Непадалёк ад курортнага гарадка Друскінінкай, у мястэчку Грутас дзесяць год таму з'явіўся «Парк савецкага перыяду». З усёй Літвы сюды прывезлі 87 помнікаў і бюстаў дзеячам камуністычнай эпохі, а ў музеях парка сабрана 1,4 мільёна прадметаў ідэалогіі і побыту таго часу. Супраць стварэння парка былі вельмі многія палітыкі, але зараз гэта адно з самых наведваемых месцаў у Літве.
Знайсці парк вельмі проста – ад Друскінінкая гэта ўсяго 6 км, дый указальнікі суправаджаюць вас па ўсёй дарозе. Пры набліжэнні да яго раптоўна ўзгадваецца Асвенцым – кацлагер у Польшчы. Гэта з-за калючага дроту і назіральніцкіх вышкаў, якія размешчаны і там, і тут па ўсім перыметры. Вось толькі ў Грутасе за калючым дротам апынуліся Ленін, Сталін, Дзяржынскі і іх паплечнікі.
Гаспадар парка Уілюмас Малінаўскас жыве тут жа – ягоны дом знаходзіцца на тэрыторыі парка побач з міні-заапаркам, які могуць паглядзець і наведвальнікі. Дваццаць гадоў таму на гэтым месцы былі непралазныя балоты, якія асушылі. І сям'я Малінаўскас занялася бізнесам – перапрацоўкай грыбоў ды ягадаў. Кансервы 58 гатункаў, што пастаўляліся ў ЗША, Германію, Ізраіль і іншыя краіны, прынеслі спадару Уілюмасу славу «грыбнога караля Літвы». Зараз ад кансервавання ён адмовіўся, перайшоў на выпуск замарожанай прадукцыі. Да грыбоў і ягад дадаліся слімакі. Пра незвычайны турыстычны аб'ект спадар Малінаўскас задумаўся ў канцы 90-х.
Жывёлы ў парку выглядаюць нават крыху недарэчна, хоць сярод дзяцей, якія прыязджаюць сюды з бацькамі, карыстаюцца папулярнасцю. Умовы ўтрымання жывёлаў таксама адкідваюць у далёкія савецкія часы: маельнікя клеткі, жудасны пах і дрэнныя ўмовы дагляду. Зрэшты, тое самае адбываецца зараз у беларускіх заапарках і Гродна і Мінску
– Спачатку я думаў адкрыць парк гісторыі Літвы, – кажа ён. – Але неяк па справах быў у Вільні і там ля мастацкіх майстэрняў убачыў, як ляжаць пад плотам скульптуры бальшавікоў. І стукнула мне ў галаву сабраць іх у сябе. І не толькі іх, а таксама помнікі ваеннага часу, якія былі знесеныя.
Убачыць Леніна ў полі, а не на галоўнай плошчы горада, спачатку нязвыкла
Выданні за аўтарствам Брэжнева - кнігі, якія дагэтуль засталіся ў многіх дамах
Аўтамат з газаванай вадой не працуе, але вяртае ў тыя часы, калі вада каштавала капейкі і разлівалася ў шклянкі
Вуліца Мельнікайтэ ёсць і ў Мінску. Помнікаў жанчынам у парку вельмі мала. Зрэшты, у самім СССР было тое самае
Гістарычны нумар - у ім з'явілася інфармацыя аб медыцынскім заключэнні пасля смерці Сталіна
Праект Малінаўскаса перамог у конкурсе, арганізаваным Міністэрствам культуры, – экспанаваць савецкае мінулае захацелі яшчэ некалькі кампаній. Перамог, мяркуючы па ўсім, з-за таго, што паабяцаў пабудаваць і ўтрымліваць парк выключна за свае грошы.
Малінаўскас падкрэслівае, што ў яго не было задачы паздзеквацца з мінулага, з ідалаў таталітарызму. У кожнага помніка «правадыра і настаўніка» – шыльдачка з іх кароткай біяграфіяй і пералікам «заслуг» ў задушванні свабоды. Частку помнікаў перадала дзяржава, частку знаходзілі самі. Толькі на перавоз і ўстаноўку манументаў заснавальнік экспазіцыі выдаткаваў больш за 145 тысяч еўра.
Лысіна, якую ні з чым не зблытаеш
У гэтым парку сабрана цэлая эпоха. Шпацыруючы паміж Ленінамі ў розных позах і з рознымі выразамі твару, спачатку смяешся з таго, як можна было настолькі даводзіць да абсурду ідэю камунізма і культа асобы, але праз некалькі колаў ужо пачынаеш стамляцца ад гэтага.
Наведаць парк будзе цікава і тым, хто настальгуе па савецкіх часах, і тым, хто ніколі больш не хоча вярнуцца ў тыя гады. І калі першая катэгорыя можа прыязджаць сюды на тэматычныя вечарыны шмат разоў, каб падняць настрой, то для другой катэгорыі дастаткова аднаго разу, каб больш не засмучацца.
Жорсткія выказванні Леніна як напамін пра падзеі ў СССР
Важна, што стваральнікі экспазіцыі адлюстравалі жахі камуністычнай машыны. Мы бачылі, як бацькі з малымі дзецьмі хадзілі па музею і тлумачылі ім, што гэта быў за час, чаму так адбылося і што трэба рабіць, каб такое больш не паўтарылася.
Выбары без выбару
Імправізаваны пакой партыйнага работніка
Зала для партыйных сходаў
У парку таксама шмат помнікаў і бюстаў Сталіну. Некаторыя з іх былі ўсталяваныя ў Літоўскай ССР напрыканцы 80-х.
"Эвалюцыя" Леніна
Настальгічнае меню мясцовага кафэ. Прапаноўваюць селядзец, сасіскі, боршч, "Рускі чай", кісель і гарэлку. Увесь посуд - з савецкіх сталовых: жалезныя талеркі, алюміневыя відэльцы і лыжкі. Настальгічнае меню таннейшае за еўрапейскае - у кафэ яго таксама прапаноўваюць.
Калі мы ад'язджалі, мне падумалася, што літоўцам у гэтым сэнсе можна пазайздросціць. Яны сапраўды перайшлі праз складанасці і перагарнулі новую старонку сваёй гісторыі – незалежнасць. Тым часам мы, беларусы, працягваем ісці па камуністычных вуліцах, пісаць лісты на адрэсы з вуліцай Савецкай і сустракацца з сябрамі пад помнікам Леніну. У нашых газетах усё тыя ж загалоўкі, а ўрад краіны не знаходзіць нічога лепшага, чым ўводзіць у жыццё тыя лозунгі, у якія прымушалі верыць нашых дзядоў і бацькоў. Урэшце, турыстычныя маршруты распрацоўваюць вакол «Лініі Сталіна», а маладыя на вяселлях у невялікіх гарадах працягваюць ускладаць кветкі Леніну і жывому агню...
Старыя лозунгі, якія спрабуюць аднавіцьу Беларусі
Імправізацыя піянерскага лагеру
Тэматычныя сувеніры
З усіх постсавецкіх краінаў толькі Беларусь захавала максімальна набліжаныя да савецкіх сцяг і герб
Помнік Леніну, які стаяў у Вільні. На фотаздымках адлюстравана, як яго ўзводзілі і пасля скідвалі
Друскінінкай і Гродна аддзяляе крыху больш за 30 км. Але па той бок мяжы немагчыма ўявіць, каб усё лепшае звязвалі з савецкім, а вуліцы, па якіх шпацыравалі Багдановіч і Ажэшка, назвалі імем тых, хто ўчыніў генацыд свайго народа.