Учора ў лучайскім касцёле Святога Тадэвуша пасля святочнай вялікоднай імшы адбыўся канцэрт беларускага барда Алеся Камоцкага.
Адна з галоўных святыняў Пастаўшчыны прыцягвае ўвагу сваёй прыгажосцю і багатымі духоўнымі традыцыямі. Ксёндз пробашч Мікалай Ліпскі, які менавіта ў гэты дзень адзначаў пяць гадоў, як узначальвае парафію, разам са сваімі вернікамі ладзіць святы і канцэрты, шмат намаганняў прыкладае да аднаўлення і ўпрыгожвання касцёла, да арганізацыі ў вёсцы цікавага культурнага жыцця.
…У 1766 годзе Альжбэта з роду Агінскіх пачала ўзводзіць касцёл. Архітэктарам быў запрошаны славуты італьянец Карла Спампані. За дзесяць гадоў ён пабудаваў храм у стылі позняга барока з элементамі класіцызму. Гэта быў апошні касцёл ордэна езуітаў на беларускай зямлі.
Інтэр’ер касцёла ўражвае: маляўнічы роспіс, у якім створана ўяўленне аб’ёму, дагледжаная прыкасцельная тэрыторыя, якая да лета павінна папоўніцца новымі пабудовамі. Да яе аднаўлення з 1990 года, калі храм быў вернуты парафіі, спрычыніліся многія навакольныя вернікі, сярод іх асобна вылучаецца імя Алега Валодзькі, былога старшыні СПК «Навасёлкі–Лучай».
Пасля спявання псалмоў людзі з задавальненнем паслухалі лірычныя і натхнёныя песні Алеся, вельмі пасуючыя і да месца, і да вялікага свята.