз». Адзін з персанажаў, хлопец адной з галоўных гераінь, з’язджаў кудысьці вельмі далёка, вучыў замежную мову. Ён з’язджаў у Мінск. І многія героі шоў палічылі, што Мінск – гэта самае далёкае месца на зямлі адносна ЗША.
Даніэла лічыць, што няўвага да некаторых рэгіёнаў зямлі – гэта ўпушчэнне ў выхаванні і прыкмета прабелаў у адукацыі.
Даніэла: У Лацінскай Амерыцы пра Беларусь ведаюць мала. На нашых уроках гісторыі мы вучым толькі пра Расію. І гэта сорамна, таму што мне падаецца, што такія краіны, як Беларусь, маюць уплыў на сусветную гісторыю, маюць свае традыцыі. Людзям было б цікава ведаць нешта больш пра гэты рэгіён.
Аляксандр Парошын,
Сан-Хасэ, Коста-Рыка