https://www.traditionrolex.com/8
<p>Калі збіраешся ў паход самастойна, пракладваць маршрут таксама давядзецца самому. Гэтак жа, як і клапаціцца пра неабходны рыштунак. А калі адпачыць на прыродзе хочацца, а займацца такімі клопатамі — не? Турфірмы прапануюць кліентам, напрыклад, схадзіць у водны паход выхаднога дня, а сапраўдным аматарам адпачынку на вадзе — у тыднёвы водны паход. Адной з асноўных пераваг водных паходаў з'яўляецца магчымасць у поўнай меры сумясціць усе вартасці адпачынку на прыродзе з лёгкай фізічнай нагрузкай</p>

Хутка лета прыйдзе да свайго лагічнага заканчэння. Амаль усе, хто хацеў адпачыць на моры ці ў іншых далёкіх вандроўках, гэта зрабілі і паспелі вярнуцца назад. Але засталося яшчэ трошкі часу, які грэх бавіць у кампаніі канапы і тэлевізара. Лепш правесці рэшткі лета весела і карысна — напрыклад, пайсці ў паход. Гэта адзін з найбольш займальных відаў адпачынку — як карпаратыўнага, так і сямейнага.

Толькі як быць, калі жаданне ёсць, а рэчаў для паходу няма? «Звязда» прапаноўвае найбольш дзейсныя варыянты для тых, хто вырашыў сабраць усё неабходнае, на прыкладзе сталіцы.

Калі маеш сто сяброў...

Не выключана, што ў вашых знаёмых ці сваякоў можа знайсціся сёе-тое з неабходнага — палатка, спальны мяшок, турысцкі дыванок ці кацялок. Гэта ідэальны варыянт, калі вы толькі хочаце паспрабаваць сябе ў якасці турыста і рыштунак вам патрэбны толькі на адзін раз. Да таго ж гэты спосаб хутчэй за ўсё будзе бясплатным для вашай кішэні.

Але ёсць у яго і свае мінусы. Па-першае, браць давядзецца тое, што дадуць, — у сэнсе выбар будзе не такі вялікі, як у краме. Па-другое, невядома, у якім стане рэчы трапяць да вас, гэта залежыць толькі ад гаспадароў. Апантаных заўзятараў такога віду адпачынку, якія мелі б абсалютна ўвесь патрэбны турыстычны рыштунак, не так ужо і шмат, таму хутчэй за ўсё давядзецца апытаць шмат сяброў: што ў каго ёсць. У такой сітуацыі сапраўды спатрэбіцца не сто рублёў, а сто сяброў.

Уласны спальнік — бліжэй да цела

Гэта варыянт для тых, хто вырашыў больш сур'ёзна паставіцца да паходу. У тым сэнсе, што хацеў бы і ў наступным годзе раз-пораз адпачываць такім чынам на прыродзе. Выбар турыстычных тавараў у крамах сёння даволі шырокі, таму кожны зможа лёгка абраць менавіта тое, што патрэбна.

Што тычыцца цэн, то яны вагаюцца ў залежнасці ад матэрыялу, месца продажу і краіны-вытворцы. Напрыклад, у ГУМе турыстычны дыванок ёсць і айчынны, і кітайскі. Адрозніваюцца яны таўшчынёю і памерам, матэрыял паўсюль аднолькавы — поліэстэр. Самы танны каштуе каля 40 тысяч рублёў, а калі хочацца абраць больш цёплы варыянт, давядзецца заплаціць 60–80 тысяч.

Палаткі беларускай вытворчасці — ад 900 тысяч за двухмесны варыянт. Спальны мяшок для аднаго чалавека абыдзецца дзесьці ў 200 тысяч, а калі вы плануеце купіць для падарожжа веласіпед, то рыхтуйцеся заплаціць яшчэ як мінімум паўтара-два мільёны за адзінку тавару. Як бачым, нават агульны агляд паказвае: усё адразу купіць будзе дарагавата, асабліва калі ў паход сабралася вялікая сям'я. Таму ёсць яшчэ выйсце...

Выручыць «пракатны» варыянт

У пункце пракату можна ўзяць палатку, спальныя мяшкі, турысцкія дыванкі, мангалы для гатавання шашлыкоў, барбекю, кацялкі — фактычна ўсё, што можа спатрэбіцца. Так, пракат палаткі на два месцы абыдзецца вам у 15–25 тысяч рублёў у суткі. Палатка на траіх будзе каштаваць ад 25 да 35 тысяч рублёў, на чатырох чалавек — 45 тысяч рублёў.

Пракат турысцкіх дыванкоў — 8 тысяч рублёў у суткі, спальнага мяшка —10 тысяч. Можна ўзяць напракат і мангалы з кацялкамі.

Для арэнды звычайна патрэбны дакументы, якія сведчаць асобу (правы кіроўцы, пашпарт). Згодна з правіламі, маёмасць неабходна вярнуць у пэўны тэрмін. Калі кліент хоча падоўжыць час пракату, то яму неабходна паведаміць пра гэта па тэлефоне загадзя.

Таксама лёгка можна знайсці фірму, якая займаецца пракатам веласіпедаў на суткі ці на некалькі гадзін. Кошт залежыць ад маркі. Напрыклад, адна з самых танных будзе каштаваць 80 тысяч у суткі, за гадзіну — 25–30 тысяч.

Цікава, што нават «у сезон» знайсці інвентар не так ужо і складана: амаль у любой фірме вам прапануюць выбар палатак, па якія можна прыехаць адразу пасля размовы.

Актыўны адпачынак «з дастаўкай»

Калі збіраешся ў паход самастойна, пракладваць маршрут таксама давядзецца самому. Гэтак жа, як і клапаціцца пра неабходны рыштунак. А калі адпачыць на прыродзе хочацца, а займацца такімі клопатамі — не? Турфірмы прапануюць кліентам, напрыклад, схадзіць у водны паход выхаднога дня, а сапраўдным аматарам адпачынку на вадзе — у тыднёвы водны паход. Адной з асноўных пераваг водных паходаў з'яўляецца магчымасць у поўнай меры сумясціць усе вартасці адпачынку на прыродзе з лёгкай фізічнай нагрузкай.

Кліентам абяцаюць дастаўку камфартабельным аўтобусам да месца пачатку сплаву, забяспечыць байдаркамі, паходным рыштункам. Але і кошт тура — 900 тысяч рублёў. Сюды ўваходзяць арганізацыйныя выдаткі, харчаванне тры разы на дзень, страхоўка, арэнда рыштунку і забаўляльная праграма.

Спадзяёмся, што аматары актыўнага адпачынку знойдуць варыянт для сябе і, пакуль спрыяе надвор'е, паспеюць яшчэ адпачыць на прыродзе.

Настасся ХРАЛОВІЧ

https://www.traditionrolex.com/8