Ідэя стварэння хостэлу належыць двум маладым людзям – Уладзіміру Рамановічу і Сяргею Чарняку. Іх аб'ядноўвае ініцыятыва «Панскі дом», якой належыць адкрыццё першага хостэлу ў Беларусі ў Віцебску, а таксама творчы падыход да вядзення бізнэсу.
За 20 дзён яны здолелі з катэджа савецкага тыпу зрабіць утульны еўрапейскі домік. Госці могуць размяшчацца ў пакоях па два, пяць і дзевяць чалавек. У хостэле ёсць агульная кухня і гасцёўня, дзе размешчаныя тэлевізар, сінтэзатар, настольныя гульні і паліцы для кніг і дыскаў. Уладальнікі ўжо вызначылі кошт пражывання – €8,5 за суткі і €65 за месяц. «Мы разлічваем, што да нас таксама захочуць засяліцца студэнты, якім не далі інтэрнат ад універсітэту, – кажа Уладзімір Рамановіч. – Пасля 10 дзён пражывання мы прадастаўляем кліентам выгадныя зніжкі».
У хостэле таксама ёсць лазня і міні-басейн, месца для барбекю, настольны футбол і тэніс, паркоўка для аўтамабіляў і ровараў.
Першыя два паверхі дома – жылыя, на трэцім паверсе – памяшканне для імпрэзаў і выстаў. «Мы плануем, што хостэл таксама стане месцам сустрэчы творчай інтэлігенцыі ў Мінску. Тут будуць выступаць музыкі, праходзіць мастацкія выставы», – кажа дырэктар.
У асноўным уладальнікі разлічваюць на маладзёвую аўдыторыю. У першыя дні ў хостэле былі турысты з Расіі, Латвіі і Балівіі. «Зацікавіць беларусаў хостэлам складаней, – кажа Сяргей Чарняк. – У людзей яшчэ шмат стэрэатыпаў, яны не ўяўляюць, што такое хостэл. «Як так – пяць чалавек у адным пакоі?», «чаму няма абслугоўваючага персанала?» – вось такія пытанні задаюць. Мы плануем гэтыя стэрэатыпы змяніць. І пачынаць будзем з дзяржаўных устаноў».
Па словах уладальнікаў, яны актыўна наладжваюць сувязі з турыстычнымі кампаніямі і дзяржаўнымі арганізацыямі. «З прыватнікамі працаваць прасцей, бо яны ўмеюць лічыць свае грошы, – кажа дырэктар Уладзімір Рамановіч. – Тыдзень таму мы размаўлялі з Цэнтрам фізічнага выхавання моладзі ў Мінску, дык кіраўніцтва ўсё спрабавала высветліць, што гэта за гасцініца ў нас, дзе аховы няма, недастаткова абслугоўваючага персаналу і г.д. Хоць яны пагаджаліся, што нашы цэны сапраўды эканамічныя, але паколькі мы прыватнікі, да нас яны паставіліся з насцярогай».
Па словах першых кліентаў, інфармацыю пра хостэл «Jazz in Minsk» яны знайшлі ў інтэрнэце. Учора яны таксама прысутнічалі на прэзентацыйнай вечарыне. Як гэта было – у нашым фотарэпартажы.
Сярод будынкаў на вуліцы Мазырскай хостэл выдзяляецца ярка-сіняй афарбоўкай.
Назва новага хостэла – «Jazz in Minsk». Першы хостэл у Беларусі называўся «Jazz in Vicebsk».
Дырэктар Уладзімір Рамановіч сустракае першых гасцей.
Так выглядае стандартны пакой на пяць месцаў.
Уладальнікі найперш разлічваюць на маладзёвую аўдыторыю.
Першая музычнай вечарына адбылася ўжо на адкрыцці.
Госці хостэла арганізавалі сапраўднае спаборніцтва па настольным футболе.
У дзень прэзентацыі хостэла ўсе наведвальнікі змаглі застацца на ноч. «Адчуйце атмасферу нашага дома», – прапанавалі гаспадары.