https://www.traditionrolex.com/8
<p>Нататкі аб тым, што перашкаджае знакамітаму расійскаму гораду стаць турыстычнай Мекай і што робіцца для пераўтварэння яго ў адзін з самых наведваемых гарадоў планеты<strong></strong></p>

Нататкі аб тым, што перашкаджае знакамітаму расійскаму гораду стаць турыстычнай Мекай і што робіцца для пераўтварэння яго ў адзін з самых наведваемых гарадоў планеты.

Паветраная гавань Паўночнай сталіцы Расіі, мякка кажучы, не натхняе на сустрэчу з адным з прыгажэйшых гарадоў свету, паведамляе «Звязда».

Цесны, цёмны і няўтульны аэрапорт «Пулкава» быў перапоўнены пасажырамі, якія з першых крокаў сустракаюцца з дробнымі, але непрыемнымі праблемамі. Напрыклад, мы вымушаны былі некалькі соцень метраў цягнуцца з багажом да месца пасадкі ў арандаваны для нас аўтобус, які ў дадатак да гэтага спазніўся хвілін на 20. Аказалася, там, дзе нам належала яго чакаць, аўтобусу нельга паркавацца. З гэтай нагоды адбылася яго перадыслакацыя ў новае месца. Шчыра скажу, першыя ўражанні ад Санкт-Пецярбурга не супалі з чаканнямі. Нават у час павярхоўнага знаёмства з яго гістарычным цэнтрам адразу кідаецца ў вочы наступнае: шмат будынкаў мае патрэбу хаця б у касметычным рамонце. А гэта грошы, шмат грошай. Сродкі на адраджэнне і падтрыманне свайго архітэктурнага бляску горад, як потым высветлілася, імкнецца зарабляць і на турызме.

Наступнае, больш змястоўнае знаёмства з Санкт-Пецярбургам хаця і змяніла ўражанні аб ім у лепшы бок, аднак разам з тым заставалася нейкая незадаволенасць убачаным, бо не адчувалася жадання горада, так бы мовіць, актыўна ісці на ўзаемны кантакт. Маўляў, прыехалі дык прыехалі, вашы клопаты. А яшчэ ўзяцца за напісанне гэтых радкоў у многім натхніла аглядная экскурсія па піцерскіх славутасцях і сугучныя майму настрою думкі нашага гіда. Маладая дзяўчына, выдатны экскурсавод і патрыётка роднага горада, расказала, між іншым, і аб гарадскіх турыстычных праблемах, аб пошуках шляхоў іх вырашэння. Калі казаць зусім коратка, то намечана праграма стварэння спрыяльнага асяроддзя для турыстаў. Для іншаземцаў плануецца прадубліраваць назвы многіх вуліц, турыстычных аб'ектаў на англійскай мове. Прадугледжваюцца істотныя зніжкі на паслугі ў міжсезонне. Бацькі Санкт-Пецярбурга, як і яго знакаміты заснавальнік Пётр Першы, відаць па ўсім, вырашылі не вынаходзіць свой славянскі веласіпед, а рашуча перанесці на рускую глебу лепшы досвед сусветнай туріндустрыі па прыцягненні замежных турыстаў. У прыватнасці, усямерна садзейнічаць развіццю кангрэснага турызму.

Яно і правільна. Бо лепшы і кароткі шлях да сэрцаў і кашалькоў, прабачце, крэдытных картак інтурыстаў — гэта хутчэй прыстасавацца да іх менталітэту. Для нас Санкт-Пецярбург — гэта і «град Петров», «Петра творенье», і «самы культурны горад СССР», і «калыска рэвалюцыі». Цікавую гісторыю расказала мне адна мінчанка аб турыстычнай практыцы часоў застою. Тады былі папулярныя паездкі на некалькі дзён у тагачасны Ленінград. У праграме экскурсій (акрамя Эрмітажа, Ісакіеўскага сабора, Петрапаўлаўскай крэпасці і шэрагу іншых культавых аб'ектаў) былі і абавязковыя — у прыватнасці, ленінскі шалаш у Разліве. Туды беларускія турысты не любілі ездзіць, а таму дамаўляліся з экскурсаводамі наступным чынам: маўляў, мы вам трохі даплачваем, а вы замест Разліва пакажыце нам нешта больш цікавае — скажам, адзін з царскіх палацаў.

У замежных турыстаў іншы менталітэт. Многія і не супраць былі б убачыць на свае вочы той жа шалаш у Разліве, іншыя знакавыя месцы расійскай гісторыі, якіх у былой сталіцы імперыі больш чым дастаткова і на любы густ. Ці проста прагуляцца па Неўскім праспекце, у час белых начэй пракаціцца на лодцы па рэках і каналах Паўночнай сталіцы. Толькі ўсё павінна быць арганізавана на ўзроўні сучасных міжнародных стандартаў. А вось гэтага якраз пакуль і не хапае Санкт-Пецярбургу.

Размовы пра тое, як зрабіць яго адным з самых наведваемых гарадоў планеты, вядуцца тут не першы год, пытанне рэгулярна абмяркоўваецца на нарадах, семінарах і канферэнцыях рознага ўзроўню. Гэта даволі гарачая дыскусія мае на мэце выпрацаваць меры, шляхі ператварэння Санкт-Пецярбурга ў лідары па прыёме замежных і айчынных турыстаў. Ці кажучы мовай тураператараў, зрабіць недасканалы пецярбургскі турыстычны прадукт запатрабаваным жыхарамі многіх краін свету. Хаця нам, мінчанам і немінчанам, гэтыя клопаты могуць падацца дзіўнымі. Здавалася б, чаго хвалявацца, калі ў многія музеі Паўночнай Пальміры чэргі, у гасцініц выдатная, асабліва летам у перыяд белых начэй, запаўняльнасць, а сам горад паспяхова канкурыруе з Масквой па папулярнасці сярод замежных турыстаў.

Але нездарма кажуць, што ўсё пазнаецца ў параўнанні. На жаль, па галоўных паказчыках Санкт-Пецярбург істотна прайграе грандам еўрапейскага ўязнога турызму. І гэта адзін з важкіх аргументаў крытыкі рэшткаў той сістэмы работы па прыёме інтурыстаў, якая склалася яшчэ ў савецкія часы. Незадаволеныя ёю пецярбуржцы прапаноўваюць параўнаць свой горад з Парыжам і Лонданам. Кожны з іх штогод наведвае недзе па 15 мільёнаў чалавек, а Санкт-Пецярбург — у шэсць разоў менш! І няхай колькасць насельніцтва ў кожнай з гэтых сталіц амаль удвая большая, чым у Санкт-Пецярбургу, аднак асадак ад такога параўнан-
ня, як гаворыцца, застаецца. І зусім «дабівае» параўнанне Санкт-Пецярбурга з Венецыяй, дзе, уявіце толькі сабе, людзей жыве ў 20 разоў менш, а турыстаў італьянскі горад сустракае ў 4 разы больш, чым Санкт-Пецярбург. Зразумела, можна знайсці шмат апраўданняў (і знаходзяць) гэтым мінусам, але, як ні круці, усё ж рэальны фінансавы вынік ад прыёму турыстаў засмучае пецярбуржцаў. І як можа быць інакш, калі турыстычны штогадовы ўнёсак у бюджэт горада складае прыкладна 3–5%, а ў Парыжы ці Лондане — у некалькі разоў больш.

І гэта пры тым, што ў Санкт-Пецярбурга ёсць шмат таго, чаго няма ні ў Парыжа, ні ў Лондана, ні ў любой іншай еўрапейскай сталіцы. Рупліўцы бурнага развіцця ўязнога турызму ў горадзе на Няве любяць, пры магчымасці, паўтараць фразу прапраўнучкі знакамітага італьянскага архітэктара Д. Кварэнгі аб тым, што Санкт-Пецярбург з'яўляецца самым еўрапейскім горадам у Еўропе. Марыела Альберыні ў сярэдзіне 1990-х наведала Санкт-Пецярбург, была ў захапленні ад яго славутасцяў. Тады ў эмацыянальным парыве жанчына і выказала сваю цікавую думку. Аргумент на карысць гэтага небясспрэчнага тэзіса наступны: нідзе ў Еўропе не захавалася ў такіх маштабах архітэктурных ансамбляў, якія пабудаваны ў духу антычна-еўрапейскай класікі ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў — у прыватнасці, на ўзорах італьянскага Адраджэння. А вось у Санкт-Пецярбургу гэта ёсць. Значыць, робяць выснову пецярбуржцы, і ёсць вялікі патэнцыял для прыцягнення новых плыняў турыстаў: багатая гісторыя, цудоўная архітэктура, зайздросная культурная спадчына. Можна доўга пералічваць. Але, як гэта ні прыкра, пакуль не атрымліваецца гораду стаць турыстычнай Мекай. Турыстаў у Санкт-Пецярбургу зусім няшмат у параўнанні з вядомымі гарадамі, якія амаль на працягу ўсяго года «акупіруюць» натоўпы іншаземцаў. І тым самым істотна папаўняюць гарадскую казну, даюць магчымасць зарабіць турыстычным бюро, гаспадарам атэляў, рэстаратарам, таксістам, шматлікім гандлярам сувенірнай прадукцыяй.

Вядома, арыентацыя на масавы ўязны турызм патрабуе і велізарных інвестыцый, у першую чаргу ў гасцінічны бізнэс, дзе прыярытэт — 3-4-зоркавыя атэлі з неабходным мінімумам (па еўрапейскіх мерках) выгод і паслуг і прымальнымі цэнамі на начлег. У большасці еўрапейскіх сталіц лёгка знайсці прыстойны атэль коштам нумара 60–70 еўра. У Санкт-Пецярбургу гасцініца ніжэй за 100 еўра ў суткі — рэдкасць. Мы, напрыклад, жылі ўдваіх у даволі цеснаватым пакойчыку ў нядаўна адноўленым атэлі. Склалася ўражанне, што раней гэта быў аднамесны нумар, але потым яго ўшчыльнілі, паставілі яшчэ ложак. Плата з чалавека — недзе ў межах 100 еўра. Але ў атэля ёсць важная перавага: ён знаходзіцца ў цэнтры, у пяці хвілінах ад слыннага Неўскага праспекта, непадалёк ад іншых вядомых мясцін. На гэтым фоне ўсе атэльныя нязручнасці здаваліся нам не вартымі ўвагі дробязямі.

Дарэчы, уражвае статыстыка росту колькасці гасцінічных нумароў у горадзе на Няве. У 2007 годзе іх было 10 тысяч, а ўжо ў 2011-м — удвая больш. Да 2016 года мяркуецца гэтую лічбу давесці да 34 тысяч. І, магчыма, гэта не мяжа. Бо, па разліках мясцовых і замежных экспертаў, Санкт-Пецярбург мае ўсе магчымасці з часам прымаць да 30 мільёнаў турыстаў. Аднак тыя эксперты вымушаны прызнаць, што сёння рэальна сустрэць па-людску, камфортна размясціць каля 3 мільёнаў чалавек. Відаць, пры жаданні маглі і больш, але больш турыстаў пакуль не едзе сюды.

Адлёт у Мінск таксама быў звязаны з нязручнасцямі: прыйшлося на сабе цягнуць багаж на другі паверх па даволі крутой лесвіцы, потым у змрочным зале аэрапорта доўга шукаць пакой для кантролю, стаяць у чарзе, прабачце, у мужчынскую прыбіральню.

Запомнілася і яшчэ адна важная дэталь навакольнага ландшафту. Наш шлях ад аўтобуса да аэрапорта ляжаў міма вялікай будаўнічай пляцоўкі. Як потым аказалася — новага цэнтралізаванага пасажырскага тэрмінала «Пулкава», якому надаюць важнасць на самым версе ўлады. Невыпадкова ў лістападзе 2010 года ў гэтым аэрапорце адбылася ўрачыстая цырымонія закладкі новага аэравакзальнага комплексу з удзелам тагачаснага старшыні ўрада Уладзіміра Пуціна. За два гады з нечым года будаўніцтва тэрмінала моцна прасунулася наперад: цалкам закрыты дах і фасад будынка, завершана ўстаноўка ўнікальных элементаў натуральнага асвятлення «скайлайт», ідзе ўстаноўка тэхналагічнага абсталявання, па-еўрапейску прывабна будуць выглядаць залы прыбыцця і вылету міжнародных рэйсаў, зоны мытнага кантролю для іх пасажыраў, зоны выдачы багажу і выхады на пасадку. Побач з аэрапортам узвядуць чатырохзоркавы атэль і бізнэс-цэнтр.

Узровень і якасць арганізацыі масавага ўязнога турызму ў краінах, якія асабліва любяць наведваць іншаземцы, невыпадкова параўноўваюць з «індустрыяй гасціннасці». Вельмі ёмкае азначэнне, у якім слова «індустрыя» — ключавое. А індустрыялізацыя зноў жа немагчымая без сур'ёзных інвестыцый — у прыватнасці, у развіццё паветранай гавані. Прапускная здольнасць новага аб'яднанага пасажырскага тэрмінала пасля завяршэння рэканструкцыі «Пулкава» складзе 17 млн пасажыраў штогод. Увогуле ў Санкт-Пецярбургу мэтанакіравана ўкладваюць велізарныя сродкі ў стварэнне сучаснай турыстычнай інфраструктуры. І хто ведае, можа, у недалёкай будучыні гэты славуты горад, які нярэдка называюць «паўночнай Венецыяй», перасягне па колькасці турыстаў італьянскую Венецыю.

Леанід Лахманенка

https://www.traditionrolex.com/8