Сапраўды, творчыя, крэатыўныя і няўрымслівыя майстры жывуць на Палессі!
Не заўсёды ўрадлівыя на жыта і гародніну мясцовыя землі міжволі дапамаглі скіраваць чалавечую працу ў бок актыўнай творчасці. Ля вёскі Гарадная на Століншчыне, напрыклад, недзе ў далёкім-далёкім мінулым знайшлі багатыя радовішчы гліны, і з тых часоў тут амаль не спыняецца ганчарнае кола. Беларуская сталіца ганчарства, Гарадная славіцца сваім аўтэнтычным, непаўторным відам керамікі і сваёй метрычнай сістэмай. Гаршчок на пуд, 16 кілаграмаў зерня – гэта «паляк», а маленькі, кілаграмовы – «мамзэлька».
На пачатку XX стагоддзя вёска налічвала амаль 500 ганчароў. Сёння самабытнае майстэрства тут таксама жыве, хаця масавасцю пахваліцца не можа. Пра яго захаванне і дбаюць людзі, не абыякавыя да рамесніцтва і культуры.
А сакрэты народных майстроў перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Пяць патомных творчых дынастый, у тым ліку Шэлестаў, Кавалька, на ўласным прыкладзе даказваюць, што справа дзядоў тут не памерла, спадчына паважаецца і шануецца! У цэнтры ганчарства пад кіраўніцтвам Алімпіяды Леанавец школьнікі навучаюцца лепцы і абпалу, спасцігаюць «залатыя» прапорцыі славутага гараднянскага посуду.
Рыгор Кавалька, патомны майстар
Нездарма трэці раз запар у вёсцы Гарадная ладзіцца свята – кірмаш рамёстваў – і пленэр, на які сёлета запрошаны майстры-керамісты з 11 краін свету.
Джамал Балаташвілі з Грузіі, Мікалай Падрэзаў з Расіі, Алег Луцук з Украіны, Віталіе Парлуй з Малдовы, Аўдронэ Васкевічутэ з Літвы, Элізабет Халгрэн, Моніка Йохансен і Клас Острам са Швеціі, Ірына Бабаян з Арменіі, Пётр Скіба з Польшчы, беларусы Васіль Логвін, Віталь Шапялевіч, Сяргей Молчан, Пётр Кузьміч, Наталля Крывіцкая, Валеры Марчук і іншыя – кожны непаўторны ў сваім аўтарскім стылі і тэхніцы.
Вырабленыя з тонкім гумарам фігуркі Алега Луцука з Украіны
А гэта свежая, яшчэ не абпаленая работа з пленэру!
Вышэй – работа Ірыны Бабаян з Арменіі. Для гэтага майстра характэрна спалучэнне шкла з керамікай
Замежныя госці дэманстравалі свае школы, распавядалі пра традыцыі, дзяліліся вопытам.
Джамал Балаташвілі з Грузіі за ганчарным колам, як сапраўдны віртуоз сваёй справы, збірае шмат гледачоў
А гэта момант абпальвання вырабу
Пётр Скіба з Польшчы
Вырабы гараднянцаў можна было набыць...
...як і драўляныя лыжкі работы майстра з Пінска Мікалая Калько...
...і работы замежных гасцей!
Ларыса Быцко, загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага грамадска-культурнага цэнтра, каардынатар і натхняльнік пленэра, лічыць, што мерапрыемсва атрымалася, як заўсёды, на ўзроўні. З работ трох пленэраў ужо магчыма зрабіць экспазіцыю цэлага музея.
У мінулым годзе падчас пленэру рэзчыкаў у драўляных работах быў зафіксаваны ўвесь працэс ганчарскай работы: ад нарыхтоўкі гліны да продажу вырабаў. Нарадзілася і новая традыцыя: каб вяліся грошы і шанцавала ў фінансавых справах, пацерці глечык, куды майстар «загнаў» некалькі манетак.
Гэта свайго роду помнік яўрэю, які прынёс у Гарадную сакрэт вырабу палівы. Посуд у выніку пачаў выглядаць іначай, набыў новае гучанне і свой сучасны выгляд. І прынёс Гарадной новыя, больш вялікія заробкі.
«Як Бог той, завіхаецца ганчар!» – трапна заўважыў майстар Васіль Казачок у вершы, які прагучаў са сцэны на адкрыцці свята. Прыгадайце, калі ласка, з чаго Бог стварыў першага чалавека… Крыху пафантазіраваўшы, можна і Творцу смела аднесці да першых ганчароў!
Мясцовыя бабулькі...
...і дзядзькі
...у захапленні ад канцэрта!