Перфоманс са Швецыі «Не замарочвайся казкамі» адбыўся ў парку 1-га верасня ў Берасці. Акцыя была праведзена шведскімі тэатраламі Reich плюс Syber у межах міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая вежа», паведамляе .
Каля гадзіны пяць беларусаў павінны былі сядзець у зямлі і думаць пра сваё жыццё, сваё прызначэнне ў грамадстве і краіне ў цэлым.
Богдан, адзін з арганізатараў перформанса, патлумачыў, чаму ўдзельнікі былі зарытыя менавіта ў зямлю:
– Гэта беларуская зямля, гэта ваша зямля, гэта ваша краіна. Калі мы рабілі гэта ў Польшчы, то гэта была польская зямля, польская сітуацыя, а тут іншая сітуацыя.
Удзельнік Павел падзяліўся ўражаннямі, а таксама тымі высновамі, якія зрабіў пасля тэатральнага эксперымента – знаходжання ў зямлі:
– Пры гэтым многа думаеш, пра жыццё, пра свае справы, што ты рабіў у сваім жыцці і што ты робіш цяпер – нічога. Ты жывеш, працуеш, вынікаў у цябе ніякіх. Трэба не жыць усё жыццё ў ружовых акулярах, а штосьці рабіць, штосьці змяняць у нас і нашай краіне.
Як адзначылі шведскія арганізатары перфоманса, у Беларусі ён быў праведзены ўпершыню. Такія ж тэатральныя эксперыменты яны ўжо арганізоўвалі ў Польшчы і ў Швецыі.