На Гомельшчыне функцыянуе 600 аб’ектаў аграэкатурызму, адкрытых 475 фізічнымі асобамі, 20 сялянска-фермерскімі гаспадаркамі, а таксама многімі лясгасамі, прадпрыемствамі АПК і іншых галін эканомікі. Усяго 508 суб’ектаў з’яўляецца ў вобласці рэалізатарамі праграмы развіцця аграрнага і экалагічнага відаў турызму. Гэтыя лічбы агучыў намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама Віталь Шаўчэнка на семінары па развіцці аграэкатурызму, які адбыўся ў Петрыкаве на мінулым тыдні, паведамляе газета «
Абмеркаваць напрамкі развіцця гэтых перспектыўных відаў турызму прыехалі таксама намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка па Гомельскай вобласці Уладзімір Сасноўскі, гаспадар аграсядзібы «Сяргея Мілаградскага» ў Рэчыцкім раёне Сяргей Чарненка, старшыні нашых пассельвыканкамаў, гаспадары аграсядзіб на Петрыкаўшчыне, прадстаўнікі раённых арганізацый і службаў, якія ўдзельнічаюць у праграме развіцця аграэкатурызму.
— Мы часта абмяркоўваем на Петрыкаўшчыне тэму аграэкатурызму, — адзначыў Віталь Шаўчэнка на адкрыцці семінара. – У першую чаргу таму, што аб’ектыўна ваш рэгіён з’яўляецца флагманам у гэтым напрамку ў вобласці. Гэтым разам наш візіт носіць не навучальны характар, а найперш інфармацыйны. Запрашаем прысутных падзяліцца навінкамі і агучыць праблемы, з якімі давялося сутыкнуцца ў працэсе арганізацыі аграэкатурысцкай дзейнасці.
Адразу адзначу, што размова ў час сустрэчы адбылася па-сапраўднаму дзелавой і, напэўна, гарачай. Сяргей Чарненка, напрыклад, падзяліўся асаблівасцямі пераадолення праблемных момантаў, якія чакаюць на шляху адкрыцця аграсядзібы і ў час яе функцыянавання. Закрануў нюансы патрабаванняў санітарнага заканадаўства, падказаў, якія элементы найбольш запатрабаваны ў карыстальнікаў аграэкатурысцкіх паслуг, якімі ведамі трэба валодаць пры ўзяцці мэтавых крэдытных сродкаў.
Дарэчы, менавіта крэдытаванне ўзвядзення аграсядзібы з’яўляецца на сённяшні момант самым праблемным пытаннем у развіцці агратурызму. Тое падкрэслілі і ўласнікі сядзіб, хто намерваўся пакарыстацца крэдытам, прадугледжаным Указам Прэзідэнта ад 2 чэрвеня 2006 года № 372.
— Справа ў тым, што гэта мэтавыя сродкі, а таму патрабаванні да іх выкарыстання і з’яўляюцца такімі строгімі, — адзначыла намеснік упраўляючага аддзяленнем «Белаграпрамбанка» ў горадзе Петрыкаве Вера Селівонец. – З пачатку дзеяння Указа толькі фактычна двойчы і не без праблем нашы грамадзяне пакарысталіся крэдытам, хаця жадаючых было значна больш. Але асноўнай праблемай з’яўляецца вызначэнне крэдытаздольнасці патэнцыйнага кліента – ці ёсць у яго сродкі для выплаты крэдыту. На жаль, многія, хто заяўляўся на яго атрыманне, «адсеяліся» ўжо на гэтай стадыі, бо не мелі ні стартавага капіталу, ні пастаяннага даходу.
У абмеркаванні пытання прадстаўнікам банка параілі перадаць па «вертыкалі» падначалення просьбу перагледзець умовы выдзялення крэдыту і выкарыстаць пры вызначэнні крэдытаздольнасці іншыя варыянты, напрыклад, заклад маёмасці або выступленне гарантамі вяртання заёмных сродкаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
Магчыма, сеўшы за «круглы стол», банкіры, спецыялісты агратурызму і жадаючыя працаваць у гэтай сферы знойдуць усё-такі кропкі сутыкнення, агульныя інтарэсы і агульную ж выгаду, і колькасць дзеючых (а не на паперы!) аграсядзіб будзе павялічвацца ў геаметрычнай прагрэсіі, вырашыўшы тры стратэгічныя задачы, прадугледжаныя мэтай развіцця праграмы аграэкатурызму: занятасці і павышэння дабрабыту сельскага насельніцтва, стварэнне станоўчага турысцкага іміджу Беларусі і прыцягненне сродкаў у бюджэт ад аграэкатурысцкай дзейнасці. Пакуль жа пытанне з’яўляецца адкрытым, і недахоп сродкаў на будаўніцтва аграсядзібы або яе пашырэнне грамадзяне знаходзяць… ва ўласных аўтагаражах. У свой час і зараз перспектыўны рэчыцкі «Сяргей Мілаградскі» і наш «Сонечны бераг» выбралі менавіта такую «незалежнасць» ад трохлістовага спіса патрабаванняў банка – прадалі ўласныя аўтамабілі і выручаныя грошы пусцілі ў справу.
Нагадаю, што ўласнік створанай аграсядзібы згодна з Указам выплачвае ў бюджэт штогод збор у памеры адной базавай велічыні, незалежна ад атрыманага ў выніку дзейнасці даходу. А каб адкрыць аграсядзібу, дастаткова вясковай прапіскі і напісанай у выканкам па месцы жыхарства заявы.
У час семінара былі ўзняты і іншыя пытанні дзейнасці аграсядзіб, агучаны патрабаванні да іх функцыянавання з боку санітарнага і падатковага заканадаўства, абмеркаваны асаблівасці ўзаемадзеяння ўласнікаў сядзіб і кіраўніцтва органаў мясцовай улады.
П. ВАЛОДЗІН
Фота аўтара