Как сообщает «
Але ёсць тут і свой вялікі мінус: у Букавель трэба ехаць падрыхтаваным. Падрыхтаваным да таго, што адмысловыя пластыкавыя боты будуць жорстка сціскаць ногі; падрыхтаваным да таго, што інструктар за 2 гадзіны не навучыць спускацца з гор навічкоў, і табе застанецца адно выйсце – катацца з малымі дзецьмі на так званым «дзіцячым майданку».
Між тым, Букавель – гэта каля 50 км розных горналыжных трас, і спакуса паспрабаваць «дарослы» варыянт неверагодная. Тут могуць адпачываць людзі з рознымі фінансавымі магчымасцямі: самы просты пад’ём на гару каштуе 35 грывен, а дзённы абанемент – крыху больш за 200 (курс на мінулыя выхадныя быў 8 грывен за долар).
Мне, як непадрыхтаванаму навічку, за пад’ёмы плаціць амаль не прышлося, а як цікаўнаму турысту ўдалося падняцца на самую вяршыню.
Адсутнасць снегу на вяршынях гор замяняюць штучным снегам з дапамогай адмысловых снегавых гармат. Для аматараў экстрыму, апроч стандартнага катання на лыжах і сноўбордах, існуюць і альтэрнатыўныя яго віды: зорб – спуск з гары ў спецыяльнай пластыкавай «кулі»; сноўбайк – нешта накшталт горнага веласіпеда, толькі замест колаў прыстасаваныя маленькія лыжы.
Хто мае шмат грошай і хоча паспрабаваць нешта зусім незвычайнае, можа зарэзерваваць электраскутэры-сігвэі, сабачыя запрэжкі, снегаходы і квадрацыклы. Гадзіна падобных забаў каштуе да 200 долараў.
Без рэкламы – ніяк
Да месца пражывання мы дабіраліся сваім аўтобусам, але можна было замовіць і гужавы транспарт. Жылі мы недалёка ад самога курорта ў гатэлевым комплексе «Марышка».
Адзіны плюс гэтага комплексу быў у тым, што ён знаходзіўся ў 2-х кіламетрах ад першай трасы, астатняе – шматлікія мінусы: ад адсутнасці аўтастаянкі да адсутнасці гарачай вады ў нумарах. Выйсце для асабліва ахайных – лазня, але і яе трэба чакаць некалькі гадзін.
У апошнія дні ў Букавелі, як і ў нас, ударылі моцныя маразы – ад -20 і болей, таму ад прыемнага адпачынку прыйшлося адмовіцца. Трасы ператварыліся ў каткі, не дапамагала і тое, што іх чысцілі спецыяльнай горнай тэхнікай.
Шмат хто з нашай групы перайшоў на катанне на каньках ці прыйшоў да мяне, на «дзіцячы майданак», дзе невялічкая горка не дазваляла разбіцца.
На адваротным шляху нас чакала цяжкае 16-гадзіннае падарожжа: дызельнае паліва ў аўтобусе замярзала пры мінус 20, а шматлікія дарогі былі слізкімі. Мы наведалі рынак ў Ярэмчы, дзе накупілі падарункаў родным і сябрам, і вялізны супермаркет у Івана-Франкоўску, пасля якога самы буйны гродзенскі «Алмі» выглядае як маленькая вясковая крама.
Андрэй Мялешка
Фота аўтара