Як паведамляе «Звязда»:
Тэрыторыя палаца-паркавага комплексу стала дзясятым свабодным ад цыгарэтнага дыму месцам у Мінску.
– Пакуль што мы толькі пачынаем рыхтаваць да ўсталявання шыльдачкі, якія будуць нагадваць пра забарону курэння на тэрыторыі парку, – расказаў начальнік упраўлення па абароне раслін і ўтрыманні аб'ектаў гарадскога добраўпарадкавання прадпрыемства «Мінскзелянбуд» Анатоль Аўдзяевіч. – Мяркуецца, што іх усталююць там, дзе звычайна найбольшая канцэнтрацыя народу: каля дзіцячай пляцоўкі, каля будынку флігеля, на ўваходах у парк. Паліць цяпер можна будзе толькі ў спецыяльных альтанках, якіх у парку тры.
Пакуль інфармацыйныя шыльды аб забароне курэння не ўсталяваныя, супрацоўнікі праваахоўных органаў будуць нагадваць курцам пра неабходнасць паліць у спецыяльна адведзеным для гэтага месцы.
Шыльды і тлумачэнні – гэта, вядома, цудоўна. Але ці не ігнаруюць мінчане такія меры? Як расказаў супрацоўнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Андрэй Сасонка, за мінулы год 387 грамадзян былі прыцягнуты да адказнасці за курэнне ў забароненым месцы. За такое парушэнне сёння можна атрымаць штраф у памеры да чатырох базавых велічынь (35–140 тысяч рублёў).
Дыміць таксама нельга:
- на плошчы Незалежнасці і прылеглых тэрыторыях,
- на прыпынках грамадскага транспарту,
- у падземных пераходах,
- у ветэранскім дворыку на вул. Цікоцкага, 46,
- у парках імя Чалюскінцаў і Горкага,
- у Батанічным садзе,
- у Мінскім заапарку,
- у парку «Дрымлэнд»,
- у парку імя 60-годдзя Кастрычніка,
- у Аляксандраўскім скверы,
- ва ўсіх установах адукацыі і аховы здароўя,
- на лесвічных пляцоўках шматкватэрных дамоў.