Як паведамляе «Твой стыль»:
Спачатку «падарожнік», які рухаўся ў бок «Беларусі», атрымліваў пашпарт і бланк, які неабходна запоўніць перад пераездам мяжы. Пасля трэба было пайсці ў кантору, дзе прадаюць страхоўкі. Атрымаць страхоўку было няцяжка, але калі трапляеш да памежніка і мытніка – пачынаюцца праблемы.
Арганізатары акцыі звярталі ўвагу на тое, што трэба памятаць пра свае правы, калі, напрыклад, памежнік просіць адчыніць кампутар і паказаць змест дакумантаў у ім.
Пасля доўгіх размоў на «мяжы», на выхадзе ўдзельнікаў акцыі сустракалі аператар і журналістка, якія прасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі наконт карысці гэтай акцыі і перспектывы стварэння безвізавага рэжыму паміж Беларуссю і краінамі Еўрасаюза.
Кожны, хто змог прайсці «мяжу» (а была рызыка застацца на «літоўскім баку») атрымаў кашульку кампаніі «Без візы».
Была таксама магчымасць падпісацца пад зваротам да ўлад пра адмену віз.
На руку кожнаму ўдзельніку паставілі штамп кампаніі.
У гэты ж дзень была адкрыта інсталяцыя «Стагоддзямі разам, а цяпер…», што сімвалізуе бар’еры між Беларуссю і Літвой.
А ўвечары ўсе ахвотныя маглі наведаць канцэрт беларуса літоўскага паходжання Марка Палубенкі, арганізаваны ў падтрымку акцыі.
Арганізатарамі акцыі ў межах грамадзянскай кампаніі «БЕЗ ВІЗЫ!» былі асацыяцыі BelarusWatch і StudAlliance.
Удзельнікі кампаніі патрабуюць ад ўлад Беларусі і Еўрасаюза адмены візавага рэжыму дзеля аблягчэння кантактаў паміж людзьмі.
Фота з сайта «Еўропа без візавых межаў».
Алеся Руднік