У інтэрнэце з'явілася першая онлайн-віктарына па гісторыі Беларусі і Польшчы – Rzeczpospolita Obojga Narodów, прысвечаная гісторыі Рэчы Паспалітай. У гульню, створаную кампаніяй Imaginalis TM Games, можна гуляць на трох мовах: англійскай, беларускай і польскай, паведамляе .
Кансультантам гульні выступіў польскі гісторык Збігнеў Келб, музычнае суправаджэнне запісаў беларуска-польскі гурт Miatlica, які спецыялізуецца на беларускім фальклоры. У прыватнасці, у ходзе гульні можна пачуць наступныя песні: «Ружа», «Што й па мору», «Туман ярам», «Зіма» і гэтак далей.
Для поспехаў у гульні аўтары раяць выкарыстоўваць Вікіпедыю і google. Таксама ў гульні можна знайсці кароткую гістарычную даведку пра гісторыю Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
«Працэс гульні аўтаматычна запісваецца на тваім кампутары. Можаш у любы час спыніць гульню і вярнуцца да яе, калі захочаш», – адзначаюць аўтары.
Запампаваць віктарыну можна тут.
***
звязалася з каардынатаркай праекта з польскага боку Беатай Карчмаж з фонду Rozwi? Skrzyd?a.
– Скажыце, калі ласка, адкуль з'явілася ідэя стварыць такую гістарычную гульню?
Б. Карчмаж: Гульня стала падвядзеннем вынікаў праекта нашага фонду пад назвай «Паміж гісторыяй і сучаснасцю. Слядамі спадчыны Рэчы Паспалітай абодвух народаў». У рамках гэтага праекта адбыліся два абмены польска-беларускай моладзі. Моладзь пісала артыкулы для публікацыі праекта, а таксама ўзнікла інтэрнэт-гульня. Ідэя гульні належыць маладым беларусам і палякам, якія зацікаўленыя агульнай гісторыяй Польшчы і Беларусі. Аднойчы яны прыйшлі да нас у фонд і запыталіся, ці пры падтрымцы нашага фонду не ўдалося б зрабіць такую гульню. Нам удалося атрымаць грант і зрабіць інтэрнэт-гульню.
Калі гульня з'явілася ў сеціве?
Б. Карчмаж: Гульня даступная каля месяца. Яна існуе ў форме бясплатнай ліцэнзіі. У яе можа гуляць бясплатна кожны. Гульня даступная на трох мовах – польскай, беларускай і англійскай. Як і цэлы праект «Паміж гісторыяй і сучаснасцю», яна адрасаваная школьнай моладзі і студэнтам. Мы вельмі хацелі б, каб гульня выконвала функцыю адукацыйнай дапамогі настаўнікам гісторыі ў Польшчы і Беларусі. Выкарыстанне інтэрнэту з'яўляецца інавацыйнай тэхнікай, якая цікавіць моладзь. Мы хацелі б, каб моладзь вывучала гісторыю не толькі з падручнікаў, але каб новыя тэхналогіі таксама прычыняліся да развіцця моладзі.
Цягам месяца ў гульню сыграла больш за 100 чалавек. Аўтарам музыкі, выкарыстанай у гульні, з'яўляецца фольк-гурт «Мятліца».