Як паведамляе TUT.BY:
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аб’явіла конкурс на стварэнне эскізных праектаў помніка Міндоўгу ў Навагрудку. Мэтай конкурсу з’яўляецца пошук найбольш выразнага вобраза легендарнага князя Міндоўга, асоба якога сімвалізуе глыбокія гістарычныя традыцыі існавання беларускай дзяржаўнасці.
Стварэнне помніка князю Міндоўгу ў Наваградку – адным з самых старажытных культурна-гістарычных цэнтраў Беларусі – стане значнай падзеяй у культурным жыцці краіны, а таксама яркім сведчаннем шматвяковай гісторыі беларускай дзяржаўнасці.
Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і ўстанова адукацыі «Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў».
Заяўка для прыняцця ўдзелу ў конкурсе падаецца ў Міністэрства культуры па 10 лютага 2012 г. уключна.
Конкурсныя матэрыялы павінны быць прадстаўлены аўтарамі 10 лютага 2012 г. не пазней 17.00 гадзін у галерэю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Конкурсныя матэрыялы будуць разгледжаны журы не пазней 1 сакавіка 2012 г.
Пераможца конкурсу атрымлівае права на стварэнне помніка.