Як паведамляе «
Мядзельскі музей народнай славы працягвае радаваць наведвальнікаў цікавымі выставамі. Некалькі дзён таму тут адкрылася выстава дыпломных і курсавых работ навучэнцаў аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М. К. Агінскага, якое з’яўляецца самай славутай навучальнай установай у горадзе. Ініцыятарам, арганізатарам цікавых спраў, а таксама дырэктарам музычнага вучылішча з’яўляецца заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Ф. Скарыны Рыгор Сямёнавіч Сарока. Аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва працуе з 1995 года. За гэты час творчы калектыў яго дасягнуў значных вынікаў і заслужыў, каб пра яго дзейнасць гаварылі ў Беларусі і за яе межамі.
Асноўны накірунак работы выкладчыкаў – развіццё мастацкіх здольнасцей адораных вучняў, эстэтычнае выхаванне моладзі, адраджэнне культуры Беларусі, яе мастацтва і народных традыцый.
На выставе прадстаўлена 87 работ розных мастацкіх накірункаў. У кожнай з іх адлюстраваны творчыя здольнасці аўтараў, іх уменне з дапамогай саломы, паперы, дрэва альбо іншага матэрыялу перадаць сваё ўспрыманне навакольнага свету.
Экспануюцца аб’ёмныя вырабы з саломкі; эксперыментальны тэкстыль; пано, пры стварэнні якіх выкарыстоўвалася тэхніка «аплікацыя саломкай»; выцінанкі; драўляная скульптура; лялькі. На выставе можна ўбачыць саламяныя кветкі, капелюшы, фігуркі птушак, барана, казачнага каня. Уражваюць не падобныя адзін на аднаго маляўнічыя, арыгінальныя пано, у сюжэтах многіх з якіх адлюстраваны народныя святы, традыцыі, матывы роднай прыроды. Прыцягваюць увагу драўляныя куфры, адзін з якіх упрыгожаны цудоўнымі ўзорамі з саломкі, другі – ажурнай разьбой, калядная каза, саламяныя разнастайныя шкатулкі, лялькі, выкананыя з ільну, а таксама апранутыя ў жаночыя і мужчынскія народныя касцюмы – строі той ці іншай мясцовасці Беларусі.
Наведвальнікі выставы не застануцца абыякавымі пры сустрэчы з лялькамі, якія ўвасабляюць у сабе вобразы старажытных багоў, духаў, персанажаў славянскай міфалогіі. Гэта і Хапун – міфічны дух, і Аржавенік – істота, якая жыве ў балотнай дрыгве, і Пачвара – злы дух сялянскай хаты, і Лясун – уладар лесу, і Дамавік – захавальнік сямейнага ачага.
Выстава будзе працаваць у музеі да канца снежня. Вельмі цікавыя, высокамастацкія работы змогуць парадаваць людзей розных узростаў і захапленняў, прынясуць сапраўдную эстэтычную асалоду. Запрашаем усіх жыхароў і гасцей раёна наведаць выставу і дакрануцца да казачнай прыгажосці.
В. КАРЗЯЁНАК