На сядзібе Дамейкаў у Сітцах, што ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, часткова разабраны лямус – старадаўняя гаспадарчая пабудова, паведамляе рэсурс
Карэспандэнт «Вестак» пабачыў гэта 8 мая, калі наведваў сядзібу. На гэты момант цалкам разабраны дах і верхні, драўляны, ярус лямуса. Ніжні, цагляны, пакуль яшчэ стаіць.
Тое, што засталося ад лямуса ў Сітцах. Фота Кастуся Шыталя, 8 мая 2012 года
Найбольш ранні малюнак, на якім адлюстраваны сітцаўскі лямус, датаваны 1805 годам. Лямус прадстаўлены як двухпавярховы будынак з чатырохскатным дахам. Другі паверх яго апаясвала галерэя, а на даху быў прымацаваны шпіль. Можна меркаваць, што лямус быў узведзены ў XVIII – пачатку ХІХ стагоддзя.
Будынак лямуса бачны справа ўнізе. Малюнак з архіву Сітцаўскай сярэдняй школы
На думку старшыні Таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча, які аглядаў будынак, драўляныя канструкцыі маглі быць замененыя пасля Другой сусветнай вайны. Тым не менш лямус да апошняга захоўваў выгляд, блізкі да першапачатковага. На фотаздымках, зробленых некалькі год таму, бачныя нават бэлькі, якія калісьці трымалі падлогу галерэі.
Лямус. Фота Кастуся Шыталя, 28 мая 2006 года
Лямус. Злева бачныя бэлькі, на якіх трымалася падлога галерэі. Фота Кастуся Шыталя, 28 мая 2006 года
Сядзіба ў Сітцах упершыню згадваецца ў 1567 годзе як уласнасць магнацкага роду Хадкевічаў. У XVII–XVIII стагоддзях належала Бжастоўскім. У 1798 годзе Сітцы сталі ўласнасцю роду Дамейкаў. Адзін з уласнікаў – Тадэвуш Дамейка – быў родным дзядзькам Ігната Дамейкі. Геральдыст Адам Банецкі пісаў, што Ігнат быў ахрышчаны ў касцёле ў Параф’янаве, таму некаторыя краязнаўцы мяркуюць, што славуты навуковец і нацыянальны герой Чылі мог быць народжаны ў Сітцах.
На сённяшні дзень ад сядзібы засталася барочная ўязная брама, калоны ад порціку палаца, некалькі будынкаў XVIII–ХХ стагоддзяў, агароджа і парк.