https://www.traditionrolex.com/8
<p>«ТиО» зазірнуў у гісторыю беларускіх помнікаў культуры і архітэктуры.</p>

«ТиО» зазірнуў у гісторыю беларускіх помнікаў культуры і архітэктуры. 

Частка другая

Заканчэнне. Пачатак у № 34

Адар’я ГУШТЫН

Мінулым разам мы разгледзелі пяць гістарычных помнікаў і тое, які лёс напаткаў іх з «новымі гаспадарамі». Працягваем вандраваць па Беларусі!

6. Разбурэнне ў Камянецкай Грымячы

6

Сядзіба ў Грымячы размешчана ў выключным турыстычным раёне – на паўночнай ваколіцы вёскі на пагорку ў прыгожым выгіне рэчкі Пульвы. Яна ўяўляе сабой аднапавярховы будынак з мансардавым паверхам, які досыць нядрэнна захаваўся. У інтэр’ерах калісьці былі кафляныя печы з прыгожай ляпнінай. На мансардны паверх вядзе літая вінтавая лесвіца. Захаваліся гаспадарчыя пабудовы – сыраварня, лядоўня, часткова – стайня. Цікава, што апошнім дасавецкім уладальнікам рэзідэнцыі быў гісторык, пісьменнік, паэт Юзаф Эдвард Пузына, які апантана даследаваў княжацкія роды ВКЛ. Сёння ля сядзібы захавалася нават старая брукаванка. Напэўна, гэта адна з найбольш прывабных для інвестараў пазіцый у пераліку «сядзібы на продаж». Перспектывы тут відавочныя: шляхецкі ансамбль збольшага захаваўся і не быў парушаны за савецкім часам «іншароднымі ўварваннямі». Калісьці галоўны спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Леанід Несцярчук загарэўся ініцыятывай стварыць у сядзібе ўласны музей фальваркавага побыту. Але тады да падобных праектаў мясцовыя ўлады ставіліся з насцярогай, як і ўвогуле да перадачы помнікаў спадчыны ў прыватныя рукі. Цяпер будынак разбураецца на вачах: прывабныя будматэрыялы раскрадаюць мясцовыя жыхары.

Сёлета сядзібу выкупіла брэсцкае прадпрыемства па выпуску вокнаў «ВэскоБел». Адна з умоў продажу – аднаўленне комплексу пад турыстычны аб’ект.

Дзе знаходзіцца: в. Грымяча, Камянецкі раён

7. Астравецкія багацці

7

У ХІХ стагоддзі вёска Дубнікі была цэнтрам Віленскага павету  і належала памешчыку Мінейку. Непадалёк ад вёскі ў 1878 годзе ён збудаваў сабе двухпавярховы палац. Сапраўдны – з флігелямі, будуарамі, бібліятэкай і нават з танцавальнай заляй. З тыльнага боку палаца ўзніклі дамы з чырвонай цэглы для службы. Тут жа – ляднік з чэсанага каменю і іншыя гаспадарчыя пабудовы. У 1939 годзе пачалася вайна, і пані, якая валадарыла ў сядзібе, разам з дачкой пакінула ўсё сваё багацце і ўцякла ў Польшчу. Мясцовыя дагэтуль памятаюць: «Гаспадары пакідалі ўсё: дабро, мяса, кароў, свіней… Людзі кінуліся рабаваць – уносілі, хто што мог. За лічаныя гадзіны расцягнулі ўвесь маёнтак. А потым пайшла пагалоска, што пані вяртаецца, і людзі сталі адвозіць нарабаванае назад. Яго тут жа перахоплівалі іншыя. Але пані так і не вярнулася».

Адразу пасля вайны ў панскім палацы размяшчалася МТС, потым, у 1955-1956 гадах  стварылі калгасны дом інвалідаў, але і ён праіснаваў нядоўга – у 1961-1962 гадах у былы Дубніцкі палац сталі звозіць хранічных псіханеўралагічных хворых. Не толькі з Беларусі – тут знаходзіліся хворыя нават з Масквы. У часы перабудовы медыцына, як і ўся шматгаліновая дзейнасць краіны, апынулася ў цісках дэфіцыту сродкаў, і было прынята рашэнне ліквідаваць шпіталь. А некалькі гадоў таму прыязджалі спадчыннікі Мінейкі з Польшчы, якія заспелі напаўразбураны дом, што стаіць зараз у запусценні. І толькі часам адзінокія турысты зазіраюць унутр калісьці велічнай сядзібы.

Дзе знаходзіцца: в. Дубнікі, Астравецкі раён

8. Перамены ў сядзібе Мінкевічаў у Жодзішках

8

Былая сядзіба ў вёсцы Жодзішкі належыць да помнікаў архітэктуры барока і сядзібна-паркавага мастацтва. Яшчэ пры сапраўдных гаспадарах яна ўвесь час пераходзіла ад сваякоў да сваякоў. У XVIIІ стагоддзі па ініцыятыве Адама Мінкевіча ў ім заснавалі езуіцкі калегіум. Трэба адзначыць, што ашмянская шляхта, якая панавала на тэрыторыі Жодзішкаў,  у той час падтрымлівала Станіслава Ляшчынскага, і ў 1734 г. маскоўскія войскі ў знак помсты спустошылі павет. Спалены быў і калегіум у вёсцы. Толькі праз дваццаць гадоў – у 1775 г. – віцэ-рэктар Ян Корсак здолеў падступіцца да аднаўлення будынка. Але з прыходам савецкай улады сядзібу чакаў іншы лёс. У  20–30-х гг. тут размяшчаліся ўправа гміны, пошта, прыёмны пакой і школа. Пасля Другой сусветнай вайны будынак калегіума быў прыстасаваны да патрэб дыспансэра для хворых на сухоты, аднак неўзабаве ў выніку пажару будынак быў значна пашкоджаны і адноўлены толькі ў 1949 г. І вось з таго часу па сённяшні дзень у былой сядзібе размяшчаецца абласная псіханеўралагічная бальніца. Пры сядзібе знаходзіцца парк пейзажнага тыпу, які, таксама як і сядзіба, датуецца XVII ст. Тут высаджваюць ліпы, клёны, таполі. Варта адзначыць, што ў
1988 г. будынак сядзібы і парк былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі як помнікі рэспубліканскага значэння.

Дзе знаходзіцца: в. Жодзішкі, Смаргонскі раён

9. Веліч і слава Дукоры

9

Палацава-паркавы комплекс Гарцінгаў, які зараз знаходзіцца ля Мар’інай Горкі,  уваходзіў у склад уладанняў князёў Сапег. Затым сядзіба пераходзіла Завішам, Агінскім. У апошняга прадстаўніка роду Агінскіх гетмана Міхала Казіміра не было нашчадкаў, таму графская сядзіба цалкам (тады ў яе склад уваходзілі і суседнія Смілавічы) перайшла да арандатараў Станіслава Манюшкі (дзеда вялікага кампазітара) і Францішка Ашторпа (сына асеўшага некалі на Беларусі шведскага салдата). У хуткім часе арандатары разбагацелі, зямля давала прыбытак, тады яны выплацілі нашчадкам грошы і сталі паўнапраўнымі ўладальнікамі маёнтка. У 1791 г. новыя гаспадары падзялілі сядзібу даволі простым спосабам – кінулі манету. Так, Манюшка атрымаў Смілавічы, а Ашторп – Дукору. Добрае веданне гаспадаркі, уменне кіраваць дапамаглі Францішку Ашторпу стварыць прыбытковую сядзібу. У канцы XVIII ст. тут будуецца палац, закладваецца парк. Шляхта ў падзяку за пышныя дукорскія балі абрала сына Ашторпа, Лявона, мінскім губернскім маршалкам, якім ён з’яўляўся на працягу многіх гадоў.

Для забавы гасцей у сядзібе ўтрымлівалі цырк і аркестр. Прыслуга ў двары была амаль каралеўскай –каля ста чалавек. Уладальнік меў атрад целаахоўнікаў. Жыццё ў Дукоры адрознівалася знешнім бляскам і нябачанай раскошай. У свой час палацава-паркавы комплекс маляваў знакаміты Напалеон Орда (гл. фота). У 1918 годзе палац «прыстасавалі» пад школу, але ў гады Другой сусветнай вайны яго моцна разбурылі. І ў 1960-я тут быў новы будынак школы.

Былую веліч і славу Дукоры вырашыў аднавіць Іван Гумоўскі, прадпрымальнік з Мар’інай Горкі. Ён плануе аднавіць флігель, браму, расчысціць алеі і пачысціць сажалку. Таксама ў бліжэйшых планах – будаўніцтва карчмы.

Дзе знаходзіцца: в. Дукора, Пухавіцкі раён

10. Гонар Пастаў

IMG_9736

У Паставах імя Тызенгаўза вядома кожнаму – менавіта дзякуючы гэтаму дзеячу невялікае рыбнае мястэчка ў XVIII ст. ператварылася ў горад з культурнымі аб’ектамі і традыцыямі. Цяпер адной з самых галоўных славутасцяў Пастаў з'яўляецца палац Тызенгаўза, будаўніцтва якога вялося з 1788 і ўсю 1-ю палову XIX ст. У архітэктуры велічнага палаца відавочна прасочваюцца характэрныя для класіцызму асаблівасці: шасцікалонны порцік, П-вобразная планоўка і дэкараваныя фасады. На жаль, на сёння вялікая частка інтэр’ераў не захавалася, а ўнутраная планіроўка была цалкам перароблена. Зараз у палацы знаходзяцца медыцынскія ўстановы. Вакол раскінуўся парк, які быў закладзены ў XVIII ст. і займае плошчу каля 10 га. Парк уяўляе сабой змешаную кампазіцыю – экзатычныя расліны ў дэкаратыўных групах, рэшткі старых ліпавых алей і таполяў. Дарэчы, у пачатку года Еўрасаюз выдзеліў больш за 170 тыс. еўра на рэстаўрацыю палаца. Па словах галоўнага ўрача райбальніцы, якая размяшчаецца на тэрыторыі палаца, Уладзіміра Чакавога, выдзеленыя грошы пойдуць на расчыстку і рэстаўрацыю скляпоў, якія ўяўляюць сабой разгалінаваную сетку хадоў і пераходаў.

Невялікая частка падзямелля ўжо пераабсталяваная пад кафэ «У Антонія», якое карыстаецца попытам у пацыентаў бальніцы і турыстаў. У будучым тут размесцяцца таксама музейныя экспазіцыі. Па плане праца пачнецца з наступнага года. Да 2014 года вырашана перавесці ў іншае месца два аддзяленні бальніцы і цалкам вызваліць палац для адкрыцця тут філіяла раённага краязнаўчага музея. Дарэчы, у свой час на захаванне помніка гісторыі культуры Пастаўская цэнтральная раённая бальніца атрымала грант ЮНЕСКА.

Дзе знаходзіцца: г. Паставы

У матэрыяле выкарыстаны фотаздымкі Сяргея Плыткевіча і generation.by.

https://www.traditionrolex.com/8