«Басовішча-2012» пад пагрозай: няма грошай і арганізатараў

Як паведамляе рэсурс generation.by, фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча», які адбываўся ўжо болей за 20 гадоў, сёлета пад сур’ёзнай пагрозай адмены. Польскае міністэрства, што раней выдзяляла грошы на фэст, вырашыла адмовіць у падтрымцы яго заснавальнікам і традыцыйным арганізатарам з-за хібаў са справаздачнасцю.

Скандал з нагоды небяспекі адмены штогадовага фестывалю «Басовішча» абмяркоўваецца ў польскіх СМІ з пачатку года. Прычынай стала адмова ў падтрыманні заяўкі арганізатараў на фінансаванне 23-га фэсту. Міністэрства адміністрацыі і інфарматызацыі адмовілася выдзеліць «Беларускаму аб’яднанню студэнтаў у Польшчы» 150 000 злотых (каля 44 тыс. долараў). Як паведамляе беластоцкае выданне Gazeta.pl, прычынай міністэрства назвала нядобрасумленнае стаўленне арганізатараў да фінансавых справаздач.

У той жа час старшыня БАС Кася Кузьміч адрэагавала на гэту інфармацыю заявай, што яны не здадуцца і будуць шукаюць іншыя магчымасці для фінансавання. 

Рашэнне па адмове па заяўцы БАСу ад міністэрства канчатковае. Аднак прымаючы да ўвагі праблемы заяўніка і выключную важнасць фэсту для развіцця культурнай самабытнасці беларускай меншасці ў Польшчы міністэрства вырашыла правесці асобны адкрыты конкурс сярод мясцовых арганізацый на правядзенне рок-фестывалю. БАС у сваю чаргу адзначыў, што прыме ўдзел і ў гэтым конкурсе і дзеля гэтага будзе шукаць дасведчанага партнёра, які дапаможа ім у арганізацыі.

Сваю дапамогу ў правядзенні фэсту ўжо агучыў дырэктар оперы і філармоніі Рабэрта Скалмоўскі. На мінулым тыдні ён сустрэўся з прадстаўнікамі мясцовых беларускіх таварыстваў. Гаворка ішла пра ўратаванне фэсту і магчымасці дапамогі арганізатарам: правядзенне некалькіх фестывальных імпрэз у амфітэатры і дапамогу ў лагістыцы ды бухгалтэрыі.

«Опера працягнула нам руку. Нам патрэбны дапамога і партнёры, а гэта сур’ёзная і аўтарытэтная ўстанова. Калі ёсць магчымасць уратаваць фестываль, дык чаму б ёю не скарыстацца?», — пракамэнтавала Кася Кузьміч, галоўная арганізатарка двух апошніх «Басовішчаў».

«Басовішча» — унікальны беларускі музычны фестываль, які ўжо болей за 20 год ладзяць розныя пакаленні студэнтаў беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, згуртаваных у «Беларускае аб’яднанне студэнтаў». Назва фэсту паходзіць ад абрэвіятуры арганізацыі — «БАС». Праз тое, што фестываль рабіўся студэнтамі, пакаленні якіх змяняюцца рэгулярна, музыкі і журналісты часта выказвалі заўвагі і парады да арганізацыі імпрэзы. Часам заўвагі ўлічваліся, аднак праз пэўны час недахопы паўтараліся. Тым не менш «Басовішча» застаецца адной з самых знакавых культурных падзей для беларусаў Падляшша і самым вялікім фестывалем беларускай незалежнай музыкі.