Гледачы, што прыйдуць у абноўлены тэатр, пабачаць яго такім, якім ён выглядаў да 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Рэстаўратары паспрабуюць вярнуць гістарычны выгляд будынка звонку і знутры. Будзе павялічана фае тэатра, узноўлена па чарцяжах лесвіца на другі паверх, будуць прымаць публіку кабінкі для VIPгасцей на другім ярусе глядзельнай залы. Пра гэта распавёў генеральны дырэктар Купалаўскага Павел Палякоў.
Сёлета на работы ў тэатры выдзелена 30 млрд. рублёў з рэспубліканскага бюджэту. Будынак атрымае новае дахавае пакрыццё, будуць праведзены інжынерныя сеткі, тэлефонная сувязь. А цяпер адбываецца дапрацоўка праекта: нядаўна было вырашана перамясціць складскія памяшканні тэатра ў іншы будынак, асноўны ж будзе прызначаны толькі для рэпетыцый і дэманстрацыі спектакляў.
На здымку: праект экстэр'ера Купалаўскага тэатра пасля абнаўлення.
Источник: "Культура"