https://www.traditionrolex.com/8
<p>Уся гісторыя Беларусі выглядае як суцэльныя падзелы. Да 1939 года  Заходняя Беларусь належала Польшчы. І хоць у гэты час мая бабуля яшчэ  была маленькай дзяўчынкай, а мяне  і ў перспектыве не было, я заўсёды  адчувала, што мы – з Заходняй Беларусі. Адчуванне гэта складана апісаць  словамі, але разумееш яго кожны раз, калі ў Мінску сустракаеш чалавека з  Брэста ці ў Віцебску раптоўна знаёмішся з людзьмі на аўтамабілі з  гродзенскімі нумарамі. Заходнікі ганарацца сваёй гісторыяй і заўсёды  стараюцца трымацца разам.</p>

Адар’я ГУШТЫН

Уся гісторыя Беларусі выглядае як суцэльныя падзелы. Да 1939 года Заходняя Беларусь належала Польшчы. І хоць у гэты час мая бабуля яшчэ была маленькай дзяўчынкай, а мяне  і ў перспектыве не было, я заўсёды адчувала, што мы – з Заходняй Беларусі. Адчуванне гэта складана апісаць словамі, але разумееш яго кожны раз, калі ў Мінску сустракаеш чалавека з Брэста ці ў Віцебску раптоўна знаёмішся з людзьмі на аўтамабілі з гродзенскімі нумарамі. Заходнікі ганарацца сваёй гісторыяй і заўсёды стараюцца трымацца разам.

Вядома, што дзякуючы знаходжанню ў складзе Польшчы сённяшняя Беларусь захавала шмат архітэктурных помнікаў. Калі мы аб’ездзілі Заходнюю Беларусь з боку Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, мы падумалі, што гарызонты трэба пашыраць. Мы, натуральна, ведалі, што частка Віцебскай вобласці таксама належыць да «нашых ранейшых зямель», але дагэтуль ні ў Паставах, ні ў Глыбокім, ні ў Міёрах не былі. І дарма. Прынамсі Паставы можна сапраўды лічыць адным з самых вялікіх турыстычных адкрыццяў у Беларусі.

«Усё змянілася, калі прыехаў Тызенгаўз»

Першыя згадванні пра Паставы прыпадаюць на 1581 год. Але да сярэдзіны XVIII стагоддзя сённяшні горад уяўляў сабой нязначнае пасяленне, размешчанае на берагах двух азёр, утвораных ракой Мядзелкай. «Усё змянілася, калі прыехаў Тызенгаўз», — кажуць мясцовыя жыхары.

У цэнтры горада традыцыйна была плошча. Яна ўяўляла сабой яскравы прыклад адной з першых на беларускай зямлі ансамблевай забудовы, калі ўсё будаўніцтва вядзецца ў адзін час і па праекце аднаго чалавека. У Паставах гэта быў італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. З 22 дамоў з характэрнымі фігурнымі фасадамі захавалася 6. Гэта былі дамы рамеснікаў, гасціны двор, а на месцы цяперашняга райвыканкама стаяла карчма. Калі ў Паставы наведалася каралеўская камісія – аналаг сучаснага Дзяржкантролю – з праверкай аб засваенні так званых бюджэтных сродкаў на добраўпарадкаванне горада, Антоній Тызенгаўз не разгубіўся. Сустрэў дзяржслужачых і пракаціў іх па рыначнай плошчы. Ганаровыя госці падвоху не заўважылі. У абяцаных мураваных дамах з каменя апынуліся толькі фасады, астатнія тры бакі былі з бярвення. Ці то спадабаўся праект, а можа, зэканоміў арыстакрат, але ў Гродне, што належала тады таксама яму, Тызенгаўз узвёў копію Паставаў. І сёння ў гістарычнай архітэктуры абласнога і раённага цэнтраў ёсць падабенствы.

На ўсходнім баку возера раней знаходзіліся драўляныя касцёл і ўніяцкая царква, а на другім беразе – драўляны францысканскі манастыр. Гэтыя пабудовы, на жаль, не захаваліся: яны былі замененыя ўзорамі з каменя ў XIX - пачатку XX стагоддзя. На месцы ўніяцкай царквы, напрыклад, цяпер стаіць праваслаўны сабор, выкананы ў стылі псеўдарускага дойлідства.

2011-05-03_0145

Зорны час для Паставаў, як можна было заўважыць па апісаннях вышэй, – гэта другая палова XVIII стагоддзя. У той час мястэчка належала гродзенскаму старасце Антонію Тызенгаўзу,  які імкнуўся ператварыць свой радавы маёнтак у адзін з цэнтраў культуры і прамысловасці краю. Дарэчы, такія самыя рэформы ён праводзіў і ў Гродне. Пры Тызенгаўзе ў Паставах была арганізавана мануфактурная вытворчасць на 35 прадпрыемстваў, з’явіўся палацава-паркавы комплекс. Пабудаваны 250 год таму палац за гэтыя гады размяшчаў у сабе таксама жаночую гімназію – яшчэ пры паляках, а вось з прыходам савецкай улады тут знаходзілася мясцовае ўпраўленне Народнага камісарыята ўнутраных спраў, а пазней – міліцыя. Пасля першага гаспадара Антонія Тызенгаўза мала каго хваляваў стан палаца. І толькі калі было вырашана аддаць будынак ва ўладанне медыкаў, пачаліся станоўчыя змены ў аднаўленні. Палац дагэтуль належыць раённай бальніцы. Новым уладальнікам спачатку прапаноўвалі стаць у чаргу на рэстаўрацыю пасля Нясвіжа ды Міра, але шмат часу заняло б чаканне, таму рэстаўрацыю пачалі рабіць уласнымі сіламі, прычым сродкаў з бюджэту на гэта не было. Складаней за ўсё было з падземнымі хадамі. Падземная частка хавае не толькі тэхнічныя камунікацыі, яна мела і практычнае прызначэнне. Вось тыя самыя шляхі-дарогі, якія ідуць паралельна з вулічным рухам. Там праз 100 метраў знаходзіцца пакой у 200 квадратаў. Ад яго ў розныя бакі адыходзяць чатыры тунэлі. Кажуць, адзін выходзіць акурат на гарадскую плошчу, другі – пралягае пад ракой. Пра таемныя падземныя хады палаца размовы ў Паставах хадзілі даўно. Калі верыць мясцовай легендзе, то недзе тут памешчыкі хавалі свае скарбы ад савецкай улады. Нібыта ў пачатку 80-х іх нашчадкі нават спрабавалі адшукаць скарб, але, напэўна, так нічога і не знайшлі. Каштоўнасць уяўляе сабой і парк перад палацам. Тут засталіся старыя дрэвы, алеі. Ужо сучасныя ўладальнікі размясцілі скульптуры ў гонар заснавальнікаў Тызенгаўзаў. Яшчэ адзін цікавы факт пра палац Тызенгаўза: у канцы XIX стагоддзя тут некаторы час хаваўся ад уладаў будучы прэзідэнт Польшчы, а тады рэвалюцыянер-нелегал, Юзэф Пілсудскі.

У час Другой сусветнай вайны ў Паставах ішла моцная ўзброеная барацьба, прычым мясцовыя жыхары актыўна змагаліся як з немцамі, так і з савецкімі партызанамі. Цікава, што польскае ўзброенае супраціўленне акупантам працягвалася да 1956 года, калі ў лясным масіве на тэрыторыі Пастаўскага раёна органамі Міністэрства дзяржаўнай бяспекі была ліквідавана апошняя група палякаў, былых членаў Арміі Краёвай. Але пра гэта ў мясцовым краязнаўчым музеі чамусьці не распавядаюць.

Адраджэнне пасля СССР

За савецкімі часамі Паставы былі магутным ваенным цэнтрам. Тут размяшчаліся адразу два ваенныя гарадкі, дыслацыравалася ракетная частка. Адчуваючы нацыяналістыч-ныя настроі, урад скіроўваў сюды шмат ваенных з Расіі, якія прыносілі свае традыцыі, утваралі сем’і, замацоўвалі рускую мову. Цікава, што менавіта ў Паставах устанавілі апошні помнік правадыру пралетарыяту Леніну. Яго ўстанаўлівалі ў ноч путчу – перавароту 19 жніўня 1991 года, калі на камуністычным мінулым ставілі крыж. Па іроніі лёсу на плошчы горада ўжо доўгія гады сумяшчаецца несумяшчальнае: сімвал атэізму – Ленін і веры – праваслаўная царква.

У 90-х, пасля расфарміравання ваеннага гарадка, казармы апусцелі і цяпер звычайных турыстаў палохаюць пустымі вачыма вокнаў, а экстрэмалаў, наадварот, прываб-
ліваюць. Да цішыні ў горадзе, дзе грымелі ракеты, вайскоўцы прывыкалі з цяжкасцю. І калі большасць з’ехала, здавалася, што і жыццё мястэчка спыніцца. Кожны дзесяты тут быў беспрацоўным. Але некаторыя засталіся. Дарэчы, у Паставах дыслацыруецца адмысловая авіяцыйная эскадрылля памежных войскаў Беларусі. У прыватнасці, тут грунтуюцца верталёты Eurocopter, якія патрулююць дзяржаўную мяжу. Былыя вайскоўцы заснавалі ў гора-
дзе прадпрыемства па вырабу дзвярэй – яно цяпер адно з самых магутных у краіне, патрохі аднаўлялася і прамысловасць. Горад мог стаць турыстычным цэнтрам. Гэтаму спрыяе
геаграфічны стан – Літва пад бокам, прыроднае і архітэктурнае багацце, але развіццё сферы паслугаў у Беларусі і зараз усур’ёз не ўспрымаецца, што казаць пра сярэдзіну 90-х.

2010-10-18_0131

Але дзеля справядлівасці, варта адзначыць, што Паставы — адзін з нешматлікіх беларускіх гарадоў Беларусі, дзе захаваўся неказённы культурны асяродак. Ён і стварае ўнікальныя духоўныя каштоўнасці. Тут пішуцца вершы і нараджаюцца творы мастацтва,  выдаецца незалежны часопіс, ладзяцца краязнаўчыя чытанні. Штогод праходзіць фэст народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». І ў цэнтральных кіёсках побач з кітайскімі сувенірамі прадаюцца дыскі з музычнымі кампазіцыямі мясцовых народных калектываў.

Рэлігійны турызм на Пастаўшчыне

Гонар Паставаў — неагатычны касцёл Святога Антонія Падуанскага. Ён пабудаваны ў 1904 годзе паводле праекта Гойбеля, мае ў плане лацінскі крыж. Падчас Першай сусветнай вайны касцёл быў моцна пашкоджаны. Фронт праходзіў за 4 кіламетры ад Паставаў, і снарады знішчылі арганы, галоўны алтар, часткова пашкодзілі муры, скляпенні, дах, вокны і дзверы. Пасля вайны, у 1920 годзе, святыня была адноўлена, функцыянавала як сядзіба дэканату да 1939 года. З 1935 года пробашчам парафіі быў Баляслаў Мацееўскі, пазней арыштаваны і закатаваны ў сталінскіх лагерах. Пасля прыходу савецкай улады ў касцёле зрабілі склад, потым – прадпрыемства. Ёсць сведчанні, што чалавек, які руйнаваў на будаўнічым кране будынак касцёла, памёр на наступны жа дзень. Трэба сказаць, што каталікі Паставаў упарта патрабавалі ад уладаў вярнуць ім святыню, а дагэтуль маліліся ў хатах. Касцёл вярнулі толькі ў 1988 годзе, аднаўлялі яго супольнымі намаганнямі. Цяпер пры касцёле дзейнічае музей гісторыі рэлігіі, у калекцыі якога ёсць рэдкія прадметы. Сярод іх – дараносіца, вырабленая ў 1663 годзе, арнат ксяндза, пашыты ў 1860 годзе.  А касцёльны гадзіннік з вежы звонам нагадвае вернікам, што праз паўгадзіны пачнецца імша. І мелодыю гадзінніка можна пачуць з любога кутка Паставаў.

Славутасці Паставаў не сканчваюцца ў самім горадзе. За некалькі кіламетраў знаходзіцца вёска Лучай, пасярод якой – магутны і вельмі прыгожы касцёл. Відаць яго здалёк, і, набліжаючыся, нават самы разбалаваны турыст ад нечаканасці можа, даруйце, раскрыць рот. Сваімі памерамі касцёл Святога Юды Тадэвуша пераўзыходзіць храмы ў сталіцах. Ён вітае гасцей і вернікаў класічнай музыкай, якую добра чуваць на ўсю вёску. Унутры сцены і скляпенні велічнай базілікі распісаныя фрэскамі ў тэхніцы «грызайль», што імітуе архітэктуру і скульптурную лепку. Сярод святых і анёлаў тут можна гадзіну разглядаць сцэны з жыцця Лучая XVIII стагоддзя: шляхта і сяляне, ксяндзы і паненкі, дамы і кавалеры. Перад касцёлам стаіць першы ў свеце помнік Папу Бенедыкту XVI. Пробашчам касцёла з’яўляецца ксёндз Мікалай Ліпскі. Малады па ўзросце і без вопыту работы, ён за кароткі час паспеў зрабіць вельмі шмат. Перад касцёлам на месцы былой пустэчы разбіты прыгожы газон, на якім высаджана мноства кветак, а з туяў зроблены вялікі крыж. Змяніўся выгляд і прыкасцёльнай тэрыторыі: абсталяваны штучны невялікі вадаём з фантанам, у вадаёме — лілеі, якімі падзяліўся вядомы ксёндз Юзаф Булька з Мосара. Ксёндз Мікалай зацікаўлены ў стварэнні ў Лучаі турыстычнага цэнтра. Што праўда, вернікаў у касцёла застаецца ўсё меньш – бабулі з найбольш блізкіх вёсак ужо не даюць рады прыязджаць самастойна, таму ксёндз часта прыязджае да іх сам. Застаецца спадзявацца, што дзякуючы турыстам і вернікам з усёй краіны гэтае месца не будзе забытым.

Зусім іншы, але не менш цікавы касцёл Яна Хрысціцеля ў вёсцы Камаі, што таксама на Пастаўшчыне. Падобны да абарончага комплексу, ён фактычна не перабудоўся ад самага пачатку. І нават вытрымаў напады шведаў падчас Паўночнай вайны – у таўшчэзных, двухмятровых мурах захраслі каменныя ядры.  Цікава, што ў касцёле дзейнічае адзін з самых старых арганаў у Беларусі.

Турыстычныя паслугі ў Паставах развітыя досыць добра. Гэтаму спрыяе дзейнасць «Цэнтра турыстычных паслугаў». У раёне існуе некалькі аграсядзібаў, але і мясцовая гасцініца адрамантаваная, і звычайны нумар не параўнаць з люксамі ў большасці раённых гасцініц. Двухмесныя нумары маюць два пакоі: зала і спальня, у нумары ўсё самае неабходнае, гарачая вада – круглы год. Хто вандраваў па Беларусі і спыняўся ў мясцовых гасцініцах, ведае, што гэта – рэдкасць. Адзіны недахоп гасцініцы – вентыляцыйныя сектары, размешчаныя ў асноўных пакоях, праз якія добра чуваць гаворкe з суседняга нумару. І не пашанцуе таму, побач з кім будуць жыць камандзіраваныя ваенныя начальнікі... Ёсць у горадзе і прыватная гасцініца.

Шчыра сказаць, калі шпацыравалі па горадзе, усё ўзгадвалі, калі ж тут праходзілі «Дажынкі» – большасць малых гарадоў рамантуюць толькі пры нагодзе рэспубліканскіх святаў. А высветлілася, што рамонт тут рабілі да Дня пісьментсва і  будынкі ў горадзе па-ранейшаму выглядаюць вельмі прыстойна.

Турыстам у Паставах трэба абавязкова зайсці ў госці да Зюзі Паазерскага. Гэты міфалагічны герой жыве ў вёсцы «Зюзева аколіца» і прапаноўвае аніміраваныя гульні. У Пастаўскім раёне таксама размяшчаецца стравусіная ферма. Апроч самых вялікіх птушак, тут жывуць алені, паўліны, трусы і чорна-белыя свінні. Ля трасы на Полацк – адмысловае кафэ з мясцовых прадуктаў. Тут абавязкова трэба паспрабаваць казінае малако і аладкі з мукі, зробленай сваімі рукамі.

Невялікі горад Паставы зачароўвае нават самага распешчанага турыста. Каб спазнаць усе цікавыя мясціны, дакладна не хопіць аднаго дня. Аднак нават калі вы проста праязджаеце міма, як варынт – у Літву, у Паставах варта затрымацца!

https://www.traditionrolex.com/8