https://www.traditionrolex.com/8
<p>На кірмаш у Крэва</p>
<p>«Абсалютны адпачынак» у цэнтры Мінска</p>
<p>Нацыянальная кухня ў Моталі</p>
<p>Рыцараў збяруць у Астрашыцкім гарадку</p>

Фестывалі

На кірмаш у Крэва

13-14 жніўня гасцей запрашаюць на рэгіянальны фестываль «Крэўскі кірмаш».

На гэты час вёска Крэва пераўтварыцца ў эпіцэнтр віравання тэатральных, танцавальных і песенных плыняў сучаснай інтэрпрэтацыі традыцыйнай культуры. Падчас фестывалю выступяць сярэднявечны тэатр «ДыГрыза», гурты «Квецень», «Князь Мышкін», «Нагуаль», «Рацыянальная дыета», «Святкі», «Фолкінэры», «Hoha-band», «The Silicon» ды інш. Пройдуць майстар-класы па народных танцах, гульнях і спевах. Апроч таго, будзе працаваць рамесніцкі кірмаш, а таксама кірмаш спажывецкіх тавараў. «Солі хопіць усім!» – пераконваюць арганізатары.

«Абсалютны адпачынак» у цэнтры Мінска

Менавіта так назвалі імпрэзу, што пройдзе 13 жніўня ў парку імя М.Горкага. «Не сакрэт, што ўсе мы вельмі розныя. У кожнага свае мэты, мары, звычкі і забавы. Але нас усіх аб’ядноўвае адно – жаданне ярка і цікава праводзіць вольны час. На фестывалі кожны зможа адпачыць, зыходзячы са сваіх выбару і жаданняў», – расказалі яго арганізатары.

На галоўнай пляцоўцы фестывалю збяруцца аматары якаснай танцавальнай музыкі. Іх будуць забаўляць ды-джэі, музычныя гурты. А прафесійныя школы танцаў правядуць майстар-клас. У час фестывалю будзе працаваць фотазона, дзе кожны зможа з дапамогай касцюмаў і незвычайных аксесуараў стварыць свой непаўторны фотавобраз. На гульнявой пляцоўцы аматары актыўнага адпачынку змогуць прадэманстраваць сваю лоўкасць і атрымаць за гэта прызы. Майстры старадаўніх народных промыслаў з задавальненнем падзеляцца з усімі жадаючымі сакрэтамі майстэрства. Кожны, хто прыйдзе на свята, зможа паўдзельнічаць у стварэнні вялікага калажа і расказаць, што для яго значыць сапраўдны адпачынак.

Нацыянальная кухня ў Моталі

У Іванаўскім раёне 12 і 13 жніўня пройдзе фестываль «Мотальскія прысмакі». У спісе асноўных мерапрыемстваў – наведванне Дома Вэйцмана і дэгустацыя яўрэйскай кухні, конкурс «Усе ласы на мотальскiя каўбасы!» Стравы падзеляць па тэматычных шэрагах – рыбны, мясны, пякарны, бульбяны ды сырны. Прадэманструюць таксама сапраўдны самагонны апарат, наведвальнікам прапануюць прыняць удзел у дэгустацыі вырабленай прадукцыі.

Акрамя таго, гледачоў чакае выступ фальклорных калектываў, тэатралізаванае вечаровае прадстаўленне «Мотальскiя пацехi», конкурс «Бабулiна кухня», выстава-продаж вырабаў народнай творчасці і святочны феерверк. Для дзетак будзе арганізавана адмысловае свята, будуць працаваць дзяцячыя пляцоўкі.

Рыцараў збяруць у Астрашыцкім гарадку

Бліз Мінску 19-21 жніўня арганізуюць рэканструкцыю сапраўднага бою.

Фестываль «Белы замак» мае багатую гісторыю і бярэ пачатак ад 1994 года. «Гэтым разам гледачы і ўдзельнікі акунуцца ў атмасферу самага рамантычнага перыяду ў гісторыі чалавецтва – атмасферу Крыжовых паходаў, у часы годнасці і гонару, глыбокай пашаны да сваіх паненак», – адзначылі арганізатары. Такім чынам, гледачы ўбачаць пешы рыцарскі турнір, конкурс касцюмаў і сярэднявечнай моды, спаборніцтвы лучнікаў, конкурс пастановачных паядынкаў, бугурты (масавыя бітвы), канцэрты менестрэляў і трубадураў. Запланавана выступ­ленне музычных калектываў: «Аляк­сандра і Канстанцін» і «Ірдарат». Кульмінацыяй стане конны рыцарскі турнір.

Падрыхтавала Адар’я ГУШТЫН

https://www.traditionrolex.com/8