Моладзевы партал
Дастаць калькулятар і размеркаваць 20 даляраў на ўсё самае вартае і цікавае мы папрасілі маладых беларусаў, якія жывуць, працуюць і вучацца ў вышэй згаданых гарадах. Што маем у выніку?
Аляксей, Кракаў:
- 20 даляраў па актуальным курсе гэта каля 66 злотых (добра, што не 666). Паснедаць можна, канешне, у МакДаку (які тут таксама абзываюць крыўдна МакШыт) - такая радасць будзе каштаваць амаль 4 баксы, калі да аднолькавай ва ўсім свеце булкі будзеце браць яшчэ і каву. Таму варта пашукаць штосьці больш таннае і спецыфічна польскае. Асабіста раю так званыя «малочныя бары». Іх, можа, складаней знайсці, ды і наведнікі там спецыфічныя (студэнцкая бяднота, слюнявыя пенсіянеры, чэлы з сацыяльнай дапамогі) - але ж які каларыт позняга саўка і якія вялікія порцыі! Абед, пры разумным падыходзе, можна купіць ужо за 2 баксы (!), асабліва калі Вы не ясце мяса.
У Кракаве шмат чаго можна паглядзець бясплатна - хаця б проста стары горад, які сам па сабе варты ўвагі. На замкавае ўзвышша - Вавэль - можна зайсці бясплатна. Глядзець штосьці ў музеі каралеўскага замка зусім неабавязкова. Другі галоўны пункт у Кракаве для аматараў даўніны і розных унікальных штук - музей Чартарыскіх, зараз закрыты на рамонт, таму іх багатую калекцыю паглядзець ніяк не атрымаецца.
У Марыяцкі касцёл неабавязкова заходзіць праз платны ўваход для турыстаў - можна праз бясплатны для вернікаў. Толькі ў такім выпадку не трэба фоткаць ці інакш перашкаджаць іншым.
Абавязкова трэба схадзіць у самы модны музей - падзямеллі Галоўнага Рынку. Уваход у самы сучасны, тэхнічна прасунуты і інтэрактыўны музей Кракава каштуе 14 злотых (4,25 даляры) для студэнтаў, але квіткі трэба абавязкова значна раней рэзерваваць праз сеціва - на месцы звычайна іх наогул няма.
Застаецца трошку больш за 10 у.е. За 3 баксы купляем у маркеце ежу на вячэру і ідзем на другі бок Віслы. Уваход у мегапапулярны музей сучаснага мастацтва Моцак каштуе менш за 2 даляры па картцы ISIC, а поўны - трошку больш за 3. Зусім побач - Фабрыка Оскара Шындлера, вядомая нам па фільме Спілберга, квіткі ў які па 4,5 баксы. Вечарам завітваем у былы габрэйскі раён Казімеж і абавязкова купляем запеканку на Новай плошчы за 2 баксы.
Аліна, Вільня:
- Адразу зраблю агаворку: мне 20 даляраў, або каля 70 літаў, дакладна не хапіла б. Але паспрабуем. Пачнем з таго, што ў Вільні шмат чаго можна зрабіць бясплатна – у сэнсе забаваў, толькі трэба ведаць, куды і калі ісці. Ёсць, напрыкад, нейкі напаўміфічны клуб настольных гульняў, праўда, я там ніколі не была. Ёсць бар з бясплатным настольным футболам. Трапіць у Інтэрнет не праблема – вай-фай паўсюдна. Бываюць бясплатныя кінапаказы. Прычым нямала – толькі прыходзіць трэба заранёў, бо колькасць месцаў абмежаваная. Ёсць такое месца - 'Fluxus' ministry па пр-це Гедымінаса, штосьці тыпу сквота, там адбываюцца выставы, паці, канцэрты. ЕГУ таксама часта ладзіць нейкія бясплатныя рэчы – выставы, майстар-класы, канцэрты.
Я ўжо нават не згадваю пра Вільню пешшу – па цэнтры, па вулачках, па храмах і г.д. Калі казаць пра ежу, то раіла б наведаць адносна недарагі рэстаран літоўскай кухні “Форто дварас” у цэнтры горада. З бюджэтам у 20 даляраў на суткі хоць бы раз туды схадзіць можна. Ёсць шмат шакаладніц, асабліва ў старым горадзе, там можна ўзяць гарбату і каву і некалькі цукерак, самых прыгожых – гэта зусім нядорага атрымаецца.
У выходныя комплексаў на абед не прапануюць, але ў працоўныя дні усходнія рэстараны прапануюць комплексы за 10-12 літаў (3-3,5 еўра), ежы ў ім шмат, хопіць на дваіх.
Таксама абавязкова трэба наведаць букіністычныя крамы, дзе літаральна за капейкі можна набыць вельмі крутыя кнігі-часопісы на розных мовах. Самая прыемная знаходзіцца ў цэнтры – сумяшчае ў сабе букіністычны шоп і чайную. Кніжкі там неабавязкова набываць – можна проста пагартаць-пачытаць. Працягваючы практычную тэму, я б прапанавала прайсціся па сэкандах – іх у Вільні насамрэч шмат, нават у цэнтры. Часам можна набыць вельмі класныя рэчы.
З музеямі, напрыклад, у мяне не склалася, хоць, думаю, у Вільні ёсць шмат цікавых.
Апошняя парада – ніколі не ездзіць “зайцам” у грамадскім транспарце. Калі не хочацца выдаткоўваць грошы на квіткі, а яны акурат нятанныя, лепш ісці пешшу. Бо кантралёраў шмат. І калі натрапішся – 20 даляраў на штраф можа і не хапіць!
Надзея, Уроцлаў:
- Уроцлаў адзін з самых дарагіх гарадоў у Польшчы. Маем на суткі 20 даляраў, або у пераліку па курсе Нацбанка 64 злотых. Для студэнта ці валантэра гэта шмат. На што можна выдаткаваць?
Галоўнае, ежа. Самыя танныя крамы - "Бедронка" і "Нэтта". Тут можна за 30-35 зл. закупіцца ежай амаль на тыдзень. Прыводжу некаторыя кошты: сыр 250 гр. - 5 зл., булачка для сняданку - 30 грошай, масла 250 гр. – 3,5 зл, ёгурты 300 гр. – 2 зл. Хлеб ва Увоцлаве вельмі лёгкі, можна з'есці шмат і не адчуць. Лепш купляць яго ў прыватных пякарнях. Тое ж самае з садавінай і гароднінай: у маленькіх прыватных крамках кошты тыя ж, але ўсё смачнейшае. Тым больш тут заўсёды ёсць свежая зеляніна - зяленая цыбуля і кроп - за 1,2 – 1,5 зл.
Уроцлаў – гэта горад студэнтаў, таму прамоцый, ці адмысловых прапановаў па зніжаных коштах для іх шмат. Для абедаў самы папулярны сярод студэнтаў малочны бар "Місь". Тут можна з'есці порцыю пяльменяў (па-польску "перогі") за 2 зл. Гэта фантастычна танне месца, бо звычайна ў рэстаранах перогі «пацягнуць» не менш за 8-10 зл. Файны перакус у горадзе – запяканка, 5-7 зл. Ці яшчэ адно папулярнае месца - вегетарыянскае бістро "Green way". Тут знаны на ўвесь горад суп з зялёнага гарошку за 4 зл.
Квіток у кіно - гэта 10 зл., дарагавата, але схадзіць можна. Тэатр яшчэ даражэй – да 25 зл. Звярынец таксама нятанны – 25 зл. Але часам бываюць акцыі, напрыклад, у кастрычніку мы трапілі туды ўсяго за 3 зл.
Больш просты варыянт адпачынку - начны паб. Сярод валантэраў самы папулярны "Шайба" (па-польску гэта штосьці тыпу "крэйзі"), бо там уваход вольны, а піва каштуе 6-8 злотых. Ды і музыка не дэнсінг, а з розных часоў. Дарэчы, там тусуецца шмат іншаземцаў, можна папрактыкаваць сваю ангельскую.
Калі хочацца падэнсіць, можна пайсці ў начны клуб, іх на Рынку (гэта цэнтр, Стары горад) дзясяткі. Каб заахвоціць людзей, там пастаянна робяць тэматычныя дні. У сярэднім уваход каштуе 10 зл плюс 10 зл за піва.
На розныя канцэрты і сучасныя пастаноўкі можна трапіць і бясплатна. Галоўнае, знайсці, дзе сёння граюць. Да прыкладу, можна спраўдзіць на інтэрнет-старонцы. Так, днямі ва Уроцлаве бясплатна будуць граць джаз. Малавядомыя гурты звычайна бяруць за квіток - 12-20 злотых. А ў верасні мы бясплатна трапілі на жывы канцэрт Джорджа Майкла з аркестрам! Непрададзеныя квіткі раздавалі валанцёрам, якія дапамагалі ў арганізацыі канцэрта. Нашыя месцы папярэдне каштавалі 300 злотых!
Ва Уроцлаве можна закупіцца таннымі кніжкамі, калі разумееш польскую мову. Тут ёсць спецыяльныя кніжныя стокі, дзе можа быць “усё па 3 злотых” ці “ зніжкі 70%”. Адзенне можна знасці ў сэкандах. За 10 зл. купіць фірмовыя красоўкі, яшчэ за столькі ж заплечнік і г.д.
І яшчэ: лепей плаціць за праезд, бо штраф тут вялікі - 100 злотых. Адна паездка ў трамваі ці аўтобусе каштуе 2,4 зл, ўначы 2,8. Гэта сапраўды дорага. Большасць мае “урбанкард”, мясцовы праяздны. Можна на суткі купіць часовы за 8 зл.