Алесь Саламевіч
Сёлета, 21 сакавіка, споўнілася 170 гадоў з дня нараджэння слыннага паэта і публіцыста, грамадскага дзеяча, вестуна беларускага нацыянальнага адраджэння Францішка Багушэвіча (1840–1900). Гэтага чалавека часам называюць нават бацькам сучаснай беларускай нацыі. Менавіта ён стаў тым вяшчальнікам-прарокам, які паспрыяў замацаванню ў грамадскай свядомасці новага наймення старажытных ліцьвінаў – беларусы.
Нарадзіўся Францішак-Бенядзікт Багушэвіч у фальварку Свіраны недалёка ад Вільні ў сям’і небагатага шляхціца Казіміра Багушэвіча і Канстанцыі з роду Галаўнёў. У хуткім часе сям’я пераехала ў невялікі маёнтак Кушляны ў Ашмянскім павеце (цяпер у Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці), які належаў роду Багушэвічаў яшчэ з 1749 года. Францішак скончыў гімназію ў Вільні ў 1861 годзе і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Пецярбургскага універсітэта. Яшчэ ў гімназічныя гады ён цікавіўся гісторыяй і культурай роднага краю, не заставаўся абыякавым і да грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне. А сітуацыя была напружаная, пералом эпох – толькі-толькі адмянілі прыгон для сялян, феадалізм, так бы мовіць, афіцыйна застаўся ў мінулым, выспявала нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1863 года ў Польшчы, Беларусі і Літве. Адбываліся хваляванні і сярод пецярбургскіх студэнтаў, незадаволеных увядзеннем новых універсітэцкіх правіл, якія, на іх думку, абмяжоўвалі правы навучэнцаў. Так і не прысупіўшы да заняткаў, Багушэвіч напісаў заяву на імя рэктара з просьбай звольніць яго з універсітэта з прычыны цяжкага стану здароўя і з’ехаў на радзіму. Між тым улады праз некалькі тыдняў увогуле часова зачынілі універсітэт.
На радзіме Францішак некаторы час выкладаў у народнай школе, якую арганізаваў у сваім маёнтку Доцішкі ў Лідскім павеце (цяпер у Воранаўскім раёне) памешчык А.Звяровіч. Калі пачалося паўстанне, малады Багушэвіч уступіў у атрад Л.Нарбута, удзельнічаў у баях, быў паранены. Змагаўся супраць царскіх войск і яго родны брат Валяр’ян, а бацьку, брата Апалінара і сястру Ганну больш за год трымалі ў турме пад следствам за дапамогу паўстанцам.
Пасля задушэння паўстання Францішку ўдалося пазбегнуць рэпрэсій, аднак на доўгія гады яму давялося пакінуць родныя мясціны. Яго брат Валяр’ян, ратуючыся ад царскіх жандараў, быў вымушаны назаўсёды з’ехаць у Германію, а сам Францішак апынуўся на Украіне, дзе паступіў у Нежынскі юрыдычны ліцэй, які скончыў у 1868 годзе. Доўгі час ён працаваў судовым следчым. Толькі ў 1884 годзе Францішак Багушэвіч пераехаў у Вільню і заняўся адвакацкай практыкай у Віленскім акруговым судзе. Адстойваў інтарэсы пераважна незаможных кліентаў, часам дапамагаючы ім і бясплатна. Тым і заслужыў мянушку «мужыцкага адваката». Апошнія гады свайго жыцця правёў у сядзібе Кушляны на Смаргоншчыне.
У віленскі перыяд жыцця Францішак Багушэвіч плённа займаўся і літаратурнай дзейнасцю, хоць пачаў пісаць задоўга да таго. Друкаваўся ў польскім часопісе «Край», які выходзіў у Санкт-Пецярбургу, супрацоўнічаў з варшаўскім этнаграфічным часопісам «Вісла». У паэтычных і публіцыстычных творах Багушэвіча выразна адчуваюцца сацыяльныя матывы: жыццёвыя клопаты і нялёгкае эканамічнае становішча сваіх землякоў-сялян ён добра ведаў. У пачатку 1890-х гадоў за мяжой пад псеўданімамі і ананімна, безумоўна з цэнзурных меркаванняў, былі выдадзеныя зборнікі «Дудка беларуская Мацея Бурачка», «Смык беларускі Сымона Рэўкі з-пад Барысава», апавяданне «Тралялёначка». Падрыхтаваныя аўтарам зборнік празаічных твораў «Беларускія расказы Бурачка» і паэтычную «Скрыпку беларускую» выдаць так і не ўдалося.
Францішак Багушэвіч стаў не толькі адным з паэтаў-пачынальнікаў у беларускай літаратуры, але і першым беларускім празаікам. Многія яго творы на роднай беларускай мове, хоць і з вялікай цяжкасцю, але былі надрукаваныя і дайшлі да чытачоў, данеслі думкі і заклікі аўтара, які прысвяціў сваю творчасць тым, каго называў: «Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй!» Ён адзін з першых, хто не толькі апісваў «жыццё мужыцкае», але ўзняўся да асэнсавання агульнанацыянальных праблем, балючых пытанняў грамадскага развіцця. Заклік песняра: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!», на жаль, застаецца актуальным і цяпер. А з яго ж вынікаюць і багушэвічавы сакраментальныя словы: «…Гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець…»
Даследчык жыццёвага шляху і творчасці Францішка Багушэвіча пісьменнік Уладзімір Содаль, які, мабыць, як ніхто іншы знаёмы з кожным куточкам багушэвічаўскіх мясцін, аўтар некалькіх кніг, прысвечаных паэту, прапануе свой маршрут да таго, хто першы абвясціў свету: «...Наша зямліца – Беларусь!» Калі ж дарога нарэшце прывядзе экскурсантаў да паэтавай сядзібы, тут ім вельмі прыдасца кніга Уладзіміра Содаля «Блаславёныя Кушляны». У гэтым багата ілюстраваным выданні, якое зусім нядаўна выйшла ў выдавецтве «Кнігазбор», падрабязна апавядаецца пра саму сядзібу і яе гістарычны лёс. «З якіх я толькі старон не заходзіў у Кушляны!» – гэтыя словы зможа спраўдзіць кожны, хто азнаёміцца з кніжкай. Сабраныя тут і паэтычныя прысвячэнні знакамітаму народнаму будзіцелю – Францішку Багушэвічу.