Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту і турыстычная кампанія «Гісторыя тур» запрашаюць на фальклорны фэст «Сонцаварот», які адбудзецца 21 чэрвеня з 17.00 да 23.00.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту знаходзіцца ў в. Азярцо Мінскага раёна (4 км ад Мінскай кальцавой дарогі, за аўтарынкам «Малінаўка»). На тэрыторыі музея размешчана больш за 30 аб’ектаў традыцыйнай народнай архітэктуры канца XVIII – пачатку XX стагоддзя: млыны, царква, школа, комплексы сялянскіх сядзіб з адноўленымі інтэр’ерамі і прадметамі побыту, якія характарызуюць розныя рэгіёны Беларусі. Месца правядзення мерапрыемства дазволіць надаць фестывалю каларытную, утульную, цёплую атмасферу. Наведвальнікі змогуць атрымаць асалоду ад прыроды на тэрыторыі музея, праграмы фестывалю, прыняць удзел у конкурсах, гульнях, майстар-класах па танцах, адпачыць, паслухаць традыцыйную музыку.
«Сонцаварот» – фальклорны фэст у гонар летняга сонцастаяння. Асноўная ідэя праекта – пераемнасць беларускіх народных традыцый спеўнага, музычнага, харэаграфічнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Праграма фэсту:
• кірмашовая плошча: майстар-класы па народных рамёствах, завіванне вяночкаў, выступленне фальклорных калектываў «Ветах», «Кроса», «Страла», «Талака», «Этнасуполка», школа традыцыйнага мастацтва GUDA i iнш., майстар-класы па народных танцах;
• канцэртная праграма на сцэне сектара «Цэнтральная Беларусь», вядучы Алег Хаменка (лiдэр гурта «Палац»): дэфіле-прэзентацыя народных строяў, конкурс сярод наведвальнікаў па намінацыях «Традыцыйны строй», «Строй-рэканструкцыя», «Русальны вянок», «Дзявіца-краса – доўгая каса», «Русальны строй», выступленне музычных гуртоў, майстар-класы па народных танцах;
• поле каля вогнішча: абрад «Купалле», містэрыя распальвання вогнішча, услаўленне Купалінкі, карагоды, спевы, танцы;
• этнадыскатэка.
Кошт білетаў – 55 000 руб.
Будзе арганізаваны транспарт ад аўтастанцыi «Паўднёва-Заходняя» і ст. метро «Міхалова» ў музей і назад у горад з 16.30 да 23.00.
За дадатковую плату: наведванне карчмы, катанне на брычцы і вярхом, фотакуточак у музейнай экспазіцыі, набыццё музычных альбомаў і вырабаў народнай творчасці.
E-mail: fest_soncavarot@tut.by