Раней, пакуль быў амбасадар ЗША, «Амбасовішча» ладзілася на тэрыторыі амбасадаравай рэзідэнцыі ў Раўбічах. Калі ў выніку дыпламатычнага канфлікту амбасадар пакінуў краіну, у рэзідэнцыі адпала патрэба. Таму «Амбасовішча» перабралася на тэрыторыю амбасады ў Мінску. Ладны падворак лёгка змясціў некалькі сотняў гасцей. Адкрываў «Амбасовішча» часовы павераны ў справах ЗША спадар Ітан Голдрыч.
Вёў «Амбасовішча» супрацоўнік амерыканскай амбасады Алесь Круглякоў, паведамляе .
Патрыцыя Курганава, пра якую згадваў ва ўступным слове спадар часовы павераны, напраўду ўразіла ўсіх гасцей. Не толькі сваім чароўным голасам, але і сілаю духу: невідушчая дзяўчына мужна ідзе дарогаю свайго таленту, чым падае прыклад іншым людзям з абмежаванымі магчымасцямі.
Вядоўца Алесь Круглякоў у перапынках між выступамі распавядаў цікавыя байкі пра фестываль. Напрыклад, як «Амбасовішча» дапамагло ўтварыцца новай сям’і.
На «Амбасовішчы» выступілі гурты «Рэха», «Паніхіда», Зміцер Вайцюшкевіч, амерыканскі гурт Картэр Бразэрс. Быў сярод удзельнікаў і папулярны моладзевы гурт «Хэндмэйд». Лідар гурта Яўген Валошын прызнаўся, што ён упершыню на амерыканскай зямлі.
Усіх, як кажуць, парваў выступ Лявона Вольскага ў дуэце з саксафаністам Паўлам Аракелянам. Вольскі выканаў добра вядомыя ўсім песні. А калі публіка не адпусціла музыкаў са сцэны воклічамі «біс», нечакана праспяваў адну з песень са славутага хуліганскага цыклу «Саўка ды Грышка».
Адметна, што песня «Расея – зараза» прагучала роўненька пад сценамі рэзідэнцыі расійскага амбасадара ў Мінску, якая знаходзіцца літаральна за плотам амерыканскай амбасады. Аднак ніякай рэакцыі з расійскай тэрыторыі не паследвала, таму фестываль «Амбасовішча» прайшоў у нязмушанай ды вясёлай атмасферы.
Арцём Багданаў