Гэтая краіна завецца Беларусь. Цяпер пра яе можам чытаць не толькі мы ды нашы дзеці, але і нашы суседзі – на Усходзе і на Захадзе, паведамляе .
У галерэі «Ў» адбылася прэзентацыя супольнага пешчанага дзіцяці пісьменніка Уладзіміра Арлова і мастака Зміцера Герасімовіча. Кніга «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя» выйшла па-беларуску, па-расійску і па-англійску. Глядзіце агляд культурніцкіх падзей!
«Якраз у апошнія дні мне часцей за ўсё даводзіцца ставіць аўтографы на англійскім выданні «Краіны Беларусь», перакладзеным Джымам Дынглі», – дзеліцца пісьменнік Уладзімір Арлоў.
«Гэта быў для мяне шлях новых адкрыццяў, – кажа сам перакладчык, – не толькі пра беларускую гісторыю, але і пра англійскую мову. Пра магчымасць перакласці з беларускай на добрую – а я спадзяюся, яна такая – англійскую».
Кнігу можна прыхапіць і ў свой замежны шлях – яна прыдасца замежным сябрам больш за бутэльку гарэлкі ці саламяную ляльку. У выданні ажно 2000 ілюстрацый: гравюры, рэканструкцыі, фотаздымкі.
«Гэта былі пошукі альтэрнатыўных ілюстрацый, – зазначае мастак Зміцер Герасімовіч. – Тыя ілюстрацыі, якія мы выкарыстоўвалі раней, не ажывілі б нашу кнігу. І мы шукалі новыя, малавядомыя».
Кніга стане навіною і для аматараў гісторыі. Ёсць там факты, здольныя нават шакаваць.
Іншыя тэмы: Лекцыя па ткацтве адбылася ў філіяле Веткаўскага музея ў Гомелі. Гурт Re1ikt правёў канцэрт-экскурсію ў Мінску. У Варшаве выставілі сусветна вядомага ўраджэнца беларускага памежжа Марка Ротку.