Як паведамляе «Твой стыль»:
Праект распрацаваны супрацоўнікамі Купалаўскага ўніверсітэта і складаецца з некалькіх аб’ектаў. Па словах дацэнта кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму Віталя Карнелюка, галоўным аб’ектам у праекце з’яўляецца Гудзевіцкі музей:
– Мы хочам больш добраўпарадкаваць гэты ўнікальны музей. У планах – зрабіць там прыбіральню, вестыбюль, ганак з пандусам, каб у музей маглі завітаць людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Таксама добраўпарадкуем тэрыторыю – зробім асвятленне ў дворыку, плот і інш.
Займацца рэстаўрацыяй экспазіцыйнай часткі музея ў праекце не прадугледжана:
– Гэта павінна рабіць дзяржава ў межах комплекснай рэстаўрацыі музея, не за сродкі замежнага праекта. Гэта патрабуе добрай падрыхтоўкі, каб аднаўленне экспазіцыйнай часткі не паўплывала на подых музея, які з'яўляецца ўнікальным, – дадаў Віталь Карнялюк.
Стан жа экспазіцыйнай часткі літаратурна-этнаграфічнага музея ў Гудзевічах, які мае статус рэспубліканскага, робіць даволі прыгнятальнае ўражанне. Надпісы да экспанатаў (а іх налічваецца каля 15 тысяч і сярод іх ёсць унікальныя рэчы для ўсёй краіны) выкананы ад рукі яшчэ ў савецкія часы. Не кажучы ўжо пра надпісы на англійскай мове, хоць у музей даволі часта прыязджаюць замежныя экскурсіі. Умовы для захавання экспанатаў нельга назваць належнымі. Супрацоўнікі музея ў Гудзевічах даўно чакаюць капітальнага рамонту будынкаў музея, які захоўвае багатыя матэрыялы. Хоць і запланаваныя рамонтныя работы па знешнім упарадкаванні таксама патрэбны – дагэтуль у музеі працуе звычайная драўляная вясковая прыбіральня.
Сашка Верацейчык
Фото maystra