Кніжкі беларускіх аўтараў прэзентуюць у час кніжнага кірмашу ў Беластоку. Побач з вялікімі польскімі выдавецтвамі свае друкаваныя выданні паказвае таксама беларускае Радыё Рацыя і Цэнтр грамадзянскай адукацыі Польшча–Беларусь.
Гэта перадусім творы пісьменнікаў з Падляшша, такіх як Міхась Андрасюк, але таксама і з Беларусі. Гэта між іншым пераклады на польскую мову кніжак Віктара Сазонава.
Як адзначыў Яўген Вапа, старшыня ўправы Радыё Рацыя і арганізатар беларускага стэнда, кірмаш – гэта магчымасць паказаць шырокаму асяроддзю чытачоў творы выдатных беларускіх пісьменнікаў.
– Паказваем кніжкі, што мы выдалі на працягу апошніх гадоў, а таксама выданні, якія мае штотыднёвік «Ніва», Беларускае гістарычнае таварыства, выданні аб'яднання «АБ-БА». Гэта вельмі важна для прэзентацыі нашай беларускай літаратуры.
Кніжны кірмаш у Беластоку з’яўляецца найбольшай гэтага тыпу імпрэзай на ўсход ад Віслы. Свае кніжкі прэзентуюць тут больш за 50 выдавецтваў з цэлай Польшчы. У час кірмашу адбываюцца таксама спатканні з пісьменнікамі. Заўтра са сваімі чытачамі сустрэнецца беларускі творца з Гайнаўшчыны, сёлетні лаўрэат літаратурнай узнагароды прэзідэнта Беластока Міхась Андрасюк. Пачатак сустрэчы ў 11 гадзін у гандлёвай зале па вуліцы 11 Лістапада.
Лукаш Леанюк
Фота аўтара