– Афіцыйная статыстыка паказвае, што з кожным годам паток медыцынскіх турыстаў у Беларусь расце. У 2008 годзе было 60 тысяч, у 2009-м — 70 тысяч, у 2010-м — 100 тысяч, а ў 2011 годзе ў нас палячылася 115 тысяч замежнікаў, — распавядае «
Паводле яго назіранняў, каля 70–75% прыезджых — гэта расіяне. А прыцягваць турыстаў з Заходняй Еўропы перашкаджае, напрыклад, візавы бар’ер.
– Рэкамендуем дзяржаўным суб’ектам увесці медыцынскія візы, дэманапалізаваць рынак страхавых паслуг для замежнікаў, бо сёння гэтым займаецца толькі «Белдзяржстрах». А галоўная рэкамендацыя — адыход ад планавай эканомікі, — Міхаіл Нядзвецкі пералічвае крокі, якія могуць пашырыць экспарт беларускіх медыцынскіх паслуг.
«Еўрарадыё» запыталася ў маркетолагаў, ці можна выкарыстаць тэму таннай і якаснай медыцыны пры стварэнні вобразу краіны за мяжой.
– Я б не сказала, што мы зоймемся тэмай медыцынскага турызму. Але калі мы будзем працаваць над брэндам Беларусі, мы зноў прааналізуем, і цалкам магчыма, што гэта будзе адным з кірункаў, які трэба будзе развіваць. Але не нашымі сіламі, а і з падтрымкай дзяржавы, зразумела, — кажа Наташа Гранд, якая зараз займаецца брэндам Мінска. Тры гады таму яна казала пра тое, што Беларусь можа прыцягнуць еўрапейцаў менавіта медыцынскім турызмам.
– Калі ёсць рэальна ўнікальная паслуга, у прыватнасці такая, яе, безумоўна, можна рэкламаваць. Бо ў прынцыпе ў нас не самая горшая медыцынская адукацыя. Вырастаюць вельмі нядрэнныя спецыялісты, — кажа рэкламшчыца Юлія Ляшкевіч.
Таксама ўзнікае пытанне, якімі менавіта паслугамі беларускія ўрачы могуць зацікавіць замежнікаў. Усе суразмоўцы «Еўрарадыё» хваляць беларускую стаматалогію. Тэлефануем у адну са стаматалагічных паліклінік памежнага Гродна, каб даведацца, што думаюць пра іх паслугі замежнікі.
Стаматалагічная паліклініка Гродна: «Да нас едуць лячыцца расіяне. А ў сувязі з візавым рэжымам і ўездам раз на 8 дзён грамадзяне Польшчы практычна не заўважаныя ў нашай паліклініцы. Хто да нас яшчэ можа прыехаць? Літоўцы едуць у Ашмяны, напрыклад, я размаўляла з прыватнымі стаматолагамі.
У адну з віцебскіх стаматалагічных паліклінік за 10 месяцаў бягучага года звярнулася на 280% больш замежных пацыентаў, чым летась. Гэта амаль у 4 разы больш!
Стаматалагічная паліклініка Віцебска: «Прыбалтыка таксама ёсць, але асноўная маса — расіяне. Едуць з вялікіх цэнтраў: Санкт-Пецярбург, Масква. Цікавіць імплантацыя, лячэнне. Ёсць і пратэзаванне, якое, праўда, не вельмі зручнае, бо патрабуе некалькіх наведванняў. Некалькі соцень чалавек ёсць. Па вобласці будзе большы аб’ём».
Што яшчэ могуць прапанаваць беларускія бальніцы? Карэкцыю зроку, кардыёхірургію, эндапратэзаванне каленнага і тазасцегнавага суставаў – вынікае з даследавання «Імпарт лепшых замежных практык у сферы медыцынскага турызму: вопыт Германіі, Ізраіля і Літвы для Беларусі», якім кіраваў Міхаіл Нядзвецкі. Альбо аперацыі на шчытападобнай залозе ці па змене полу, якія ў нас робяць нядорага і якасна, кажа Юля Ляшкевіч.
Зміцер Кустоўскі